Пра супрацу — у палацы Радзівілаў

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся на гэтым тыдні, вылучаўся асаблівай увагай да гуманітарных аспектаў. Пасяджэнне адной з яго секцый, “Беларуска-расійскае гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст”, прайшло 7 чэрвеня ў знакамітым Нясвіжскім палацы. Высокія госці, большасць з якіх пабывалі там упершыню, не хавалі свайго захаплення ад убачанага і пачутага падчас экскурсіі. Ды і барочныя інтэр’еры колішняй Тэатральнай залы стварылі выдатнае атачэнне для абмену ідэямі ў сферы культурнага супрацоўніцтва.

/i/content/pi/cult/590/13118/2-2.jpgЯк адзначыў падчас адкрыцця пасяджэння намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Расіі па навуцы, адукацыі і культуры Сяргей Рыбакоў, надзвычайная ўвага на Форуме да гуманітарнай сферы сведчыць пра ўсведамленне яе ролі ў наладжванні міждзяржаўных кантактаў. Па словах міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, выбудоўваць гэтае супрацоўніцтва не трэба: “Мы даўно ўжо ім жывем”. Сведчаннем таму — і падпісаныя на высокім узроўні пагадненні, і традыцыя правядзення абменных дзён культуры. У той самы час, на пасяджэнні секцыі асабліва падкрэслівалася роля не толькі міждзяржаўнага, але таксама і гарызантальнага супрацоўніцтва, якое б уключала ў сумесныя праекты канкрэтныя ўстановы культуры. Даволі сімвалічным актам стала падпісанне цэлага шэрагу пагадненняў паміж апошнімі, якое завяршала праграму мерапрыемства. І не выпадае сумнявацца ў тым, што гэты спіс будзе доўжыцца і ў будні.

Пытанне турызму на пасяджэнні было актуалізавана зусім невыпадкова. Справа ў тым, што ў няпростым з фінансавага пункту гледжання мінулым годзе назіраўся спад плыняў у абодвух напрамках. Як адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Міхаіл Партной, дзякуючы аператыўна зробленым захадам сітуацыю ўдалося выправіць ужо сёлета, але… Наўрад ці выпадае сумнявацца ў тым, што патэнцыял тут пакуль далёка не вычарпаны. Таму гаворка вялася і пра сумеснае прасоўванне дзвюх краін на трэціх рынках, і пра развіццё дзіцячага турызму, і пра стварэнне ў Беларусі і Расіі інфраструктуры для караванінгу — перспектыўнай галіны, развіццё якой у нашых краінах пакуль прабуксоўвае.

Як адзначыла намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Ала Манілава, прыспеў час не толькі вырашыць канкрэтныя праблемы, але і ў цэлым вывесці супрацоўніцтва ў сферы турызму на новую арбіту. Яна пераканана ў тым, што Беларусь можа быць цікавая расіянам не толькі сваімі санаторыямі (а менавіта гэты від турызму імі сёння найбольш запатрабаваны), але і гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Галоўная праблема — брак інфармацыі — часткова вырашальная дзякуючы ўключэнню беларускіх аб’ектаў у тыя базы адметнасцяў, што распрацоўваюцца ў Расіі.

Адзін з праектаў, які абмяркоўваўся на пасяджэнні, выглядае інавацыйным: стварэнне міждзяржаўных турыстычных маршрутаў для школьнікаў па мясцінах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Між тым, старажылы абавязкова прыгадаюць: нешта падобнае ўжо было за савецкім часам, калі да такіх аб’ектаў, як Хатынь альбо Курган Славы, прыязджалі экскурсійныя аўтобусы ці не з усёй “шостай часткі сушы”. Стварэнне (альбо аднаўленне) адзінай сеткі маршрутаў, якая б аб’ядноўвала знакавыя аб’екты, прысвечаныя падзеям мінулай вайны, зможа вярнуць ім колішнюю колькасць наведванняў.

