Дзве перамогі

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Інфармацыя адразу пра дзве перамогі беларускай культуры ў розных краінах прынеслі апошнія дні тыдня. Так, артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа атрымалі 4 узнагароды на VI Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў “LUDI” ў расійскім Арле за пастаноўку заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкага кіраўніка трупы Валерыя Анісенкі "Пахавайце мяне за плінтусам" паводле аўтабіяграфічнай аповесці Паўла Санаева. Лаўрэатам у намінацыі “За лепшую жаночую ролю” стала заслужаная артыстка краіны Тамара Скварцова (інтэрв’ю з ёй — у “К” № 15 за гэты год), спецыяльныя дыпломы журы ў артыстаў Пятра Ламана і Рамана Салаўёва. Дыпломам лаўрэата адзначана і праца мастака-пастаноўшчыка Андрэя Жыгура. Тым часам у рамках кірмашу “Art-Vilnius” у сталіцы Літвы лепшай замежнай галерэяй форуму стала прыватная беларуская Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”. Пра гэта паведаміла "К" з Вільнюса наш сталы аўтар — арт-журналіст Любоў Гаўрылюк.

/i/content/pi/cult/590/13115/9-1.jpg