Постскульптура: рэзкая і рахманая

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Пахаванне скульптуры альбо заклік да яе мадэрнізацыі? Радыкальны нігілізм ці інтэлектуальная іронія? Журналісты “К” дзеляцца сваімі ўражаннямі ад выставы Паўла Вайніцкага “Плюха” і Першага беларускага фестывалю постскульптуры, якія адбыліся ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура.

/i/content/pi/cult/590/13116/9-2.jpgМаніфест як нагода для гутаркі

Здавалася б, век маніфестаў у мастацтве даўно прамінуў. І калі нехта сёння бярэ на сябе амплуа “прарока новай эры”, гэта выглядае альбо як непрыхаванае глупства, альбо, найчасцей, як элемент ролевай гульні, гэткай постмадэрновай “камедыі дэль артэ”. Але выстава-маніфест Паўла Вайніцкага “Плюха”, якая прайшла ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, спалучае характэрную для свайго жанру рэзкасць ды інтэнцыйную сур’ёзнасць з рахманай інтэлігентнасцю і адкрытасцю да дыскусій.

Напрыканцы 1990-х Павел Вайніцкі ўварваўся на арт-сцэну, бы метэор. Ягоныя “Прысвячэнне Пялевіну” (гібрыд унітаза і тэлевізара) і “Аўтапартрэт з птушкай” (бюст у выглядзе клеткі з жывой канарэйкай) сталі сапраўднымі выставачнымі хітамі, чыімі рэпрадукцыямі цалкам можна праілюстраваць энцыклапедычны артыкул пра маладое мастацтва таго часу. І таму выпадала толькі здзіўляцца, чаму гэты плённы аўтар дасюль не парупіўся пра ўласную “персаналку”. Але калі яна ўрэшце адбылася, дык здзівіла яшчэ больш. Замест таго, каб выставіць свой “зэ бэст”, Вайніцкі прадэклараваў маніфест.

Найбольшая яго частка — гэта своеасаблівы “рэдзі мэйд”. У якасці аднаго са складнікаў, аўтар уключыў у свой праект усю экспазіцыю музея Заіра Азгура: сотні гіпсавых партрэтаў, зробленых рукой майстра. Непасрэдны ўнёсак Вайніцкага выглядае на такім тле знарочыста сціпла і нягегла — гэта невялічкі бясформенны кавалак матэрыялу з яўна сумнеўнымі мастацкімі вартасцямі. Уласна, тая самая “плюха”.

Што характэрна для Вайніцкага, выказванне лаканічнае, трапна сфармуляванае. Ён візуалізуе сучасную скульптуру ў выглядзе нейкага наросту, непераканаўчага і не надта абавязковага дадатку да класічнай традыцыі. Ці так яно насамрэч, ці не занадта тут згушчаюцца фарбы? Вядома ж, такія пытанні паўстаюць — і, уласна, у іх з’яўленні аўтар і бачыць увесь цымус. У суправаджальным тэксце падкрэсліваецца, што праект — не безапеляцыйнае сцвярджэнне, а памкненне справакаваць дыскусію. І менавіта ў гэтым адрозненне маніфеста Вайніцкага ад прапановаў скінуць што-кольвечы з парахода сучаснасці, якія пісаліся стагоддзе таму.

Дыскусіі на ўласна мастацкія тэмы ў нашых творчых колах узнікаюць надзвычай рэдка, і замест абвостранай барацьбы стыляў і канцэпцый, характэрнай для мінулых эпох, цяпер пануе ўласцівая для айчыннага клімату “млявасць ды абыякавасць да жыцця”. І менавіта таму гэта правакацыя падаецца карыснай. Больш дакладна, яна магла б стаць такой, каб зачапіла кагосьці за жывое і сапраўды спрычынілася да пачатку дыскусіі. Але пакуль гэтага не назіраецца.

