Аўдыя-відэа-27

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Майскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць гітарыст гурта “Flat” Андрэй ДЗЯМЕНЦЬЕЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/591/13126/8-3.jpgАўдыя

Гурт “Gurreactive”, міні-альбом “приЛИЧНОЕ”

А.: А што ж, цалкам прыстойны рэліз. Сумленны да наіўнасці, гэтым і добры. Чамусьці (ужо і не ведаю чаму) прыгадаўся мой родны, на жаль, спачылы гурт “Калi Юга”. Нешта падобнае мы выконвалі ў 1990-я і мелі некаторы поспех, мабыць. Гітарысты “Gurreactive” пастараліся ад душы, саўнд даволі жорсткі. Песня “Забіваць” наогул па гуку ды падачы прывяла да думкі пра гурт “ZZ Top”. Дык яшчэ трэба ўмець...

Папрацаваць бы з вакалам, але, калі я правільна зразумеў, спявак — дастаткова дарослы спадар, і тут ужо “што вырасла, тое вырасла”, або так: “разумнага вучыць — толькі псаваць”. Урэшце, некаторыя шурпатасці ў інтанаванні могуць быць нейкай аўтарскай нарыхтоўкай. Як там у Стругацкіх — сыдзе за далягляд? Сыдзе. Чацвёрка з плюсам.

В.: Рулiць Магілёў у выглядзе культавага для гэтага горада складу. Гады ды новыя музычныя стылі над Аляксандрам Гурам, лідарам гэтай калабарацыі, не пануюць. Як “рэзаў” ён амаль 20 гадоў таму "рускі рок” дваровага разліву, а-ля ленінградскі рок-клуб або маскоўская рок-лабараторыя часоў іх росквіту з застоем, так і “рэжа”. Што не можа не выклікаць павагі. Уласна, акрамя павагі міні-альбом ніякіх іншых пачуццяў і не выклікае. Ну, можа, песня “Забіваць” чапляе сваім нахабствам ды аголенасцю. Астатняе — тлен, архаіка. Аднак, дапускаю, што ідэя ў тым і заключалася, каб такімі выкананнем ды запісам перадаць тыя рэтра-эмоцыі. Віктар Цой у Гуры ўсё яшчэ жывы, і добра, добра, што не Аніта.

Гурт “Zui”, альбом “Пытанне”

A.: Зухавата! Тэксты некаторых трэкаў (“Супермаркет”, “Тату звольнілі”) прымусілі-такі пакурчыцца — ну нельга ж так з нервовым чалавекам. Інструментал вельмі эклектычны і дае спасылкі да гуртоў “Калібры”, “Мегаполіс”, да Эні Ленакс (так-так!) ды ледзь не да Б’ёрк. Голас — проста бальзам на душу: такіх чыстых ды дасканалых вакальных прагрэсій даўно не даводзілася слухаць. Не скажу, што я пачаў бы слухаць гэты альбом у машыне, аднак, каб меўся дыск дома на паліцы, пры пэўным настроі я яго абавязкова ставіў бы ды прайграваў. Улічваючы, што музыку слухаю вельмі рэдка (чукча не чытач, чукча — пісьменнік), гэта нешта ды значыць.

B.: У праекце былога ўдзельніка гурта “Дзецідзяцей”, цяперашняга музыканта каманды “ili-ili” ды акцёра Купалаўскага тэатра Міхаіла Зуя занятыя трое яго калегаў і двое з бэнда “Нагуаль” (у тым ліку яго ідэолаг Леанід Паўлёнак). А лідар-вакалісткай выступае жонка Міхаіла — Алена Зуй-Вайцяхоўская. Альбом — гэта такі гібрыд, сумесь “Дзецідзяцей”, “Sounduk”, “ili-ili” ды нават крышачку “Сярэбранага вяселля”. Сур’ёзная ды наіўная ў тэкставым дачыненні, з жыццём у розных яго праявах — глабальных ды ўтылітарных, немудрагеліста ды міла аранжыраваная работа.

