Буквар у барыстэраў

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Беларускія навукоўцы здолелі даказаць, што ў буквара беларускія карані. Упершыню з’явілася і магчымасць прадставіць публіцы якасныя выявы першай у гісторыі кнігі, якая мела назву “Буквар”. Ім аказалася беларускае выданне, якому ў 2018-м споўніцца 400 гадоў.

/i/content/pi/cult/586/12984/6-1.jpg

Адкрыццё атрымалася зрабіць дзякуючы візіту ў Лондан напрыканцы 2015 года. Справа ў тым, што ў свеце захаваліся толькі два асобнікі гэтага ўнікальнага выдання. Адзін з іх, на жаль няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі (поўны) — у Вялікабрытаніі, у Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана Тэмпл, дзе некалі мелі сваю рэзідэнцыю рыцары-тампліеры.

Ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў, прынамсі з тых, хто жыве сёння, раней не было магчымасці ўбачыць “Буквар” на свае вочы. На радзіме ні аднаго асобніка не захавалася: іх проста “зачыталі да дзірак”, як часта бывае з вучэбнымі выданнямі. Як ні дзіўна, але нам вельмі пашанцавала, што адна з тых кніг яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя была вывезена ў Лондан калекцыянерам вучэбных выданняў Робертам Эшлі. У далейшым яна трапіла ў закрыты для знешняга свету збор лонданскіх барыстэраў (карпарацыю адвакатаў), дзе захоўваецца і сёння.

Дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага універсітэта, і перш за ўсё Джыма Дынглі, у мяне з’явілася магчымасць вывучыць гэты надзвычай каштоўны помнік нашай культуры і нават зрабіць некаторыя копіі.

Як атрымалася ўдакладніць, першая ў свеце кніга пад назвай “Буквар” была выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Гэта было адно з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, якое выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах.

Варта адзначыць, што у 2018 годзе мы маем магчымасць адсвяткаваць 400-годдзе буквара, беларускага буквара. А да гэтага часу было б выдатна выпусціць факсімільнае выданне, правесці канферэнцыю, а таксама стварыць музей буквара.

Алесь СУША, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі