Напоўніць жэсты сэнсам

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Людміла БРЖАЗОЎСКАЯ, народная артыстка Беларусі, педагог-рэпетытар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны
Калі дзяцей прымаюць у харэаграфічны каледж, звяртаюць увагу найперш на іх фізічныя даныя. Калі ж юныя танцоры дарастаюць да артыстаў, становіцца відавочна, што ўласна пластыка і прафесійныя ўменні — толькі падмурак, на якім ствараюцца балетныя вобразы. І што для паспяховай творчай дзейнасці трэба яшчэ вельмі і вельмі многа. Найперш — жыццёвага багажу, ведаў у самых розных сферах.

/i/content/pi/cult/589/13083/5-2.jpgЗдавалася б, цяперашняму пакаленню прасцей: праз інтэрнэт можна даведацца ўсё што заўгодна. Дый ездзяць яны куды больш, чым мы ў іх узросце. Але трэба яшчэ навучыцца ўсё ўбачанае асэнсоўваць — і складаць у гэткую “скарбоначку”, папаўняючы яе ўсё жыццё.

Памятаю, ніяк не атрымліваўся ў мяне вобраз Каханай у “Карміне Буране”. Трэба было крыўляцца, быць дзёрзкай і злой — усё тое, што мне зусім не ўласціва. І я не магла знайсці “ключык” да гэтай партыі, не магла зразумець і “апраўдаць” сваю гераіню, а без гэтага — як жа танцаваць? І раптам убачыла драматычны спектакль паводле п’есы Шэкспіра “Утаймаванне свавольніцы” з Алісай Фрэйндліх у галоўнай ролі. У яе гераіні было ўсё: прага кахання, крыўда, гонар, смеласць… А галоўнае — яна ўвесь час, літаральна кожную хвіліну змянялася. І я зразумела, што і як мне трэба рабіць. Лічу, гэта павінна быць адным з правілаў артыста балета: перш, чым штосьці танцаваць, шукаць свае падыходы — паглядзі, як гэта рабілі іншыя, хай і ў іншых відах мастацтва. Не для таго, каб паўтарыць, а каб не вынаходзіць веласіпед.

Калі ставілася цяперашняя версія “Спартака”, мне вельмі дапамог не толькі харэограф-пастаноўшчык (а ім быў, зразумела, Валянцін Елізар’еў), але і мастак Яўген Лысік. У “Плачы Фрыгіі” ён падказаў мне: “Гэта не павінна быць рэалістычна. Тут важная “скульптурнасць”, якая перанясе гісторыю праз стагоддзі і скажа: “Памятайце!” Паўплывала на мяне і Мая Плісецкая: тое, як яна ў аднайменным балеце Якабсона несла і давала Спартаку меч, паўтарыць немагчыма, — гэта вяршыня таленту! Я перачытала раман, пераглядзела ўсе фільмы на гэты сюжэт, і калі выходзіла на сцэну, дык бачыла не чорную кулісу, а тыя войскі ў даспехах, што быццам стаялі за ёй. Пазней мне давялося пабываць ля Калізея: вецер, зоркі, месяц — і само адчуванне таго, што па гэтай зямлі хадзілі героі нашага балета, далі вельмі многа. Праз усё гэта балетныя жэсты, рухі напаўняюцца сэнсам, становяцца адухоўленымі, нясуць у сабе эмацыйна афарбаваную інфармацыю, якая перадаецца гледачам.

Парадокс балетнай прафесіі ў тым, што веды прыходзяць з гадамі, а век артыстычнай кар’еры — кароткі. Таму імкнуся перадаць моладзі ўсё, чым валодаю. Так, з Аляксандрай Чыжык я рыхтавала “Анюту”. З Янай Штангей — “Лебядзінае возера” і “Баядэрку”. Для кожнай артысткі хочацца знайсці новыя фарбы, таму не толькі ўлічваеш яе магчымасці, імкнешся раскрыць яе патэнцыял, але і ўзгадваеш усё лепшае, што было назапашана мінулымі пакаленнямі: Нінай Младзінскай, Аляўцінай Карзянковай, Ірынай Савельевай, Нінай Давыдзенка, Кларай Малышавай і многімі-многімі іншымі. Але веды немагчыма проста перадаць, як нейкую рэч. Трэба, каб іх гатовы былі ўзяць. Тая ж Яна Штангей — зусім яшчэ маладзенькая, але шмат шукае і сама, усё спрабуе па некалькі разоў, вельмі дапытлівая, зацікаўленая. Так і павінна быць: хай маладыя артысты заўжды застаюцца ў пошуку, імкнуцца да абнаўлення — і да новай харэаграфіі таксама, але не забываюцца на тое, што існавала раней. Ну, а мы ім у гэтым дапаможам…

Сёння ў Людмілы Генрыхаўны — юбілей. Хай тая “шчаслівая сямёрка” нясе ёй далейшыя творчыя далягляды, шчасце, здароўе і такую ж аддачу з боку маладых артыстаў балета, якой яна падпітвае іх сама.

Фота Юрыя ІВАНОВА
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"