Выпрабаванне мастацтва

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Нацыянальны цэнтр: запаўненне прасторы сучаснымі сэнсамі
Наведвальнікі ўстаноў культуры бачаць, як правіла, вынік іх дзейнасці — скажам, вернісажы. Але колькі зусім не творчай працы выконваецца, каб стварыць свята на некалькі гадзін. Цягам аднаго дня з Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў карэспандэнт “К” паспрабавала зразумець, як працуе гэты механізм. Тым больш маладая і перспектыўная, як прынята казаць, установа ўсё больш пашырае сваю дзейнасць — ад правядзення выстаў, у тым ліку і міжнародных, да вулічных мерапрыемстваў.

/i/content/pi/cult/588/13039/7-1.jpgПатрапіла ў цэнтр у першы дзень тыдня, які па раскладзе тут — выхадны. Прыехала да 11-й. Зазірнула ў адзін з пакойчыкаў — стол, чамаданы, іншыя прадметы, кропка збору якіх — сярэдзіна прасторы. Ідзе падрыхтоўка да адкрыцця выставы класіка фінскай фатаграфіі Юсі Аалта з яго ж удзелам. Са здымкаў на мяне паглядалі скульптурныя выявы знакамітых фінаў, праўда, пад снежным покрывам. Асабліва спадабаліся жаночыя пластычныя партрэты, а яшчэ — задуменны вобраз фінскага пісьменніка Алексіса Ківі.

На другім паверсе студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, будучыя графічныя дызайнеры і фатографы, манціравалі адразу ў трох памяшканнях вучэбны праект Руслана Найдзена “Шрыфтавы плакат”. Маленькія шыльдачкі з імёнамі ўдзельнікаў прымацоўвалі Марыя Бельская і Лізавета Снігайла — студэнткі-практыканткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Іх спецыяльнасць — музейная справа. Зразумела, насычаныя, “аб’ёмныя” дні ў цэнтры не заўсёды, таму ў мяне з’явілася магчымасць паглядзець цягам мантажу, як творы знаходзілі сваё месца ў пустых памяшканнях, напаўняючы “нулявую” прастору сэнсам, а вечарам пабачыла і міні-спектакль.

Вось паступова размяшчаюцца на белых сценах карціны Валянціна Губарава. Экспазіцыя мастака з’яўляецца часткай арт-праекта “Мастак і горад”. І добра, што дзеля такой акцыі выкарыстоўваюць плошчу Якуба Коласа — сталічнае месца з вялікім “трафікам” размаітага кшталту публікі. Дырэктар НЦСМ Наталля Шаранговіч падкрэслівае, што “прастору трэба выкарыстоўваць у якасці пашырэння сучаснай мастацкай мовы ў розных яе праявах. Людзі бачаць рэпрадукцыі твораў мастака, ім хочацца даведвацца яшчэ больш. А Валянцін Губараў якраз і паказвае тых, хто будзе глядзець ягоныя работы — нас з вамі, беларусаў. Ён зразумелы. Таму хочацца, каб праект “Мастак і горад” быў разнапланавым, балазе само беларускае мастацтва таму пасуе, бо яно шматграннае”.

Акрамя правядзення выстаў і рознага кшталту праектаў цэнтр удала “ўводзіць” у жыццё горада тэатральнае мастацтва. Згадаем, напрыклад, Форум вулічных тэатраў. Хіба літаратурны бок пакуль што не асабліва прадстаўлены. І тут сапраўды ўзнікае шмат пытанняў “на беразе”: у якой форме будуць праходзіць, скажам, літаратурныя імпрэзы, як адбіраць аўтараў для іх… Калі ўвогуле закранаць літаратуру, то як прадставіць прозу, бо з паэзіяй і драматургіяй усё больш-менш зразумела. На ўсе гэтыя пытанні адказаў мне куратар тэатральных, музычных і паэтычных праектаў НЦСМ Уладзімір Галак.

