Інфармацыйнасць? Асветніцтва?

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Алена ШВЕДАВА, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны
Куды сёння рушыць еўрапейская і сусветная опера? Якія кірункі опернага мастацтва аказваюцца найбольш перспектыўнымі? На гэтыя і многія іншыя пытанні я неаднаразова шукала адказ у час гастроляў.

/i/content/pi/cult/586/12990/fimg-491.jpgРаней я больш ездзіла на Захад, цяпер — на Усход: Кітай, Карэя. Там вельмі зацікаўлены ў далучэнні да еўрапейскай культуры, шмат ураджэнцаў гэтых краін навучаюцца музыцы ў нас — і гэта невыпадкова. Каб узрасціць спевака, аднаго яго голаса мала. Трэба ўкласці ў падрыхтоўку шмат намаганняў, грошай, а ці атрымаецца што — незразумела. А ў нас склалася выдатная вакальная школа, якая пераняла і суміравала лепшыя рускія і італьянскія традыцыі.

Еўрапейскія оперныя тэатры здаўна падсілкоўваліся за кошт прыезду вакалістаў і інструменталістаў з былога Савецкага Саюза. Зірнеш у аркестравую яму — дык там ледзь не палова славянаў! З расійскіх Масквы, Санкт-Пецярбурга, з Украіны, дый выхаванцаў нашай Акадэміі музыкі хапае. Але пройдзе крыху часу — і на гэтыя месцы прыйдуць кітайскія, карэйскія музыканты, якіх мы, дарэчы, і рыхтуем. Бо яны імкнуцца да авалодання добрай выканальніцкай тэхнікай, шмат займаюцца і паступова пяроймуць гэту музычную нішу.

А што ж мы? Пакуль у нас ёсць і нацыянальная школа, і нацыянальны тэатр, які трымаецца найперш на выхаванцах першай — на нашых беларускіх музыкантах. І калі так захаваецца надалей, дык зможам зберагчы традыцыі. Апошнім часам усе гавораць пра неабходнасць пераходу ад рэпертуарнай мадэлі, якая існуе ў нас, да іншых тыпаў тэатра, калі замест утрымання пастаяннай трупы ўдзельнікі набіраюцца на кожны наступны праект. Але гэта, як высветлілася, не так бяспечна, бо прыводзіць да страты нацыянальных традыцый. Італьянская опера даўно жыве за кошт запрошаных спевакоў — і паступова губляе свае нацыянальныя рысы. Карацей, кантрактная аснова — не панацэя. Так, салісты павінны мець магчымасць выязджаць на гастролі, удзельнічаць у разнастайных праектах, уключаючы замежныя. Тэатр таксама можа запрашаць замежных салістаў для ўдзелу ў спектаклях: гэта прыцягвае ўвагу гледача, дазваляе артыстам паглядзець на розных выканаўцаў сваёй партыі, параўнаць сябе з імі, пераняць лепшае. Але нельга цалкам разбураць тое, што склалася. Іначай мы страцім лідарства, як гэта ўжо адбываецца ў Еўропе.

Яшчэ адна тэндэнцыя тычыцца стылістыкі саміх пастановак. Сыходзіць мадэрнісцкая хваля, публіка хоча бачыць прыгожымі не толькі пачуцці, але і дэкарацыі, сцэнічныя строі. На першы план увогуле выходзяць не спевы, а “карцінка”. Сыходзіць сама культура ўспрыняцця і ацэнкі оперных спектакляў. Становіцца ўсё менш сапраўдных знаўцаў, у оперу прыходзіць тая публіка, якая раней не мела дачынення да гэтага віду мастацтва. Ёй абыякава, хто і як спявае: паглядзелі і хопіць.

Каб неяк супрацьстаяць страце эстэтычных арыенціраў, у той жа Расіі, да прыкладу, пачаліся аднаўляцца публічныя лекцыі — найперш, для моладзі і школьнікаў, якія часцяком прыходзяць з бацькамі. Думаю, штосьці падобнае было б карысна і для нас. Опернае мастацтва — адно з самых складаных, і не толькі па яго ўвасабленні, але і па ўспрыняцці, да яго трэба рыхтавацца. Добра, калі такую падрыхтоўку праводзяць бацькі, самі ўлюбёныя ў тэатр. Але цяпер ёсць пакаленні, якія з розных прычын былі адлучаны ад класічнага мастацтва, і яны не могуць прывіць сваім дзецям тое, чым не валодаюць самі. Таму на сёння, лічу, звязаныя з культурай сферай СМІ павінны быць не толькі інфармацыйнымі, як гэта часцей за ўсё бывае, але і асветніцка-пазнаваўчымі. Нашай грамадскасці катастрафічна не стае элементарных ведаў пра мастацтва! А без іх выпрацаваць добры густ і сапраўдны ацэначны апарат у галіне оперы немагчыма.

Дадам, што ўсё гэта распаўсюджваецца не толькі на оперу, якая мне, зразумела, бліжэйшая, але і на ўсё наша мастацтва. Таму і ўзнікла парадаксальная сітуацыя: стваральнікі высокіх жанраў у нас пакуль яшчэ ёсць, а вось дасведчаных карыстальнікаў, якія, урэшце, паўплываюць на развіццё мастацтва, галасуючы за яго рублём, — на жаль, не стае.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"