Рэгіён Рушчыца

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог
Калі ехаў на прысвечаны Фердынанду Рушчыцу VI Рэгіянальны дзіцячы пленэр у Багданаве Валожынскага раёна, адчуваў сумнеў у далейшым развіцці гэтай ідэі. Але ж хваляванні засталіся марнымі. Сёлета, акрамя таленавітых дзяцей з Валожынскага рэгіёна, на пленэр прыехалі юныя мастакі з Мінска, а яшчэ і з Літвы. Руку супрацоўніцтва працягнулі выкладчыкі мастацтваў з польскай Торуні. Магчыма такім чынам зладзіцца выданне каталогу пленэраў.

/i/content/pi/cult/588/13051/5-4.jpgА ўжо цяпер любы наведвальнік філіяла Вішнёўскай школы мастацтваў у Багданаве можа пазнаёміцца не толькі з творамі дзяцей, але і з гісторыяй роду Рушчыцаў, з рэпрадукцыямі здымкаў мастака і яго сям’і, а таксама пейзажаў Яна Булгака. Наведвальнікаў сустрэне і з дзясятак палотнаў сучасных беларускіх мастакоў, якія працавалі над імі ў Багданаве. Мяркую, усіх зацікавіць і экспазіцыя на тэму магчымага адраджэння маёнтку.

Так што — усё пачынаецца з Радзімы. На мой погляд, у гэтым асноўны сэнс падобных пленэраў. Відавочна, што яны нясуць адметны стымул для эстэтычнага выхавання праз маляванне менавіта на малой радзіме. Валожыншчына ж — якраз той край, дзе няма агрэсіўнага нашэсця, “папсы”. Край, дзе на 150 кіламетраў у любы бок толькі вішнёўскі касцёл застаўся за ўсю сваю гісторыю касцёлам, а не часовым зернясховішчам ці складам. Край, дзе пралягала мяжа франтоў у Першую сусветную вайну.

Толькі паслядоўнасць, добразычлівасць, увага і ўпартасць шэрагу зацікаўленых асобаў дае падставы для ўпэўненасці, што сімвал нямалага абшару, якім з’яўляецца сёння невялікі музейчык Рушчыца, мае ўсе перспектывы захавання і развіцця. “Мастак верыў сам і хацеў прымусіць паверыць іншых, што гэты край — не Богам забытая правінцыя, а краіна са сваёй прыгажосцю і эстэтычным густам”, — гэта думка актуальная і сёння, таму музей у Багданаве і ёсць з’ява, якой пажадана развівацца. Зразумела, у будучыні гэтая экспазіцыя мае стаць філіялам музея “Мастацтва Валожыншчыны” ў былым палацы Тышкевічаў — самым сэрцы райцэнтра.

Павага да гісторыі — гэта павага да сябе, да сваіх дзяцей. Мо нехта спытае: а каму патрэбен той Рушчыц? Ну, мне ды табе, духоўна насычаным… А які чыноўнік, дырэктар АПК, кіраўнік банка скажа наўпрост: “Колькі ж можна выгадаць з таго Рушчыца?”

Што і казаць — Фердынанд Рушчыц для цэлага рэгіёна Беларусі — брэнд, прычым — духоўны, якім і гандляваць нельга. А кожнаму беларусу варта ведаць пра ягонае жыццё ды творчасць. Такія словы я кажу сваім студэнтам, менавіта — тым, хто цікавіцца беларускім мастацтвам. Таксама я кажу: гэта жахліва, што рэалістычная школа можа адысці. А ўзамен — хаос? Ці падробка? Вунь — кітайцы навучыліся і нашы традыцыйныя саломку з керамікай, і цацкі з вышыванкамі вырабляць.

І яшчэ. Дзіцячая творчасць для мяне — гэта стан нацыі. Па іх творах адразу бачна — дзе ёсць “падманка”, а дзе — гульня на вынік, дзе другаснасць, а дзе — шчырасць… На наступны год я прапанаваў бы арганізатарам пленэра даць магчымасць яго ўдзельнікам пафантазіраваць на тэму новага бачання ландшафту ўсяго рэгіёну Рушчыца. Вынікі могуць быць непрадказальна цікавымі.

У маёй педагагічнай практыцы за дваццаць пяць гадоў, калі я кіраваў дзіцячай студыяй выяўленчага мастацтва “Квецень”, такіх заданняў-прыдумак ставала. Напрыклад, у 1998-м з дзецьмі зрабілі сур’ёзную выставу магчымых станцый Мінскага метрапалітэна, а таксама “спраектавалі” будынак Рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхавання. І галоўнае — аздобу такіх аб’ектаў — як інтэр’ерную, так і экстэр’ерную з прывязкай да ландшафту… Вынік быў фантастычным! Так, гэта гульня. Дык чаму б не паспрабаваць нашым юным талентам пагуляць з тым жа канкрэтным ландшафтам, з акрэсленымі задачамі ў сваіх малюнках, на якія натхніла іх валожынскае паветра?

Такая вось прапанова. Тым больш творы дзяцей заўсёды нясуць нечаканасць, святло і добрыя эмоцыі. Як пісаў паэт Анатоль Сыс: “З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы. Так абавязаны пачаць.”

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог