На Магілёўскім рубяжы

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Сёння ў рубрыцы “Сэлфі: творца пра твор” жывапісец Уладзімір Уродніч распавядае пра сваю новую карціну “Вогненны Днепр 1941-га”.

/i/content/pi/cult/591/13135/15-1.jpg— На ўзорах гераізму ў часе Вялікай Айчыннай вайны выхавана не адно пакаленне беларусаў. І, нягледзячы на тое, што сёння многія ідэалагемы савецкай эпохі патрапілі пад крытычнае асэнсаванне, стаўленне да тых падзей у большасці беларусаў застаецца нязменным. Запатрабаваная гэтая тэма і ў сферы патрыятычнага выхавання. Асабліва калі гаворка ідзе пра вайскоўцаў нашых Узброеных Сіл. Арміі проста неабходныя ўзоры гераізму далёкіх продкаў і блізкіх да нас па часе дзядоў і бацькоў.

Мяне як чалавека і мастака заўжды цікавіў самы трагічны, пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай. Мяркую, што ён дагэтуль недастаткова асветлены і асэнсаваны. Канстанцін Сіманаў пісаў, што менавіта пад Магілёвам ён зразумеў, а хутчэй — адчуў, што, нягледзячы на імклівы наступ сіл вермахта, усё адно пераможам, вайна ўсё адно скончыцца ў Берліне перамогай СССР. Абарончыя баі лета і восені 1941 года неяк аказаліся ў ценю бітвы пад Масквой, калі да канчатковай перамогі было яшчэ вельмі далёка, але нямецкі “бліцкрыг” рэальна пацярпеў паразу. Зразумела, што больш цікава казаць пра тое, як спынілі варожы наступ, а не згадваць, колькі нашай зямлі ў выніку гэтага наступу аказалася пад нямецкай акупацыяй. Адзін расійскі пісьменнік, які грунтоўна даследаваў Сталінградскую бітву, напісаў пра яе дакументальна-мастацкую кнігу, прызнаваўся: усё адно не можа зразумець, як немцы маглі дайсці да Волгі… Вось і маштабы катастрофы Чырвонай Арміі і Савецкай дзяржавы летам-восенню 1941 года цяжка зразумець і вытлумачыць.

А між тым, менавіта ў Беларусі вораг упершыню сустрэў арганізаваны і дзейсны адпор. Прычым, часці Чырвонай Арміі не толькі абараняліся, але часам і пераходзілі ў контратакі, адкідваючы ворага на дзясяткі кіламетраў ад лініі супрацьстаяння. Ужо быў узяты Смаленск, але стаяў Магілёў. Амаль месяц доўжылася ягоная абарона. Тут былі скаваныя вялікія сілы немцаў, патрэбныя ім на маскоўскім напрамку. Гэта сражэнне я вывучаў па музейных матэрыялах, па таму ж Сіманаву, ездзіў на Буйніцкае поле. Напачатку мне хацелася напісаць кіраўнікоў абароны горада. Але потым вырашыў засяродзіцца на простых салдатах, што ідуць у атаку, бо менавіта яны найлепшым чынам увасабляюць народ, які паўстаў на абарону Радзімы. Пры гэтым, на маёй карціне ёсць канкрэтныя гістарычныя асобы.

Зноў вяртаючыся да кантэксту вялікіх бітваў 1941 года на тэрыторыі Беларусі, скажу, што, магчыма, іх недаацэненасць у савецкай (і, адпаведна, беларускай) гістарыяграфіі была абумоўлена своеасаблівым разуменнем паліткарэктнасці. Абарона Магілёва ці Лепельскі контрудар, вядомы ў гісторыі таксама як танкавая бітва пад Сянно, іншыя ўзоры актыўнага супраціўлення паказваюць, што Чырвоная Армія пры наяўнасці ініцыятыўных камандзіраў магла ваяваць эфектыўна. Але ў 1941 годзе сапраўдных прафесіяналаў у войску было катастрафічна мала, і менавіта гэтая акалічнасць, а не толькі вераломнасць ворага, сталася, бадай, адной з галоўных прычын трагедыі.

У беларускім савецкім мастацтве тэма Вялікай Айчыннай вайны, як вядома, была ў ліку сацыяльна прыярытэтных. Над ёй працавалі выдатныя творцы, і зробленае імі  — залаты фонд нашага мастацтва. Аднак ва ўмовах суверэннай дзяржавы мы маем магчымасць па-новаму, з уласна беларускага гледзішча пераасэнсаваць тыя лёсавызначальныя падзеі. І, не ставячы пад сумнёў факту, што гэта агульная савецкая гісторыя, агульная перамога народаў вялікай краіны, засяродзіцца на беларускім чынніку. Інакш кажучы, мы ў сваіх гістарычных ацэнках можам сёння не азірацца на Маскву.

Але каб выпрацаваць уласна беларускі погляд на гісторыю, даўнюю і блізкую; погляд, які адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, трэба паразуменне і супольная праца творчых саюзаў і органаў улады, у першую чаргу — адказных за фарміраванне дзяржаўнай ідэалогіі. У гэтай справе мог бы вельмі прыдацца творчы патэнцыял нашай Студыі ваенных мастакоў, якія працуюць у даволі складаным, але заўжды запатрабаваным батальным жанры. У нас, у Беларусі, на шчасце, захавалася мастацкая школа, здольная працаваць над творчымі праектамі нацыянальнага маштабу. Новае асэнсаванне Вялікай Айчыннай вайны  — адзін з такіх праектаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"