— У нас выступалі літаратары — тыя ж Віктар Лупасін, Павел Дарохін... Хочацца, каб у час падобных імпрэз быў дыялог з гледачом. У ідэале — перфарматыўная пляцоўка з паэтычнымі майстар-класамі, вечарынамі, а таксама батлы, слэмы, публічныя чытанні сучасных беларускіх аўтараў. Зразумела, перш чым кагосьці запрасіць — чытаю тэксты, але трэба ўлічваць і характар творчасці, і тэмперамент паэта. Таксама нядаўна праходзіў майстар-клас (куды недзе чалавек 15 прыйшло) па напісанні сцэнарыяў да кароткаметражак. Выдатна, каб праграма такіх майстар-класаў насіла структурны метадычны характар, які ўключае падбор тэматыкі, кансультацыі спецыялістаў… Карацей, над літаратурным напрамкам мы яшчэ працуем. Думаю, на працягу года ўсе пытанні вырашацца.

Зноў спускаюся на першы паверх. Юсі з калегамі працягвае развешваць фотаздымкі. Пачала паступова з’яўляцца серыя чорна-белых работ “Хот-дог”, быццам бы не сфатаграфаваных, а зробленых тушшу. Асабліва адчувалася адзінства, калі прыйшлі на дапамогу старшы навуковы супрацоўнік НЦСМ Сяргей Балянок і загадчык аддзела візуальных праектаў Міхаіл Мірашнікоў. Усё рабілася павольна, дасканала і калі не падабалася — перараблялася. Здаецца, што там адзін сантыметр! А Балянок вымерваў да міліметра. Цягам дня падыходзіла да гасцей з Фінляндыі куратар выставы Вольга Рыбчынская, вырашала пытанні, паралельныя мантажу. Таму куратар як “апякун” творцы, магчыма, у апошнія некалькі дзён перад адкрыццём выставы хвалюецца больш за апошняга.

Адразу паўстала пытанне: ці кожны куратар са сваёй прапановай можа звярнуцца ў цэнтр? Адказ на яго мне даў намеснік дырэктара па мастацкай частцы, куратар выставачных праектаў, мастак Дзяніс Барсукоў, які займаецца ва ўстанове, у асноўным, адміністрацыйнай працай:

— Так, але заўсёды шукаецца тое, праз што зможа “загучаць” выстава — знакаміты аўтар, цікавая ідэя, назва, якая заінтрыгуе журналістаў… Таму куратарам варта праходзіць дадатковую падрыхтоўку, але зразумець усе цяжкасці можна толькі ў час працы. Да ўсяго, куратару трэба займацца і інфармацыйным “забеспячэннем” — афішы (і пошук дызайнера для іх распрацоўкі), запрашальныя білеты, рэклама ў СМІ. Для адкрыцця выставы (калі трэба) — запрасіць музычны калектыў альбо падабраць музыку, знайсці якаснае тэхнічнае абсталяванне. Яшчэ адзін варыянт для адкрыцця выставы  — відэаарт.

Ідэальны куратар — зборны вобраз, але ад яго ў істотнай ступені залежыць якасць выставы. Бывае, выпадае адкрыццё некалькіх выстаў на адзін дзень, і патэнцыйнаму наведвальніку (што ўжо казаць пра прэсу) варта “вылучыць” найбольш значнае. Іншы момант, калі прадстаўлены работы ўсім вядомых творцаў, “канкурэнтаў” няма, а запрошаных прадстаўнікоў СМІ — малавата. З чым гэта звязана?

— Ёсць журналісты, з якімі мы працуем шчыльна. Шмат залежыць і ад таго, які рэзананс выклікае (альбо не) выстава, але ўсё ж такі шмат вырашае менавіта канкрэтны журналіст. У нас няма магчымасці запрасіць прэсу за асобны ганарар, адзінае выключэнне — калі выстава спонсарская. А бывае, чалавеку і не патрэбен ажыятаж у СМІ (скажам, праводзіцца адукацыйнае мерапрыемства, разлічанае на невялікую колькасць людзей), але журналісты самі выходзяць на сувязь. Мастакі ж больш медыйныя самі запрашаюць прэсу, — распавяла начальнік аддзела рэкламы і спецпраектаў НЦСМ Лізавета Каўцяк.

Тым часам Валянцін Губараў “вызваліў” ад цэлафану свае карціны. Апошняя — “Кот любіць рыбу”. Валянцін з усмешкай “выратоўвае” яе і кажа: “Валерый Дайнэка, удзельнік “Беларускіх песняроў”, нядаўна быў у маёй майстэрні, і яму спадабаўся гэты твор тым, што на ім — кот, а ён збірае выявы вусатых-паласатых у розных іпастасях…”. А тым часам беларусы па версіі Губарава гатовыя да сустрэчы з гасцямі вернісажа.