Зразумела ж, прысвечанае культурнаму турызму пасяджэнне не магло абмінуць увагай супрацоўніцтва ў музейнай галіне. На думку дырэктара музея-запаведніка “Міхайлаўскае” Георгія Васілевіча, яно павінна стаць больш сістэмным: не лішне было б планаваць канкрэтныя захады не толькі ў блізкай перспектыве, але таксама і на 3 — 5 гадоў. А ў адказ на агучаную ідэю аб правядзенні фестывалю музейнага кіно Барыс Святлоў адразу прапанаваў зладзіць яго праз два гады — у рамках чарговага форуму “Музеі Беларусі”. Увага на пасяджэнні была нададзена таксама і юрыдычным аспектам музейнай справы — у прыватнасці, праблеме страхавання твораў мастацтва, на якую звярнуў увагу генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.

Нямала сумесных ініцыятыў прапаноўвалася таксама ў бібліятэчнай і выдавецкай сферах. Гутарка вялася як пра актуальныя праблемы — неабходнасць дасылаць абавязковы асобнік друкаванай прадукцыі ў цэнтральныя бібліятэкі Саюзнай Дзяржавы, спрашчэнне доступу да электронных рэсурсаў і нават стварэнне адмысловай беларуска-расійскай электроннай бібліятэкі, — так і пра кніжную мінуўшчыну. У прыватнасці, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі звярнуў асаблівую ўвагу на 500-годдзе выдання “Псалтыра”  — першай друкаванай кнігі не толькі на беларускіх, але і на ўсходнеславянскіх землях. Адным з лепшых спосабаў ушанавання памяці Скарыны магло б стаць факсімільнае перавыданне яго спадчыны — што немагчыма без актыўнага ўдзелу тых расійскіх кнігасховішчаў, дзе цяпер месцяцца арыгіналы. У сваю чаргу, выканаўчы дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Уладзімір Гняздзілаў прапанаваў правесці маштабную выставу кніг Скарыны і прысвяціць гэтай постаці наступныя Румянцаўскія чытанні ў Маскве.

На пасяджэнні гутарка вялася і пра беларуска-расійскія кінапраекты. Як нагадаў Барыс Святлоў, карані гэтага супрацоўніцтва сягаюць яшчэ ў даўнія часы, а адным з яго вынікаў стаў прызнаны шэдэўр сусветнага кіно “Ідзі і глядзі”. А тая паўза, што ўтварылася пасля першага “важкага” прыкладу міждзяржаўнай копрадукцыі ў цяперашнюю эпоху — выхаду “Брэсцкай крэпасці” — неўзабаве будзе парушана. На сёння ў планах два фільмы. Адзін з іх прысвечаны палітычнаму дзеячу Аляксею Грамыку, а другі — падзеям у канцлагеры “Сабібор”, дзе былі арганізаваны адзіныя за ўсю вайну масавыя ўцёкі ваеннапалонных. У той жа час, акцёр і прадзюсар Ігар Угольнікаў падзяліўся на пасяджэнні і яшчэ адной даўняй ідэяй — зняць сумесны фільм пра Янку Купалу.

Як адзначыў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы мастацкай адукацыі развіваецца вельмі плённа, а тыя праблемы, якія часам паўстаюць, вырашаюцца ў працоўным парадку. А прарэктар Расійскай акадэміі музыкі Дзіна Кірнарская нават паэтычна акрэсліла вымярэнні такога супрацоўніцтва, якое, па яе словах, развіваецца і ў вышыню, і ў шырыню, і ў глыбіню.

Як запэўніў Сяргей Рыбакоў, агучаныя прапановы будуць вывучаныя і аформленыя пратаколам. Што да самога парламентарыя, яму найперш цікавы беларускі досвед у заканатворчай сферы. У прыватнасці, Кодэкс аб культуры падаецца яму ўзорам, вартым глыбокага вывучэння і пераймання.

Пасяджэнне ў “гасцях у Радзівілаў” было непрацяглым па часе, але надзвычай насычаным. Прысутныя не сумняваліся, што яно дасць новы імпульс супрацоўніцтву нашых дзяржаў у галіне культуры, якое мае пастаянны, паўсядзённы характар.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Мінск — Нясвіж — Мінск