Праект “Рэхам”, альбом “Памяці фрагменты”

A.: Для мяне гэты кірунак — цёмны лес, адсутнасць якой-небудзь канкрэтыкі палохае. Аднак трэба прызнаць, што гучанне вельмі прыемнае і несумненна шматлікім прыйдзецца па гусце. Па кожным трэку праходзіцца я не бачу сэнсу з-за недастатковай кампетэнтнасці ў гэтым музычным стылі, можна хіба адзначыць некаторую схільнасць да сімфанізму, што надае фундаментальнасці, а такому напоўненаму кіслародам матэрыялу гэта толькі на карысць. Куды лепш пра гэта мог бы распавесці (а заадно і даць адэкватную ацэнку) які-небудзь Клаўс Шульцэ або Браян Іна. Я ж толькі прызнаю, што пад такую музыку вельмі прыемна ды карысна займацца дыхальнай гімнастыкай і, магчыма, ёгай.

Паверце, у мяне няма намеру здзекавацца, проста, паўтаруся, я не зусім кампетэнтны ў гэтым жанры, і ацаніць дадзены альбом магу толькі павярхоўна. Якасць матэрыялу вельмі добрая, “частотка” вельмі ўдала збалансавана, што тут скажаш, а зрэшты, інакш і быць не можа з музыкай, якая заснавана на частотных ды тэмбравых мадуляцыях. Неяк так.

B.: Пад “рэхам” схаваны нейкі музыкант, які валодае псеўданімам Openaiid. Як сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, што анансуе прадукт, “новы праект вылучаецца перш за ўсё музычна. На змену трып-хопу ды драм-н-бейсу прыйшоў атмасферны эмбіент, разведзены меладычным ды больш мяккім нойзам, упрыгожаны ўкрапваннямі шугейза”. Як вы зразумелі, у прынцыпе, мне дадаць да гэтага пасылу асабліва і няма чаго. Калі ў вас маецца сталае жаданне сістэматычна адслухоўваць кампазіцыі даўжынёй хвілін па 9 — 17, то гэта работа для вас.

Відэа

#endeni, кліп на песню “Той самы момант”

А.: Вельмі нетрывіяльны і ад гэтага цікавы трэк. Відэашэраг таленавіты, нягледзячы на “ бюджэтнасць”. Мiнiмалiстычная інструментоўка “сыграла”, усё слушна, з такім матэрыялам інакш і не трэба. Рэп з характэрным “прыдыхам” гучыць даволі арыгінальна, а пранізлівы па сэнсе, хай і не ідэальны па форме, тэкст проста зачароўвае і дае падставы меркаваць, што аўтар кажа пра нешта глыбока асабістае.

Па гукарэжысуры — голасу можна было б надаць “жалеза”, хоць чорт яго ведае, усё ж — лірыка... Інструментал не чапаем, там усё “ў масць”, прыгожы ды вельмі дарэчны барабанны малюнак (можа быць, ледзь-ледзь не хапае якога-небудзь басовага падгуку, але гэта не догма), дысканты таксама не падвялі, словам, я — “за”. Абедзвюма рукамі!

В.: Дзівацтваў не злічыць у нашым свеце. Вось адно з іх, наўпрост з Гомеля. Мясцовы рэпер #endeni ды тыя, хто прымаў удзел у здымках дадзенага кліпа, больш за 15 гадзін правялі лежачы на падлозе аднаго з тамтэйшых дамоў культуры. Усё гэта было задумана ды ажыццёўлена, мабыць, для таго, каб атрымаўся эксклюзіў, якi найбольш поўна адлюстроўвае змест кампазіцыі. У роліку герой высвятляе адносіны з дзяўчынай, ажно матылі пырхаюць, потым, як заведзена, яна яго кідае, але хлопец не здаецца ды пераадольвае перашкоды на шляху да вяртання сэрца паненкі. Але, на жаль, і ў кліпе, і ў трэку пачуццё да красуні не вярнулася.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"