У пакоі ж “цаглянага” колеру амаль усе плакаты былі развешаны: заставаліся апошнія штрыхі. Работы разнастайныя. І моцныя. Студэнты “гуляюць” з літарамі, словамі, лагатыпамі, напаўняюць іх сваімі сэнсамі, абапіраючыся на сучаснасць, на з’явы ў нашым грамадстве, свеце, закранаюць актуальныя пытанні. Хочацца адзначыць работы Яны Герасімовіч “Глабалізацыя”, Настассі Барысенка “Facebook”, Хрысціны Царовай “Экалогія”, Мілы Зверавай “Перамога”, Кацярыны Брычкоўскай “Міжнародны жаночы дзень”, Вікторыі Мельніковіч “Загавары, каб я цябе ўбачыў”…

Выставачныя праекты цэнтра дапаўняліся пэўны час дзейнасцю кінаклуба “Blow up”. Паказвалася, у асноўным, замежнае кіно пра мастацтва і творчых асоб. Такім чынам асабіста я адкрыла Люсьена Фрэйда: мастака, даследчыка адчуванняў, што, бы хірург, узіраўся ў людзей. “Плюс” кінаклуба — у абмеркаванні прагледжанага, але, зразумела, пачаць выказвацца — цяжка, іншым разам саромеешся. Наведвальнікаў заўсёды выратоўваў Канстанцін Селіханаў — сталы госць праглядаў. Цяпер кінаклуб трансфармаваўся ў лекцыйную платформу. “Калі атрымаем фільмы ад пасольстваў з вырашанымі пытаннямі адносна правоў на паказ, будзем арганізоўваць невялікія фестывалі”, — растлумачыў куратар фота- і відэапраектаў НЦСМ Уладзімір Парфянок. У маі ўжо адбыліся лекцыі Максіма Жбанкова, Дзмітрыя Рагеля, Юсі Аалта.

Канешне, у цэнтра, як і ў кожнай установы, ёсць свае цяжкасці.

— Для чаго ствараўся цэнтр? Каб паказаць, што сучаснае мастацтва мае больш шырокія рамкі за тыя, якія ўяўляюцца большасці. Цэнтр павінен засяродзіць сваю ўвагу на тым, каб сабраць разнастайнасць напрамкаў, жанраў, відаў мастацтва. Канешне, ёсць фонды, і цэнтр захаваў музейную функцыю, але яна зараз не галоўная. Канчаткова сказаць, якім будзе НЦСМ зможам, калі выпрабуем розныя віды мастацтва, вызначым наколькі той ці іншы пасуе ўстанове”, — растлумачыла Наталля Шаранговіч.

Студэнты Акадэміі мастацтваў ужо выканалі сваю работу. Адну з дзвюх залаў зманціравалі і фіны. Другой сонечным прахалодным вечарам “авалодалі”, як сказана ў праграме, “незвычайныя спектаклі”, якія спалучаюць драматычны тэатр і сучасныя танцавальныя тэндэнцыі. Паглядзела толькі адзін з іх “Як мы з Надзяй…” Лёгкая, не перагружаная сэнсавымі пластамі гісторыя, пра дзвюх сябровак, якіх запрасілі працаваць у элітную краму. Падчас прагляду адразу прыгадала расійскія серыялы, якіх штовечар чакаюць многія кабеты. Яны хвалююцца за ўлюбёных герояў, а больш уражлівыя — нават плачуць. Урэшце, таксама сучаснае мастацтва прычым — блізкае тысячам і тысячам людзей. Мо такі стыль і ёсць выпрабаваннем мастацтва, пра якое казала дырэктар НЦСМ?

Фота аўтара

 

Фотафакт

Губараў open air

/i/content/pi/cult/588/13039/7-2.jpg

На сталічнай плошчы Якуба Коласа адкрыўся чарговы сезон праекта "Мастак і горад". Другі складнік -— нязменны: гэта Мінск. А вось Мастак сёлета —Валянцін Губараў. Яго сюжэтны жывапіс сёння ў цэнтры ўвагі гараджан.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст