Падтрымка спецыяліста і кандыцыя брэнда

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Што ведаюць пра Крапіву і Каліноўскага?
І зноў дарога па нас засумавала. А мы — па новых адкрыццях. Словам, карэспандэнты “К” — у чарговым аўтатуры. Гэтым разам вырашылі дабрацца да паўночнай Белавежы. Маршрут абралі праз Ваўкавыскі, Бераставіцкі, Свіслацкі раёны Гродзеншчыны. І збольшага не пашкадавалі. Беларусь — нібыта дзіўная кніга, кожная старонка якой ці не штодня напаўняецца новым зместам. Гэтай кнігай чытаць — не начытацца.

/i/content/pi/cult/590/13111/10-1.jpgШылавічы нас не чакалі

Ехалі па Ваўкавышчыне і разважалі, ці пра гэты Шылавіцкі лес пісаў Уладзімір Багамолаў у сваім шпіёнскім рамане “Момант ісціны“. Інтэрнэт паслужліва падказаў, што вёсак з такой назвай на Беларусі — з паўдзясятка, на Гродзеншчыне — дзве. Наша тапаніміка — справа яшчэ тая!.. А вось і Шылавічы. Яны ўразілі не толькі велічным касцёлам (як нам потым неаднаразова казалі, храм гэты — самы старадаўні ў краі), але і дыхтоўнасцю забудоў мясцовай аграгаспадаркі. Прынамсі, яе новая кантора нагадвае сваім купалам не адміністратыўны будынак, а дзіўную фантастычную абсерваторыю. А вось мясцовыя клуб ды бібліятэка (пад адным дахам) вытанчанай архітэктурнай зграбнасцю не вызначаюцца. У бясстатусных вёсках бываюць на парадак лепшыя. А Шылавічы — аграгарадок!

Марына Паўтарак прыйшла пасля абеду на працу хвілінка ў хвілінку. Яна — мастацкі кіраўнік сельскага дома культуры, а цяпер яшчэ і выконвае абавязкі кіраўніка ўстановы — пакуль дырэктар у дэкрэтным адпачынку. Цікавых задумак у маладога спецыяліста хоць адбаўляй! Гродзенскі каледж мастацтваў і некалькі месяцаў працы ў Шчучынскім гарадскім доме культуры зрабілі сваю справу. Так бы і засталася Марына ў мінулагодняй сталіцы Дня беларускага пісьменства, каб не жыллёвыя клопаты. У Шчучыне таннага жытла не знайсці, а ў Шылавічах жывуць бацькі, што і стала ключавым фактарам у выбары месца працы.

Па спецыяльнасці Марына Казіміраўна мусіць займацца інструментальнай музыкай, вось толькі ў клубнай установе Шылавічаў няма практычна аніякіх інструментаў (расстроенае фартэпіяна немаведама якога года выпуску не ў лік), а таму пра стварэнне музычнага калектыву казаць рана. У СДК няма магчымасці стварыць нават музычны гурток для дзяцей. Афіцыйна. Але юначыя творчыя памкненні абыякавасцю чыноўнікаў так проста не спыніць. Па словах Марыны, дзеці і падлеткі завітваюць у дом культуры, вучацца іграць на сваіх інструментах, выступаюць на вясковых святах. Для справядлівасці адзначым, што пры СДК працуюць танцавальнае, тэатральнае і вакальнае клубныя аб’яднанні.

Няма нараканняў у Марыны на метадыстаў з Ваўкавыска, якія не забываюцца на маладога спецыяліста — і самі прыязджаюць, і на семінары ў райцэнтр запрашаюць. Дзеляцца сцэнарыямі, а таксама сакрэтамі прыцягнення мясцовых жыхароў на клубныя мерапрыемствы. Вельмі актуальна, з улікам таго, што СДК даведзены план па платных паслугах блізу 25 мільёнаў рублёў.

Закранулі пытанне правядзення дыскатэк. У адрозненне ад падлогі танцавальнай залы, на якую без болю немагчыма глядзець, абсталяванне ўсё ж дазваляе іх ладзіць. З улікам таго, што ў Шылавічы прыязджаюць дзі-джэі са Шчучына, моладзь тут збіраецца рэгулярна. І не толькі мясцовая. Завітваюць адпачыць з Ваўкавыска, Росі, Вярэек. Дарэчы, назіраецца тэндэнцыя, калі з райцэнтра ў сельскія ўстановы культуры прыязджаюць на танцы — тут і спакойна, і камфортна, а часам і больш цікава. Наладжана супраца і з мясцовым касцёлам, які, паўтарымся, з’яўляецца славутасцю раёна ды прыцягвае нават замежных турыстаў. У прыватнасці, СДК з вакальнымі нумарамі і тэатральнымі пастаноўкамі ўдзельнічае ў штогадовым фэсце на пляцоўцы перад храмам. Думаем, паболее турыстаў і пасля выхаду ў інтэрнэце чарговай серыі “Падарожжаў дылетанта”, якія выкінулі з эфіру айчынныя тэлеканалы. Серыя, вядома, прысвечана славутасцям Шылавічаў, і не толькі касцёлу, але і ўстановам культуры.

Запыталіся ў Марыны пра галоўнае: ці збіраецца яна застацца ў Шылавічах? Дзяўчына не супраць, не хоча кідаць бацькоў, але і працаваць без інструментаў, у старым будынку з праблемнай праводкай і непрыдатнай для танцаў падлогай не хацела б. Выснова напрошваецца безальтэрнатыўная: без падтрымкі кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі і райвыканкама Шылавіцкі СДК можа згубіць перспектыўнага спецыяліста, які зараз завочна вучыцца ва Універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Інфармацыйныя тэхналогіі”.

Да юбілею Кандрата Кандратавіча

Зазірнулі мы, натуральна, і ў бібліятэку. Тут кіруе Данута Макар, яна ўжо на пенсіі. Паказала нам кніжную выставу, прысвечаную Году культуры. Разам мы згадалі, што сёлета — юбілеі Івана Шамякіна, Івана Мележа, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Цёткі, Янкі Лучыны, Максіма Багдановіча, Янкі Сіпакова… Чаму гэтыя пісьменнікі не надта прадстаўлены на выставе? І ўвогуле, як наладжана ў Шылавічах папулярызацыя нацыянальнай кнігі? Да прыкладу, твораў Крапівы, бліскучая дасціпная творчасць якога заўжды карысталася на вёсцы павышаным попытам. (Згадалася, што на роднай для Крапівы Уздзеншчыне нават маладзёжны рок-гурт называецца “Кандраты“…) Мы ў пошуках фактуры выцягнулі з паліц два зборы твораў (1974 і 1997 гадоў выдання) знакамітага драматурга і байкапісца. І вось што распавялі нам лісткі кнігавыдачы. Першы том больш старэйшага выдання апошні раз выдаваўся чытачу ў 2010-м, другі том — у 1994-м; першы том больш позняга выдання — у 2010-м, другі — увогуле ніколі не бралі… Ці варта тлумачыць, з якім супярэчлівым настроем мы скіраваліся ў Бераставіцкі раён? Ёсць над чым паразважаць адносна таго, чаму чытачы ў Шылавічах не прызвычаіліся да нацыянальнай класікі. І яшчэ. Калі цяпер не падтрымаць клубніцу Марыну, дык веру ў лепшае яна беззваротна згубіць.

(Не)лірычны каментарый Кастуся Антановіча

Сёння ў Шылавічах больш за дзве сотні жыхароў. Маецца школа і дзіцячы садок, моцная гаспадарка. Чым не спрыяльнае поле для асветніцкай дзейнасці? На тым жа касцёльным фэсце можна было б разгарнуць і кніжную выставу, праводзіць акцыі папулярызацыі чытання, тым больш, што Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага мае багата метадычных распрацовак у гэтай справе. Думаецца, было б добра, каб да гэтага ланцужка паміж сельскай і абласной бібліятэкамі грунтоўна далучылася і раённая, а там, глядзіш, і больш новай літаратуры будзе трапляць у Шылавічы. Галоўнае, літаратуры запатрабаванай мясцовай супольнасцю, а не заляжалай на складах. Тады пры пэўнай рэкламе з боку бібліятэкара і народ падцягнецца.

Клуб пад пытаннем

Перад тым, як распавесці пра Бераставічанскі клуб-бібліятэку, варта забегчы наперад і спыніцца на структуры клубных устаноў. Пра яе нам паведаміла дырэктар Бераставіцкага РЦК Алена Місюля. Дык вось, з верасня мінулага года Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці стаў юрыдычнай асобай. Дзесяць СДК аграгарадкоў і два сельскія клубы пераўтварыліся ў яго філіялы. Аграгарадоцкія ўстановы — перспектыўныя, а вось два бясстатусныя клубікі (дом сацыяльных паслуг у Пыхоўчыцах і Бераставічанскі сельскі клуб-бібліятэка) такіх перспектыў не маюць. Інакш кажучы, праз час хутчэй за ўсё будуць зачыненыя. У Пыхоўчыцах — лічаныя пенсіянеры, а Бераставічанская ўстанова знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад райцэнтра і абслугоўвае збольшага дачнікаў…

На акенцы Бераставічанскага клуба-бібліятэкі запіска. Кіраўнік установы Вера Акуліч піша, што паехала ў РЦК. (Так яно і было, дарэчы.) Прайшліся па вёсцы, з народам пагутарылі. Карыстаючыся сонейкам дачнікі і загаралі, і на градах корпаліся, таму ўсе яны, гаваркія ды вясёлыя, былі навідавоку і з ахвотай ішлі на размову. Вось што мы высветлілі. Канцэртаў клуб не дае. Былі тут калісьці бабулькі-пявунні, але няма нічога вечнага на свеце... Асаблівай патрэбы ва ўстанове няма: чытаць дачнікам няма калі. Калі і з’явіцца раптам такая патрэба, яе без перашкод можа задаволіць аўтабібліятэка. А вось дзецям тых, хто з вясны заехаў на лецішчы, установа падабаецца: тут можна ў тэніс пагуляць. Але недахоп дзяцінства ў тым, што яно хутка заканчваецца. Карацей кажучы, лёс у згаданай установы не надта зайздросны. Яшчэ гады тры-чатыры ў сістэме было сямнаццаць клубаў, сёлета засталося дванаццаць, а ў перспектыве будзе дзесяць. Вось такая аптымізацыйная арыфметыка, якая не складаць ды памнажаць вучыць, а адымаць.

Сваё ды не ведаць?

Раённая бібліятэка ў Бераставіцы месціцца ў адным будынку з музычнай школай. Пры адчыненых вокнах-дзвярах чуецца бадзёры марш духавога аркестра. Трэба высветліць у дасведчаных спецыялістаў, як уплывае музыка на чытацкі выбар кніг. Нам, прынамсі, такое «афармленне» бібліятэчных залаў вельмі спадабалася…

Адзін з нас не бычыўся з дырэктарам Бераставіцкай райбібліятэкі Таццянай Марцішэвіч гадоў пяць. Менавіта тады “К“ змясціла артыкул пра мясцовыя цікавосткі. У тым ліку пра тое, што ў мясцовым касцёле Кастусь Каліноўскі з блізкім паплечнікам Феліксам Ражанскім нелегальна выдавалі “Мужыцкую праўду“. Выснова публікацыі была наступнай: брэнд Каліноўскага і Ражанскага ў Бераставіцы не раскручваецца. Няма адпаведных вулічных указальнікаў, сувенірных значкоў і магніцікаў, карт руху сялянскага паўстання і жыццёвага шляху Каліноўскага праз польскія цяпер Мастаўляны, дзе ён нарадзіўся, праз Бераставіцу і Свіслач, дзе вучыўся, пра вёску Якушоўка Свіслацкага раёна, дзе ягоныя бацькі мелі ткацкую мануфактуру… Уяўляеце якім бы мог быць польска-беларускі грант, прысвечаны прасоўванню постацяў Каліноўскага і ягоных паплечнікаў Ражанскага і Урублеўскага?!

