“Па праву памяці жывы…”

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

У сталіцы Дзень Перамогі адзначалі ва ўсіх раёнах, а асноўныя культурныя дзеі разгарнуліся на цэнтральных плошчах, у парках ды ў культурных установах.

/i/content/pi/cult/586/12996/2-1.jpgАле культурныя акцыі, прысвечаныя Дню Перамогі, распачаліся ў сталіцы раней. Так, у гала-канцэрце Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, які 6 мая прайшоў у Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў, прынялі ўдзел 9 калектываў і 16 выканаўцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Сярод удзельнікаў гала-канцэрта — народныя хоры ветэранаў з Мінска, Жабінкі, Наваполацка, Мазыра, Воранава, Магілёва, Салігорска і некаторыя іншыя. Творчы форум ветэранаў праводзіўся ў Мінску трынаццаты раз. 6 мая ў Палацы Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт “Па праву памяці жывы…”, 7 мая прайшлі святочны канцэрт народнага артыста СССР Іосіфа Кабзона і ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу “Хрустальныя зорачкі”, а таксама выступленне студэнтаў Акадэміі музыкі ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе”.

9 мая свята распачалося з урачыстага ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. У акцыі прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Вянкі да манумента былі ўскладзены ад рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, Нацыянальнага сходу, судоў, Савета бяспекі і Узброеных Сіл Беларусі і іншых устаноў і арганізацый.

Удзельнікі цырымоніі ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання. На плошчы Перамогі былі дадзены шэсць залпаў артылерыйскага салюту. Затым перад прысутнымі ўрачыстым маршам прайшлі зводная рота і аркестр ганаровай варты ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі.

Выступаючы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларусы захоўваюць мір і спакой Айчыны.

— Я звяртаюся да вас, хто пайшоў ад нас, да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу, — сказаў Прэзідэнт. — Пакланяючыся перад вашым подзвігам, мы горда і з гонарам заяўляем: мы свята захоўваем памяць аб вашай Перамозе, нашай Перамозе, мы не дазволілі і ніколі не дазволім сказіць праўду аб гэтай Перамозе, фальсіфікаваць і адняць яе ў нашых дзяцей і ўнукаў!

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь дорага заплаціла за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Мы ніколі не забудзем тых, хто загінуў за нашу свабоду, змагаючыся ў франтавых акопах і ў партызанскіх лясах, у падполлі і прафесійнай разведцы. Хто быў закатаваны ў лагерах смерці, у засценках гестапа. Хто памёр ад цяжкай працы, холаду, голаду і недаядання ў тыле, аддаючы ўсё для фронту і для перамогі.

Сёння, заявіў беларускі Лідар, Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці, памятаючы ўрокі вайны. З гэтай прычыны, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі клапоцяцца аб бяспецы краіны, пастаянна ўмацоўваючы яе абаронны патэнцыял і адстойваючы мірныя спосабы вырашэння праблем на міжнароднай арэне.

Таксама ў гэты дзень на плошчы Перамогі ўпершыню прайшла акцыя “Беларусь памятае”. У ёй узялі ўдзел грамадскасць горада Мінска, прадстаўнікі маладзёжных і дзіцячых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Людзі трымалі ў руках партрэты герояў вайны, сваіх родных як сведчанне памяці аб тых жахлівых днях і ўсенароднай удзячнасці пакаленню пераможцаў. З чатырох бакоў да помніка Перамогі сцякалася шэсце, сімвалізуючы чатыры гады Вялікай Айчыннай вайны і, адначасова, чатыры франты, што вызвалялі Беларусь.

Для ветэранаў на плошчы Перамогі былі ўстаноўлены трыбуны. Затым да мемарыяльнага помніка былі ўскладзены кветкі, а таксама прагучаў вальс Перамогі. А ўвечары на пляцоўцы перад Вечным агнём адбыўся святочны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь з удзелам беларускіх выканаўцаў і запрошаных артыстаў.

Буйныя святочныя мерапрыемствы прайшлі ў гэты дзень каля сталічнага Палацу спорту. Тут, у рамках праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Кветкі Вялікай Перамогі”, размясціліся рэканструкцыі палявога шпіталю, партызанскай зямлянкі, разведшколы — усяго больш за 40 тэматычных пляцовак. Напрыклад, Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей прадставіў на суд жыхароў і гасцей Мінска імправізаваны абласны штаб камсамольска-партызанскага руху ва ўрочышчы Хаваншчына. Тут можна было ўбачыць салдацкі партабак, брытвы, руска-нямецкія слоўнікі, выдадзены ў Маскве ў 1943 годзе, а таксама пакаштаваць партызанскай кашы, аладкі з крапівы і травяны чай.

Да слова, да Дня Перамогі пасля рэканструкцыі адкрыты мемарыяльны комплекс “Прарыў” на Ушаччыне. Быў абноўлены і мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. У 2015-м рэстаўрацыю помніка здзейсніла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Паклалі новы газон, у першапачатковы выгляд прывялі мазаіку і манументальныя барэльефы, аднавілі лесвіцы і цалкам замянілі асвятленне. А сёлета, дзякуючы высілкам валанцёраў і фінансавай падтрымцы абласных улад, мемарыял сілкуецца электрычнасцю ад сонечных батарэй, усталяваных каля Кургана Славы. Дарэчы, менавіта ад Кургана Славы ў дарогу адправіўся Музей-бус “Кветкі Вялікай Перамогі”. У мабільным музеі адкрыта экспазіцыя, у якой можна ўбачыць зброю, сцягі, улёткі і плакаты. Самае цікавае, што ўсе экспанаты можна смела браць у рукі і фатаграфавацца з імі. Музей на колах праедзецца па ўсёй краіне.

Завяршыліся святочныя мерапрыемствы ўрачыстым салютам, які прагучаў над беларускай сталіцай а 22-й гадзіне 9 мая. Пускавыя ўстаноўкі для салюта размясціліся ў васьмі кропках Мінска.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"