Уласна, праект меў і яшчэ адзін складнік. Паколькі гіпсавая “плюха” яўна ў нечым нагадвае характэрную для авангардыстаў “сітуацыю нуля”, калі анігіляцыя пэўнага мастацкага дыскурсу дасягае сваёй скрайняй ступені (як, напрыклад, голыя сцены галерэі замест выстаўкі альбо цішыня ў якасці музычнага твора), трэба было задаць новы вектар руху. Менавіта таму адкрыццю “персанальнай выставы” наступствавала імпрэза з дзіўнай назвай “фестываль постскульптуры”.

Тэрмін, няцяжка заўважыць, абсалютна новы. Як паказала сама імпрэза, на практыцы ён можа азначаць літаральна ўсё, што заўгодна — перформансы, відэаарт, розныя мультымедыйныя дзеі… І тут інтэнцыя куратара таксама зразумелая — пашырыць дыяпазон аднаго з самых старых і традыцыйных відаў мастацтва, максімальна размыць паняційныя межы скульптуры.

Важная асаблівасць гэтай часткі маніфеста заключаецца ў тым, што яна была ўвасоблена не ў словах, а менавіта ў дзеянні. Кожны са складнікаў невялічкага фэсту быў самадастатковым і вартым асобнай увагі. Адпаведна, у музеі Азгура прайшла нядрэнная па ўсіх параметрах імпрэза, а прыналежнасць кожнага з яе кампанентаў менавіта да скульптуры, ізноў жа, была ад пачатку прызначана выклікаць пытанні.

Але тут і тоілася неспадзяванка. Паколькі публіка была збольшага задаволеная, такіх пытанняў не ўзнікала. Бо зазвычай яны з’яўляюцца ў людзей у тых выпадках, калі яны бачаць перад сабой нейкую поўную нісянеціцу, здатную спарадзіць толькі недаўменне.

Ілья СВІРЫН

Натуральна альбо бездапаможна?

Адзін творца нядаўна сказаў мне: “А што можа прапанаваць аўтар “Плюхі”? Зараз усе павінны рабіць канцэптульныя праекты? Але пройдзе 5 — 10 гадоў, і яны надакучаць…”. Праўда ў гэтых словах, безумоўна, ёсць.

Ці можна твор Паўла Вайніцкага лічыць метафарай смерці скульптуры? Здаецца, не. Невялікі пластыкавы аб’ект, хутчэй, абвяшчае “канец” рэалістычнай скульптурнай эпохі: маўляў, хопіць рабіць адно і тое ж — балазе, Заіра Азгура, Андрэя Бембеля ды іншых выдатных аўтараў тых часоў ужо “не пераплюнеш”. Цяпер — час зусім іншых з’яў, поглядаў, канцэпцый… І, канешне, эксперыментаў. Магчыма, хтосьці ўспрымае гэтую падзею як крык у пустэчу… Але, на маю думку, да “Плюхі” варта адносіцца з гумарам. Не, з сарказмам.

Той раскол, які адбываецца паміж прыхільнікамі акадэмічнага манументальнага мастацтва і адэптамі сучаснай скульптуры, заснаванай на “неадаптаваных” пакуль для нашай свядомасці замежных узорах, падаецца мне з’явай натуральнай, здаровай і адпаведнай нашаму часу. Добра, калі ёсць рух, калі аўтары імкнуцца прыўнесці сваё альбо выказаць уласную пазіцыю.

Вольга РОПАТ

Гэта толькі пачатак…

Першы беларускі фестываль постскульптуры засведчыў: скульптура — гэта не абавязкова манумент у гіпсе, камяні ці дрэве, гэта, перадусім, ідэя, якая можа ўвасобіцца ў чым заўгодна.

Заклік пашырыць рамкі звыклага ўспрыняцця прагучаў менавіта ў сценах музея Заіра Азгура — сапраўдным “бастыёне” таленавітай сацрэалістычнай манументалістыкі. Напэўна, менавіта адсюль і павінны “разыходзіцца колы” новых сэнсаў.

Па сутнасці, кожны з удзельнікаў фестывалю прапаноўваў выхад за паверхні рэчаў і выяваў у аб’ём  — метафары, гуку, дзеяння. Дзесьці тое атрымалася больш пераканаўчым, дзесьці — менш, але сачыць за вядомымі аўтарамі ў гэтым кантэксце было цікава.