Дык вось, нічога не зрушылася за гэтыя гады. Не, Музей Вавёркі, запатрабаваны і брэндавы, з’явіўся. Пра яго — гаворка пазней. А вось ініцыятары паўстання 1863 года так і засталіся нераскручанымі. Канешне, у ЦРБ ёсць цудоўная партрэтная галерэя, дзе сярод іншых знакамітасцяў ёсць выявы Каліноўскага і Ражанскага, выкананыя таленавітым мастаком Мікалаем Жлабовічам, без якога не абышлося афармленне ўстаноў культуры раёна. Ёсць і бібліятэчны музей, які да ўзнікнення Музея Вавёркі прымаў шматлікіх аматараў даўніны. Маецца тут і грунтоўны летапіс Бераставіцкага раёна ў рарытэтных фотаздымках, падрабязная гістарычная хроніка бібліятэкі, і шматлікія кнігі з аўтографамі пісьменнікаў, што наведвалі ў свой час Бераставіцу.

Даведаліся, што ЦБС з’яўляецца адным з арганізатараў Рэгіянальнага паэтычнага фестывалю “Масалянскія салаўі”, натхняльнікам якога стаў мясцовы паэт Іван Летка. Яму прысвечаны асобны куток у бібліятэцы.

Ёсць увогуле шмат цікавага, што сцвярджае: бібліятэкары Бераставіччыны — людзі таленавітыя. Але з таленавітых і пытаюцца ўдвая. Калі ёсць патэнцыйны брэнд, яго неабходна даводзіць да спажывецкай кандыцыі. Уявіце, на Беларусі існуе процьма раёнаў, дзе няма ніякіх брэндавых зачэпак. Яны іх выдумляюць! А тут і выдумляць нічога не варта. У адваротным выпадку маладыя нічога не будуць ведаць ні пра Крапіву, ні пра Каліноўскага. Ці даруюць нам унукі ды праўнукі?

(Не)лірычны каментарый Яўгена Рагіна

Запытаўся ў выпадковых мясцовых маладзёнаў, ці ведаюць яны Каліноўскага. Не ведаюць. Фелікса Ражанскага, які працаваў у Бераставіцы каморнікам, — тым больш. Гэта для нас яны — святыя. Дык дзе мы разам не дапрацавалі, шаноўная Таццяна Дзмітрыеўна? Я вас бясконца паважаю за неабыякавасць і прафесіяналізм, але нашы дзеці павінны ведаць сваю гісторыю і сваіх герояў, сапраўдную гісторыі і сапраўдных герояў. У тым, што не зусім ведаюць, вінаваты і я. Давайце агульнымі сіламі выпраўляць становішча. Яшчэ не позна.

Спроба пяра

Мясцовыя бібліятэкары здзівілі нас сваімі праектамі. Да прыкладу, вырашылі далучыцца да праграмы “Польшча — Беларусь — Украіна“. Магчыма, месца ў ёй знойдзецца і захаванню памяці пра ўдзельнікаў сялянскага паўстання. А вось у тым, што палепшыцца камплектацыя інфармацыйнымі рэсурсамі, эфектыўнасць творчых стасункаў з чытачамі, што маюць абмежаваныя магчымасці здароўя, сумнявацца не даводзіцца. У першую чаргу, Таццяна Марцішэвіч хоча забяспечыць сучаснай тэхнікай бібліёбус: ноўтбукам, забяспечаным доступам у інтэрнэт, зручнай мэбляй, слыхавымі апаратамі. Маецца запатрабаванасць чытачоў у літаратуры на польскай мове, а таксама ў выданнях са шрыфтам Брайля. Але такіх кніг практычна не знайсці ў продажы, а калі і маецца ў спецыялізаваных крамах — кошт на іх завоблачны.

Праект Бераставіцкай ЦБС пакуль толькі праходзіць этапы зацвярджэння. Па сутнасці, гэта толькі спроба «бібліятэчнага» пяра, але спроба ўпэўненая. Прынамсі, мясцовыя бібліятэкары не саромеюцца вучыцца.

Мы ж прайшліся па бібліятэчных залах, завіталі ў філіял дзіцячай установы. Пераканаліся ў галоўным: паўсюль былі чытачы. А гэта значыць, у бібліятэкі ёсць будучыня.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

У наступнай публікацыі мы распавядзем пра галоўны брэнд Бераставіцкага раёна — Музей Вавёркі. Праект бясконца нас ўразіў. Гаворка таксама пойдзе пра развіццё клубнай справы на бераставіцкай зямлі.

Мінск — Ваўкавыскі — Бераставіцкі — Свіслацкі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"