Вартасць пасля гарантыі

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Ідэнтычнасць паводле… імпартазамяшчэння
Беларускі саюз дызайнераў ініцыяваў праект “Тутэйшы дызайн: асобы і рэчы”, вядомы таксама пад назвай “Рэчы беларускія”. Мая гутарка са старшынёй творчага саюза Дзмітрыем Сурскім пачалася з пытання “Навошта?” Які сэнс вывучаць прадметы, якія ў большасці выпадкаў страцілі функцыянальны складнік. І звычайнаму чалавеку, калі ён не калекцыянер, непатрэбныя і задарма?

/i/content/pi/cult/590/13101/4-1.jpg— А навошта навука гісторыя, археалогія, навошта вывучаць мёртвыя мовы? Людзі маюць патрэбу ў тым, каб гістарычны досвед не знік, не згубіўся, быў скарыстаны напоўніцу наступнымі пакаленнямі. Вельмі важнае пытанне пра форму фіксацыі досведу, бо ўсё захаваць немагчыма. Да прыкладу, што рабіць з будынкамі-хмарачосамі, калі скончыцца іх гарантыйны тэрмін? Тое ж тычыцца цеплавозаў, караблёў. А тым больш, як захоўваць аднаразовыя рэчы, якія дзеля таго і робяцца, каб скарыстаць, а потым выкінуць і забыць? Хіба што ў лічбавым выглядзе, віртуальна. Перад тым, як пазбавіцца ад рэчы, робіш яе выяву і апісанне ды закідваеш на “воблака”, ствараючы такім чынам задзел працы, аб’ём аб’ектыўных даных для будучых даследчыкаў нашай матэрыяльнай культуры.

Па словах спадара Сурскага, знікаюць прадпрыемствы, чыя прадукцыя, здавалася б, будзе запатрабаванай вечна. Шэраг фабрык, якія гадоў дзесяць таму лічыліся рэнтабельнымі, сёння ўжо не існуюць. Асобнага даследавання, на думку візаві, патрабуе вытворчы патэнцыял Беларусі ў дакастрычніцкі перыяд. У час працы над праектам, у прыватнасці, было высветлена, што ў Віцебску з’явілася першая ў Расійскай імперыі фабрыка, якая прамысловым чынам рабіла акуляры. У калекцыі маецца адно матэрыяльнае сведчанне таго факту: гэта акуляры для лётчыкаў. Насамрэч, даволі складаны прадмет, у якім спалучаны шкло, скура. Да таго ж, ён быў культавым, адзнакай элітарнасці. Сама ж прафесія лётчыка на мяжы мінулага і пазамінулага стагоддзяў была авеяная рамантыкай.

Вывучэнне старых рэчаў можа быць цікавым яшчэ і з прафесійнага гледзішча. Да прыкладу, чытаеш у навуковым часопісе пра вынаходніцтва, зробленае ў Германіі. Там на падставе эрганамічных доследаў прыйшлі да высновы, што ручка рыдлёўкі павінна быць крывой. Гэта разгружае хрыбет, адпаведна змяншае стомленасць, дапамагае актыўна працаваць. Сапраўды, гэта ж відавочна — чаму не дадумаліся раней? А калі летам адпачываеш дзе-небудзь на Браслаўшчыне, дык там на хутары вілы, рыдлёўкі і іншыя інструменты ўсе менавіта з такімі крывымі ручкамі. Беларускія сяляне да тых жа вынікаў, што і нямецкія навукоўцы, прыйшлі эмпірычным шляхам. Так што гісторыя — гэта не забаўка, не сродак каб бавіць час, але багатая крыніца ведаў утылітарнага прызначэння. І нездарма сёння ў людзей такая цікавасць да набыцця і аднаўлення старых рэчаў, да вінтажу. Зрэшты, у гэтым можна пабачыць і праяву экалагічнай свядомасці: навошта рабіць новае, зводзячы для гэтага прыродныя рэсурсы, калі можна скарыстоўваць старое?

Праект Беларускага саюза дызайнераў падаецца актуальным. Дагэтуль простымі, лапідарнымі рэчамі беларускай вытворчасці, бадай, ніхто ўсур’ёз не займаўся. Нацыянальным касцюмам, этнаграфіяй — так, а гэтым — не. І вось знайшліся людзі, аднадумцы, гатовыя ўдзельнічаць у праекце альбо падтрымаць ідэю матэрыяльна і арганізацыйна.

— У кантэкст сучаснага дызайну, — кажа спадар Сурскі, — мы мусім дадаць гісторыю матэрыяльнай культуры Беларусі. Не ўсяго абшару матэрыяльнай культуры, не ўсіх рэчаў шырокага спажывання, якія аздаблялі побыт жыхароў нашага краю, а толькі тое, што выраблялася на беларускіх прадпрыемствах. Імпарт мы не разглядаем, хоць ягоная доля ў беларускім побыце магла быць і вельмі значнай. Наш праект разглядаем у кантэксце пошуку ўласнай ідэнтычнасці праз матэрыяльны складнік. І прадметнае асяроддзе не менш чым прыроднае ўплывае на фарміраванне ментальнасці як канкрэтнай асобы, так і грамады.

Мне падалося, што запланаванае і ўжо часткова здзейсненае у рамках праекта “Рэчы беларускія” сэнсам і зместам блізкае да калекцыянавання. Хтосьці можа ставіцца да гэтых збіральнікаў, як да дзівакоў, каму няма на што марнаваць час і грошы, але гэта насамрэч сацыяльна карысная справа і блізкая да творчасці форма самарэалізацыі. А з часам калекцыі манетызуюцца і пачынаюць, на радасць нашчадкам калекцыянера, каштаваць немалых грошай. Зноў жа прыватныя тэматычныя зборы з часам успрымаюцца як захаваная ў артэфактах хроніка чалавечага жыцця ці гістарычнай эпохі. Бывае штосьці шкада выкінуць, а захоўваць праблематычна. У такіх выпадках можна аддаць у музей — “на халяву” возьмуць. Ёсць зноў жа даступныя інтэрнэт-аўкцыёны. Чаго там толькі не прадаюць! І запалкі, і гузікі… Гэта натуральна, што стаўленне да рэчаў, былых у карыстанні, з часам змяняецца. Прынамсі, тое, што сталы чалавек у дзяцінстве лічыў праявай мяшчанства і безгустоўшчыны, сёння будзе ўражваць яго гарманічнасцю, стылёвай дасканаласцю.

— Нашы рэчы маюць назвы, якія ёсць толькі ў нас. Вось, напрыклад, назва “асадка” для аўтаручкі. Прыгожае слова, яго варта захаваць для гісторыі. Такім чынам, у нашым праекце мы паказваем самі прадметы, якія цікавыя з гледзішча дызайну, архітэктонікі, тэхналагічнасці. А яшчэ ствараем слоўнік унікальных, аўтэнтычных беларускіх назваў, якіх няма ў іншых мовах. Вынікам мусіць стаць кніга. І яна стане пачаткам наступнага праекта, дзе мы будзем даследаваць іншыя аспекты матэрыяльнай культуры, праўда, там ужо будзе месца дызайну як інстытуцыйнай з’яве, — гаворыць Сурскі.

Дагэтуль друкаваныя праекты Беларускага саюза дызайнераў былі паспяховымі. Але вось пытанне: дзе ў гістарычным, калі хочаце — ментальным, сэнсе заканчваецца наша і пачынаецца не наша? Калі ставіцца да справы сур’ёзна, дык пры вызначэнні “нацыянальнай прыналежнасці” той ці іншай рэчы могуць паўстаць пытанні, для вырашэння якіх трэба акрэсліцца не толькі з геаграфіяй, але і з гісторыяй. Сучасныя межы Рэспублікі Беларусь склаліся па заканчэнні Другой сусветнай вайны. У імперскай жа Расіі не было Беларусі, а быў Паўночна-Заходні край, які па тых часах уяўляў сабою моцна знітаваны ўнутранымі эканамічнымі сувязямі самадастатковы эканамічны рэгіён ад Смаленска да Коўна. Цяпер той край тэрытарыяльна падзелены паміж шэрагам суверэнных краін. Дык гаворачы пра матэрыяльную культуру нашай зямлі ў дакастрычніцкі перыяд, мы, атрымліваецца, мусім ігнараваць тыя ці іншыя аб’екты толькі з той прычыны, што яны зроблены ў Беластоку ці ў Вільні? Ці ўсё ж трэба ўдакладняць, што эканамічныя і культурныя арэалы не супадаюць з этнічнымі абшарамі?

Альбо возьмем, да прыкладу, перыяд сацыялістычнай індустрыялізацыі… Ці можна лічыць нацыянальнымі, уласна беларускімі, праекты, якія здзяйсняліся ў Беларусі высілкамі ўсяго Савецкага Саюза ды яшчэ з удзелам краін Савета Эканамічнай Узаемадапамогі? Ды і сёння часам наша прамысловасць на закупленым абсталяванні рэалізуе не нашы тэхнічныя ідэі.

Я мяркую, варта засяродзіцца на той акалічнасці, што на працягу стагоддзяў за нашым краем трывала замацаваная роля цэнтральнага чынніка у працэсах, дзе, акрамя ўласна Беларусі, задзейнічаны іншыя краіны і рэгіёны. Што б не адбывалася ў Беларусі, яна застаецца прывабнай для эканамічных і тэхналагічных інвестыцый . Магчыма, на гэтым феномене мае сэнс зрабіць акцэнт у праекце “Рэчы беларускія”, бо ў дадзеным выпадку “беларускае” і “еўрапейскае” — сінонімы. Гэта датычыць і побытавай драбязы і касмічных тэхналогій. Беларусь заўжды ў трэндзе.

Так што, вітаючы праект “Рэчы беларускія” і шануючы энтузіястаў, што ўзяліся за ягоную рэалізацыю, хацелася б у гэтай справе большай канцэптуальнай акрэсленасці. Каб наша рэтра лагічна пераходзіла ў нашу перспектыву.

Здымкі з суполкі "Рэчы Беларускія" ў Facebook

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"