“Каменныя гаспадары” музея кідалі абыякавыя позіркі на падзенні Ільі Сіна з групы “Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk”, кожнае з якіх прысвячалася канкрэтнай асобе, а потым, здаецца, яшчэ больш халодна і паблажліва назіралі за спробай публічна ўзвесці яму “помнік пры жыцці”. Помнік уяўляў з сябе нагрувашчванне пластмасавых скрыняў непасрэдна на чалавечым целе. Перформер імкнуўся ўзняцца або хаця б прыстасавацца да пластыкавых “наростаў”, але гэта было фізічна немагчыма…

Такое дзеянне ў атачэнні азгураўскіх манументаў дазваляла праводзіць паралелі паміж эпохамі ды натхняла на выснову, што ў любым з помнікаў чалавека ўбачыць немагчыма. Пахаванню, а не ўсхваленню асобы пад пластмасавай “каростай” акампаніравала відэа Паліны Вялічка з выявамі цялесных пакутаў, а таксама праекцыі, якія ажыўлялі скульптурную галаву Маркса ды “торс” Мусаргскага… Атрымаўся помнік уласнаму смеццю, той рэшце, што канчаткова паглыне жывое.

Канстанцін Мужаў у сваім перформансе зніштажаў вялізную скульптуру з паветраных шарыкаў пад акампанемент візуальнага шуму рэкламных паведамленняў. Дуэль атрымалася напружанай: вялізны бізун, які мастак выкарыстоўваў у якасці зброі, аказаўся супраць такога праціўніка бездапаможным, і Канстанцін стаў самаахвярна ды апантана трушчыць шарыкі аб асфальт сваім аголеным целам. Метафара супрацьстаяння простая, але шматзначная: “паветраны звер” — гэта і пустата спажывецкай культуры, і ўласны фантом, і, таксама, пазбаўленая жыццёвага напаўнення традыцыя…

Творчы дуэт VJ Solar Olga & Pavel Ambiont аднесці да скульптуры было яшчэ складаней. Але тым больш цікавы іх выступ у іншым кантэксце — не на электроннай вечарынцы, а ў музеі. Музыка Паўла і віджэінг Вольгі, спалучаныя ў своеасаблівы аўдыявізуальны перформанс, пераканаўча давялі сваё права звацца “сапраўдным мастацтвам”, утвараючы палілог. У відэа музычнымі акцэнтамі пазначаюцца фігуры ў гарадскім асяродку, але калі выйсці за межы кадра  — палілог адбываецца і паміж скульптурамі музея. Гэта пашырэнне віртуальнай прасторы да прасторы рэальнай, калі медыя задаюць пэўныя правілы гульні і новыя кірункі думак.

Кульмінацыяй фестывалю стала выступленне музыканта Сяргея Пукста, які, развіваючы тэму фармальных трансфармацый, ператварыў фігуру Аўтара ў скульптуру. З дапамогай грыму ён увасобіўся ў адзін з манументаў — накшталт тых, што напаўняюць музейную прастору. Музыкант “ажыў”, калі прагучаў апошні трэк яго альбома “Шлях дадому”,  — невялікай, але складанай п’есы, тканіна якой спалучае музычнае апавяданне з гукамі гораду. Гэты альбом — выдатны прыклад “скульптуры гукавой прасторы”, калі суплёт музычных і шумавых усплескаў, ствараюць шчыльную повязь-морак, кінематаграфічную і адчувальную адначасова.

Бонусам да выступлення Сяргея Пукста стала прэм’ера яго саўнд-трэка да фільма Маі Дэрэн “На беразе”. Як прызнаўся музыкант, сюррэалістычная прастора стужкі вядомай амерыканскай мастачкі з украінскімі каранямі настолькі вольная, што найбольш адпавядае прыродзе музыкі. У выніку, публіка атрымала яшчэ адну форму, дзе ўжо кіно становіцца апрацаваным крышталём думкі, а значыць — візуальнай скульптурай.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст