А нізкае выветрыцца…

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Леанід БАРТКЕВІЧ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
На мінулым тыдні як ганаровы госць пабываў у Гомельскім абласным драматычным тэатры, дзе урачыста святкаваў 10-годдзе прадзюсарскі цэнтр “ARTbiz” Гомельскай абласной філармоніі, і пра 5 гадоў тутэйшага дзіцячага эстрадна-вакальнага праекта не забыліся. Дык вось: гэта было нешта непараўнальнае, да гэтага часу знаходжуся пад уражаннем ад убачанага ды пачутага.

/i/content/pi/cult/588/13050/5-2.jpgПаўтарагадзінная праграма была прысвечана 75-м угодкам Уладзіміра Мулявіна: класічны рэпертуар ансамбля “Песняры”, якому і я аддаў немалы адрэзак жыцця, выконвалі салісты цэнтра — дзеці ва ўзросце ад 3 — 4 гадоў ды падлеткі. Я быў уражаны тым, наколькі “смачна”, беражліва, небанальна, па-даросламу ўсё праспявалі. Менавіта такія канцэрты трэба паказваць па нашых цэнтральных тэлеканалах замест таго смецця, што часцяком па іх транслюецца. Мяне, які чуў шмат самай рознай музыкі, здзівіць цяжка. Але аднаго з хлапчукоў можна хоць заўтра адпраўляць на самыя прэстыжныя конкурсы хоць у краінах былога Савецкага Саюза, хоць на “Еўрабачанне” — настолькі высокі ўзровень майстэрства навідавоку.

Сам я нічога не выконваў — толькі распавёў крыху пра творчы шлях “Песняроў” і пра свой, якi ў чымсьці нагадвае дарогу сённяшніх юных артыстаў. Я шчаслівы, што ў Беларусі ёсць такія таленавітыя зорачкі, і мне адначасова сумна, што сёння, каб атрымаць асалоду ад чыстай, не змікшаванай з ніякімі “дамешкамі”, прыгожай, мілагучнай беларускай мовы, трэба яшчэ адшукаць месца, дзе б такую пачуць. Я ж бачу, што дзеці хочуць яе ведаць, хочуць умець на ёй размаўляць, спяваць на ёй. Але агульнапрынятае да яе стаўленне ў нас такое: ёсць, не памерла — вось і добра!

Нядаўна пагартаў падручнік беларускай мовы, дык шмат новага даведаўся, шмат новых слоў адкрыў, якія, на мой погляд, да беларускай мовы ніякага дачынення не маюць — нешта такое знівеляванае, нехарактэрнае нашаму маўленню... Вось чаму не лішнім быў бы бясплатны “рэпрадуктар” у кожную кватэру, дзе “круціліся” б песні, казкі, перадачы на беларускай.

Сёння модна лаяць савецкае, а я шмат у чым удзячны таму часу. Хтосьці кажа, што ў СССР заціскалася ўсё нацыянальнае, у тым ліку ў галіне культуры, а я не памятаю такога. Відаць, гэтыя “зацісканні” ў Беларусі прайшлі міма, бо менавіта з тых часоў я вынес любоў да ўсяго беларускага. А адкуль яна ўва мне? У тым ліку дзякуючы хатняму выхаванню, і школьнаму.

1 чэрвеня адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей. Ад чаго я сёння абараніў бы маладых у сферы культуры? Канешне, шмат усялякага глупства да яе прыбіваецца: і пахабнага, і залішне эпатажнага, і пазбаўленага агульначалавечых нормаў маралі. Але ж мы праз час забаронаў праходзілі: нічога добрага яны не прынеслі. Проста павінен быць выбар, каб у тэле- ды радыёэфіры было месца, калі ўжо так здарылася, і песням “пра што бачу — пра тое і спяваю”, дзе няма ні мелодыі, ні тэкстаў, і песням з глыбокім сэнсам. Не трэба агароджваць, не трэба ставіць бар’еры. Я чамусьці веру ў тое, што, поруч з самымі лепшымі ўзорамі сучаснай культуры дзеці, падлеткі напаўняюцца паралельна і сапраўдным, адвечным мастацтвам. Чамусьці мне здаецца, што высокае ў іх застанецца, а нізкае выветрыцца…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"