Куды "прыбіцца" драматургу?

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Валерый АНІСЕНКА, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
Па даных, агучаных Міністэрствам культуры краіны, летась айчынныя тэатры сыгралі 120 прэм’ер, 30 з якіх было пастаўлена па творах беларускіх аўтараў.

/i/content/pi/cult/586/12989/5-1.jpgКанешне, мастацтва лепш не вымяраць лічбамі, але відавочна, што ў краіне дастаткова цікавых драматургаў. Напрыклад, калі я ўзначальваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, нам удавалася даволі лёгка складаць рэпертуар ці не на 75 % з айчынных п’ес. Я пачынаў бы размову з іншага: у Беларусі не культывуюць нацыянальных аўтараў.

Калісьці ў РТБД з’явіўся спектакль “Адэль”, які корміць тэатр на працягу дваццаці гадоў. Але пра аднайменную п’есу ні ў Гродне, ні ў Барысаве, ні ў Віцебску не ведаюць… Атрымліваецца, п’еса застаецца на ўзроўні пэўнага тэатра і далей не ідзе. Ёсць рэжысёры, якія самі просяць: “Дайце новае айчыннае!” А няма, дзе прачытаць! На маю, думку, сёння не стае выдання, якое б распаўсюджвала нацыянальную драматургію. Няхай будзе на самай таннай паперы раз на квартал, але каб панавала маладая нацыянальная драматургія з прафесійнымі анатацыямі ад вядучых крытыкаў.

Я шчыльна звязаны з беларускімі аўтарамі. Часта бачу, як моладзі літаральна няма куды “прыбіцца“. Менавіта таму ў свой час стаў ініцыятарам стварэння на базе РТБД Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры, які тады знаходзіўся ў падвешаным стане. Зараз у цэнтра цудоўны кіраўнік Аляксандр Марчанка, які займаецца “гадаваннем” моладзі, і поспехі яго відавочныя. На гэтай жа ніве працуе Таццяна Траяновіч у цэнтры эксперыментальнай рэжысуры.

Аднак, каб беларускія назвы часцей з’яўляліся ў афішы, неабходны бонус ад дзяржавы. Чаму б не ўзяць за ўзор прыклад Францыі, дзе за падтрымку французскай мовы даюцца пэўныя прывілеі? Дадатковыя адлічэнні з абласнога ці рэспубліканскага бюджэту на падтрымку свайго былі б стымулам: калі на пастаноўку айчыннай п’есы гарантавана будуць выдаткоўвацца грошы, рэжысёрам стане выгадна звяртацца да беларускага матэрыялу.

У нас у гэтых адносінах пакуль нічога не змяняецца. Складваецца адчуванне, што зараз тэатр хутчэй адносяць да сферы абслугоўвання, чым да творчай галіны… Паказалі беларусам на форуме “M.@rt.кантакт” у Магілёве спектакль “Жыццё за цара” Тэатра Ды Капула з Санкт-Пецярбургу. Вы ведаеце, што трупа рэпеціравала яго два гады?!. А ў нас, бывае, і два месяцы на рэпетыцыйны перыяд не могуць адвесці.

Мяне засмучае яшчэ адна навіна: у рамках сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі адмовяцца ад намінацыі за лепшую работу рэжысёра. Маўляў, застанецца ўзнагарода за лепшы спектакль, якая ўключае рэжысёрскія здабыткі. Я лічу, што такое рашэнне вынікае з бездапаможнасці. Рэжысёр — ключавая фігура! Менавіта ён уключае ці не работу пэўных артыстаў, выбірае літаратурную аснову, падбірае творчую каманду, транслюе ўласнае бачанне. Смуткую, што ніхто з калег пра гэта не гаворыць. Мне вельмі хочацца пачуць аргументы тых дзеячаў мастацтваў, хто прапанаваў скараціць намінацыю за рэжысуру. Можна прыдумаць усё, што хочаце, аднак трэба разумець асноватворчыя, базавыя прынцыпы. Без рэжысёра спектакля быць не можа па вызначэнні — гэта факт!

Фота Аліны САЎЧАНКА
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"