Фестываль “у мінус”? Так задумана!

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Наведаўшы ХХХ Міжнародны музычны фестываль моладзі (FIMU) у французскім Бельфоры, немагчыма было абыйсці ўласна арганізацыйны бок гэтага буйнога форуму. Маёй суразмоўцай стала адна з дырэктараў FIMU Аўрора ГРОЗДЭМОЖ.

/i/content/pi/cult/588/13056/14-1.jpg— Ваш фестываль сёлета — юбілейны. Што змянілася ў ім за гады існавання? Ці можаце вызначыць, у які бок увогуле ён рухаецца? Якія бачыце перспектывы?

— Так, FIMU пачынаўся ў 1987-м. Але тады на ім было прадстаўлена ўсяго сем краін. Сёлета іх — 30, а сам фестываль — трыццаты. Агульную статыстыку мы не хаваем: 2000 удзельнікаў, 200 канцэртаў, 14 сцэнічных пляцовак. Дарэчы, мы перанеслі тэрміны правядзення форуму. Калісьці ён праходзіў пазней, у чэрвені. Але наш фестываль — маладзёжны, і гэты час не ўсім пасаваў: у кагосьці — іспыты, а іншы, завяршыўшы вучобу, рушыць да бацькоў, у падарожжы, уладкоўваецца на працу. Цяперашні час уяўляецца больш аптымальным: навучальны год заканчваецца — самы час прадэманстраваць свае таленты шырокай публіцы.

— Раскажыце, калі ласка, як фарміруецца фестывальная праграма? Асабіста я вельмі ўражана такім разнастайным ахопам ледзь не ўсяго, што толькі можа быць.

— Спачатку збіраем заяўкі. Сёлета, да прыкладу, іх было больш за паўтысячы — з 57 краін. Потым спецыяльная камісія знаёміцца з дасланымі матэрыяламі, абірае лепшае. Зразумела, імкнемся, каб штогод з’яўляліся нейкія музычныя навінкі, каб не паўтараліся калектывы, а тым больш праграмы. FIMU павінен дэманстраваць усю разнастайнасць музычнай культуры свету, ахопліваць усе напрамкі, стылі, жанры, выканальніцкія склады — да гэтага і імкнемся. У гэтым, дарэчы, і ўнікальнасць нашага фестывалю для Францыі. У краіне праводзіцца шмат музычных форумаў і святаў: фестывальны сезон доўжыцца з мая да канца кастрычніка. Але FIMU адзіны: толькі ён паказвае агульную музычную панараму.

— Любое мерапрыемства звычайна пачынаецца з каштарысу. З чаго складаецца фінансаванне вашага фестывалю?

— Большая частка грошай ідзе з бюджэту Бельфора. Зразумела, атрымліваем дапамогу ад спонсараў: гэта і мясцовыя вытворцы, і больш магутныя фірмы і ўстановы, якія дзейнічаюць па ўсёй краіне ды за яе межамі.

— Але ж усе канцэрты, як я звярнула ўвагу, бясплатныя! Навошта тады такому маленькаму гораду такі вялізны фестываль? Ад яго ж няма прыбытку: вы працуеце, што называецца, “у мінус”.

— Ці звярнулі вы ўвагу, колькі ў горадзе турыстаў? Усе гатэлі перапоўненыя. Рэстараны, кавярні — таксама. Да нас едуць з усёй Францыі, а таксама з іншых краін — найперш, суседніх. Да той жа Швейцарыі — літаральна некалькі кіламетраў. Да Германіі — крыху больш, але таксама дабрацца не праблема. Ёсць такія меламаны, якія задоўга да чарговага фестывалю браніруюць месцы ў гатэлях на ўсе дні. Ці ж гэта не прыбытак у гарадскую казну? У гэты час у поўным сэнсе слова квітнее ўвесь турыстычны бізнес. Горад атрымлівае добры штуршок да ўсяго турыстычнага сезона. Зацікавіўшыся фестывалем, госці знаёмяцца з іншымі цікавосткамі, потым прыязджаюць да нас зноў — ужо не на фестываль, а проста адпачыць, паглядзець на што іншае. Дый FIMU за гэтыя гады стаў сапраўдным брэндам горада.

— Тады якую з фестывальных задач вы лічыце самай галоўнай?

— Агульнае развіццё культуры ў Францыі. На фестывальныя канцэрты, як вы маглі заўважыць, прыходзяць людзі рознага ўзросту, з рознымі густамі — і кожны можа далучыцца да папраўдзе бязмежнага акіяну музыкі. Гэтым фестывалем мы папулярызуем музыку як від мастацтва, рухаем яе ў самыя шырокія масы, далучаем не толькі знаўцаў, але і ўсіх ахвотных.

— Дадам: і не толькі тых, хто таго жадае. Музыка гучыць літаральна на кожным кроку, немагчыма прайсці праз цэнтр горада, каб не стаць слухачом хаця б некалькіх разнастайных праграм.

— У тым і справа — разнастайных. Нейкую пляцоўку, да прыкладу, можна абмінуць, ля нейкай — затрымацца. Але вы маеце рацыю: чалавек, хоча ён таго ці не, пачынае разумець, што музыка можа быць самай рознай. І што кожны напрамак мае права на існаванне. Гэта, да ўсяго, можа дапамагчы паразуменню розных пакаленняў. І, канешне ж, паспрыяць узняццю агульнага культурнага ўзроўню нацыі.

— Каб здзейсніць усё, што на такім фестывалі робіцца, патрабуецца нямала намаганняў. Як спраўляецеся? Калі ўвогуле адбываецца падрыхтоўка — цягам усяго года ці гэткім “наскокам”, да чарговага свята?

— Дырэкцыя фестывалю, якая працуе на пастаяннай аснове, — гэта чатыры чалавекі. Я адна з іх. Яшчэ ў нас ёсць 16 — 18 супрацоўнікаў, каго мы прыцягваем да працы цягам усяго года. Астатнія набіраюцца непасрэдна для работы на фестывалі. Некаторых запрашаем усяго на тры ўласна фестывальныя дні. Некаторых — на больш працяглы тэрмін. Усё залежыць ад канкрэтных задач: што і дзе патрабуецца. Да ўсяго, у нас працуе шмат валанцёраў.

— Цікава, а што ў арганізацыі такога буйнога фестывалю вам уяўляецца найбольш складаным?

— О, іх хапае! Горад у нас не такі ўжо вялікі, і каб прыняць столькі ўдзельнікаў і гасцей, даводзіцца амаль што галаваломкі вырашаць: куды каго пасяліць, як распрацаваць найбольш прыдатны графік харчавання для кожнага калектыву. Ну і, вядома, як лепш размеркаваць выступленні — і па часе, і па месцы правядзення. Надвор’е сёлета, праўда, крыху халаднаватае, але ад нас гэта, на жаль, не залежыць…

— Аднак, як я заўважыла, у вас няма “замацавання” за той ці іншай пляцоўкай пэўных кірункаў: паўсюль гучыць усё. Адзінае, бадай, выключэнне складае “Scene Jazz”: там усё адпаведна з назвай. Разам з тым, джазавыя праграмы выконваюцца і на іншых сцэнах!

— Так, мы сыходзім найперш з магчымай колькасці слухачоў. І яшчэ з таго, дзе якой музыцы будзе “ўтульней” — і слухачам таксама.

— Вам асабіста — якая музыка больш даспадобы? Можа, самі на якім-небудзь інструменце граеце?

— Не, сама не граю, але слухаць музыку люблю. Класіку, рок, джаз — у мяне няма асаблівых схільнасцяў да чагосьці аднаго. Усё залежыць ад настрою, сітуацыі. Дарэчы, каб любіць музыку, не абавязкова самому быць музыкантам! Добрыя слухачы патрэбныя не меней. Спадзяюся, нашым фестывалем мы іх і выхоўваем.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"