Настаўнік музычных… “монстраў”

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

У Міжнародны дзень абароны дзяцей у мінскім Маладзёжным тэатры эстрады адбыўся канцэрт выхаванцаў творчай майстэрні Васіля Сянькова “Першы дзень лета”. Сянькоў — адзін з найбольш вядомых педагогаў краіны. Пачынаў ён у магілеўскай студыі “Вясёлка”, дзе ўзгадаваліся, сярод іншых, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Наталля Падольская, Пётр Ялфімаў, Наталля Кудрына. Ужо два гады ён працуе ў Мінску, пазнаёміўшы прысутных з творчасцю сваіх новых гадаванцаў — 15 маладых спевакоў.

/i/content/pi/cult/590/13108/14-2.jpg— Ведаеце, кожны педагог славуты тым, колькі ён выпусціў вучняў, што пайшлі па ягоных слядах. І калі такіх набіраецца хоць бы тройка, значыць, педагог адбыўся. Афанасьева, Дарафеева, Кудрына — гэта першае пакаленне маіх вучняў. Другое — гэта Ялфімаў, Падольская, трэцяе — тыя, хто пайшлі далей і цяпер вучацца за мяжой. Сярод іх Даніэл Перцаў, выпускнік Каралеўскай акадэміі музыкі ў Англіі, некалькі маіх вучняў навучаюцца ў Германіі. І тое, што вы сёння маглі пабачыць і пачуць, — гэта ўжо чацвёртая хваля.

— Апрача, зразумела, вакальных даных, на што вы звяртаеце ўвагу падчас адбору?

— У аснове ўсяго ляжыць школа. Пры гэтым я не падзяляю школы класічную, эстрадную, народную. У жанры папулярнай музыкі, лічу, неабходна злучыць іх усе. Тады атрымаецца пэўны мікс і адбудзецца артыст. У маю майстрэрню паступаюць вучыцца на конкурснай аснове, і пры знаёмстве я звяртаю ўвагу на дзве рэчы. Гэта наяўнасць энергетыкі і тэмбр голасу. І калі чалавек гэта мае, дык школу яму можна закласці. Калі тое ёсць, гэта асоба ў мастацтве можа пайсці далёка.

— Сёння многія вашы выканаўцы, у тым ліку і зусім юныя, выконвалі часам вельмі складаныя творы з рэпертуару знакамітых прафесіяналаў. Ці дапускаеце рызыку, што “зялёныя” спевакі з тым могуць проста праваліцца?

— Выхоўваць дзяцей неабходна на добрай музыцы. У тым ліку і на складанай. Тады пазней ім усё ўжо будзе, як кажуць, па зубах. А таму іх рэпертуар грунтуецца на тым, што спрыяе развіццю. І я зусім не стаўлю задачу, каб гучалі толькі заходнія хіты. Аднак развівацца варта толькі на іх.

— Тым не менш, я адчуў, што праблемы з рэпертуарам ёсць. На гэтым канцэрце прагучалі ўсяго дзве беларускамоўныя песні...

— З гэтым вельмі істотная праблема. Студыя наша маладая, таму мы яшчэ не паспелі ўсталяваць кантакты з аўтарамі, якія пішуць цікавыя беларускія песні. Таксама неабходна адшукваць спрактыкаваных аранжыроўшчыкаў, якія разумець, што такое сучаснае, актуальнае гучанне. Канешне ж, я буду рабіць беларускі рэпертуар. Вось сёння дэбютаваў квартэт “МоЛоКо”, для якога цяпер мы рыхтуем адразу шэсць беларускіх песень. Праўда, трымаем іх пакуль у сакрэце.

— Многія вашы выхаванцы ў вельмі юным узросце ўваходзяць, па сутнасці, у свет шоу-бізнесу. З аднаго боку, тыя сцэнічныя рухі, якія дэманструюць вядомыя выканаўцы, часам выглядаюць пошла. А калі дзеці пачынаюць “здымаць” гэтыя вобразы, яны выглядаюць ужо смешна. Як гэтага пазбегнуць?

— Зноў жа: за два гады рукі да ўсяго не дайшлі. Вось з групай “МоЛоКо” працуе ўжо харэограф. Да таго ж не ўсе выхаванцы пойдуць потым у шоу-бізнес. Ну а працаваць у згаданым напрамку, канешне ж, будзем.

— Якую мэту вы ставіце перад сваімі выхаванцамі?

— Мой негалосны дэвіз базуецца на тым, каб з часам кожны з выхаванцаў мог займацца без педагога, разумеючы, што і як адбываецца, каб ён атрымаў разуменне таго, што такое густ. Чым яны будуць далей займацца — іх асабісты выбар. Але я спадзяюся, што атрыманыя тут веды застануцца з імі на ўсё жыццё. І гэта для мяне — самае істотнае. Дзеці павінны далучыцца да мастацтва. А людзі мастацтва — нібыта прышэльцы з іншай планеты. Тое не мае словы. Але далучыць іх да мастацтва неабходна. І калі такое адбываецца, іх жыццё складаецца зусім інакш. І такую думку я прагну ім данесці з тым, каб яны самі рабіліся монстрамі. Музычнымі монстрамі, я маю на ўвазе...

Аўтар: Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ
намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва"