Рэчаіснасць пад новым соусам

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

У знакамітым фільме “Летась у Марыенбадзе” герой літаральна “стварае” памяць сваёй візаві, паступова пераконваючы незнаёмую дагэтуль жанчыну ў тым, што яна некалі яго кахала. Выстава “Усё было па-іншаму” таксама прысвечана падманлівым уласцівасцям памяці — прычым, як падаецца, не толькі асабістай, але і культурнай. Наведаўшы Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, цікаўны замежнік можа прыйсці да высновы, быццам беларускае сучаснае мастацтва мае паўнавартасны “бэкграўнд”, і замест таго, каб прылюдна камплексаваць, яго прадстаўнікі спакойна выказваюцца на агульначалавечыя тэмы.

/i/content/pi/cult/586/12979/8-2.jpg

Канстанцін Селіханаў. “Ты ёсць толькі ты”.

За невялікім выключэннем, праект сабраў “залатую абойму” беларускіх канцэптуалістаў сярэдняга пакалення. Што адметна, кожны з іх прадставіў менавіта новыя (калі гэтае слова яшчэ, канешне, наогул дарэчы) творы. З аднаго боку, яны падаюцца перадусім відавочнымі маркерамі унутраных аўтарскіх практык, з іншага — цудоўна ўспрымаюцца і самі па сабе. Пагатоў, экспазіцыя папраўдзе прадуманая і выкшталцоная, экспанаты нібы ўпісаны ў выставачную прастору, эксплікацыі — уцямныя ды разгорнутыя, дадатковая праграма — у наяўнасці... Словам, на выхадзе атрымаўся сапраўды “гатовы прадукт”, а не звыклы для нашай культурнай прасторы набор паўфабрыкатаў.

Але не гэтыя знешнія фактары вызначаюць поспех выставы, а перадусім яе надзвычай глыбокая для сённяшняга павярхоўнага часу тэма. Куратар Таццяна Кандраценка імкнулася асэнсаваць здрадлівыя ўласцівасці памяці: здаецца, нібы яно было так, а яно насамрэч было іначай. Але паколькі пускаць чужаніцаў ва ўласную памяць наважыліся нямногія, выстава атрымалася збольшага пра іншае — пра рэчаіснасць і яе ўспрыяцце.

Некалі канфлікт паміж традыцыйным і новым мастацтвам вызначаўся акурат стаўленнем да рэчаіснасці: у першым выпадку, міметычнае адлюстраванне, у другім — пераўвасабленне альбо нават стварэнне нейкай аўтарскай альтэрнатывы. Выстава лішні раз сведчыць, што тыя часы ўжо прамінулі, і энцыклапедычнае вызначэнне рэалістычнага метаду трохі паспела састарэць.

Задзейнічаныя ў выставе аўтары не перайначваюць рэчаіснасць, вынаходзячы для гэтага тыя ці іншыя фармальныя прыёмы, але адкрываюць новыя спосабы яе бачання і ўспрымання. Ці не большасць прадстаўленых твораў — наогул свайго кшталту “рэдзі-мэйд”. Напрыклад, старыя фота на пашпарт, выстаўленыя Уладзімірам Парфянком, якія даюць магчымасць углядацца ў сотні незнаёмых твараў. Альбо тэкст нейкага швейцарскага прафесара, пад якім “падпісаўся” Ігар Саўчанка. Альбо ягоны ж запіс задушэўных акапельных спеваў нейкай Машы, што гучаць у пустым цёмным пакоі. Маша — гэта проста чалавек, але чалавек канкрэтны, рэальны, а не вобразны. Ёсць яшчэ рэпрадукцыя фота часоў Першай сусветнай, пераўтвораная Наталляй Залознай у тэатральную кулісу, з-за якой зеўрае пустэча.

У прынцыпе, сюды ж можна аднесці і відэаінсталяцыю Канстанціна Селіханава: бясконцая стужка зімовага краявіду, знятая з вакна машыны, і неонавы надпіс: “Ты толькі адзін, тут толькі ты”. Такім чынам, ландшафт становіцца не проста месцам дзеяння, але неад’емнай часткай экзістэнцыйных перажыванняў. У іншым творы таго ж аўтара гучнае слова “Рэвалюцыя” праектуецца на водную паверхню, губляючы сваю маналітнасць.

Татальная інсталяцыя Антаніны Слабодчыкавай гэтаксама спалучае нешта эфемернае (успаміны, пачуцці, метафары) з канкрэтнымі прадметамі, якія маюць сваю гісторыю. У штучнай галерэйнай прасторы яны стварае вобраз дома: вясковай хаціны, дзе некалі было жыццё, але цяпер яна спусцела. За ўсім гэтым, без сумневу, ёсць нейкая рэальная гісторыя. Аўтарка не распавядае яе, але дае адчуць — праз уздзеянне на ўсе органы пачуццяў гледача, нават нюх.

Уласны механізм узаемадзеяння з рэчаснасцю мае і жывапісец Ігар Цішын. Замет халсцінаў, ён выкарыстаў фотаздымкі з выявамі паўсядзёншчыны: пахіленыя вясковыя хаты, гарадскія шматпавярхоўкі, паржавелыя цыстэрны — карацей, усё тое, што не павінна трапляць у сакральную прастору мастацтва праз сваю банальнасць. Але некалькі ўзмахаў пэндзля — і гэтыя дакументальныя выявы набываюць зусім іншае эмацыйнае напаўненне, становяцца неадназначнымі ды інтрыгоўнымі.

І вось парадокс, які тычыцца бадай усіх удзельнікаў: пры ўсёй далікатнасці аўтарскага ўмяшальніцтва ды, як правіла, мінімалістычнасці скарыстаных выяўленчых сродкаў, рэдка калі ў выставачнай зале можна адчуць такі выразны подых аўтарства. Прычым гэтая магія аўтаматычна не дзейнічае: самі творы сябе не навязваюць. Аўтары, па сутнасці, ствараюць каналы для пачуццёвага і інтэлектуальнага дыялогу, прапануюць рэцыпіентам супаставіць свой досвед успрыяцця рэчаіснасці, у нечым шаблонны, а ў нечым вельмі індывідуальны.

…Пакідаючы сяброўскую бяседу, належыць адчуваць лёгкую весялосць, пакідаючы трэнажорную залу — стому ў цягліцах. А па выхадзе з выставы сучаснага мастацтва хацелася б бачыць звыклыя атрыбуты нашай паўсядзённасці нейкім зусім іншым поглядам. Выстаўка “Усё было па-іншаму” такі эфект забяспечвае.

Ілья СВІРЫН

Пірсінг для “Венеры Урбінскай”

Апошнім часам інсталяцыі (у тым ліку рознага кшталту “таемныя” пакоі) усё больш уваходзяць у моду. Згадаем, напрыклад, “Таемны пакой” Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна, “Цёмны пакой” Сяргея Грыневіча… Карацей, засяроджанасць на асабістым — адчуваннях, успамінах, настальгіі прасочваецца. Без гэтага не абышлося і ў праекце “Усё было па-іншаму”, падрыхтаваным Нацыянальным цэнтрам сучаснага мастацтва, фондам “Ідэя” пра падтрымцы кампаніі “Velcom”.

/i/content/pi/cult/586/12979/8-1.jpgПраект надае ўвагу прапорцыі “памяцьрэальнасць”. Перад куратарам Таццянай Кандраценка і аўтарамі (беларускімі, бельгійскімі, польскімі) ставіцца адпаведнае пытанне: памяць захоўвае альбо трансфармуе (адаптуючы пад рэальнасць) злепак падзей? І ў асноўным творцы свой адказ, выказванне, ідэю прадставілі ў форме інсталяцыі — гукавой, прасторавай, відэа.

Варта згадаць відэаінсталяцыю Канстанціна Селіханава “Ты ёсць толькі ты”. Які варыянт з прапанаваных аўтарам выбірае глядач: “Ты — гэта толькі ты” альбо “Толькі ты ёсць”? Твор Канстанціна мае літаральна гіпнатычнае ўздзеянне, ён быццам “паглынае”, бо ў аснове работы — падвоенае відэа, знятае з акна аўтамабіля. Розніца паміж часткамі выказвання  — у адносінах да сябе і да свету. Кім ты з’яўляешся ў гэтай прасторы? Урэшце, не варта прытрымлівацца толькі прапанаваных Канстанцінам трактовак. Варыянты, падаецца, могуць быць наступныя: ты — “элемент” натоўпу (адзінокі механізм), ты — індывідуальнасць (ці не)…

Інсталяцыя Міхаіла Гуліна з серыі “Нічога свайго” складаецца з gif-анімацыі, малюнка і палатна з пірсінгам (які Міхаіл хоча прапанаваць “Венеры Урбінскай” Тыцыяна). І цікава ў дадзеным выпадку, што адзін і той жа вобраз “пераходзіць” праз часавае вымярэнне, змяняючы, зразумела, свой выгляд, і страчваючы асноўны “пасыл”. Запазычанні ж паступова “абнуляюцца” ў сэнсавым плане.

Наталля Залозная вырашыла зрабіць “Антракт”. Але тэатральны перапынак больш нагадаў спектакль (урэшце, аўтар са мной не пагадзілася б). Некаторыя наведвальнікі занялі крэслы і ў чаканні чагосьці замерлі, паглядаючы на раздрукаваны холст з выявай ваенных. Дык а глядач? Што з’яўляецца сцэнай — прастора з наведвальнікам цэнтра або з персанажамі? Падчас знаёмства з інсталяцыяй Наталлі, віравала і дыскусія: на раздрукаваным палатне — мінулае альбо будучыня? Многія сышліся на мінулым, бо “праз” холст можна было прайсці, і быццам бы “растварыцца” у натоўпе.

Пра згаданую моду на таямнічасць і інтымнасць. Гэтым разам “цёмным” пакоем сталася прасторавая інсталяцыя Антаніны Слабодчыкавай “Поўнае маўчанне”, што адсылае да выказвання італьянскага кінарэжысёра П’ера Паала Пазаліні: “Самая чыстая форма мастацтва — поўнае маўчанне паэтаў, якія не пішуць”. Памяшканне нагадала дом: з цёмнымі калідорам і залай, дзе аказваецца відэа і знаходзяцца невыпадковыя рэчы… Антаніна ўзнімае тэму архівацыі часу і памяці. Што застаецца ад перажытага ў памяці? Як трансфармуюцца альбо знікаюць успаміны? Якім чынам можна матэрыялізаваць успамін? На ўсе гэтыя пытанні Антаніна Слабодчыкава знаходзіць адказ.

Дакументальны фотапраект Аляксандра Цехановіча “Касмадромы знікаюць” з’яўляецца не выказваннем, а “рэгістрацыяй выявы”. На фотаздымках — збожжасховішчы, стайні ды іншыя будовы, якія раней належылі калгасам і саўгасам. На гэтыя аб’екты фатограф звярнуў увагу яшчэ ў дзяцінстве. Магчыма, наведвальнікі ўбачылі на творах Аляксандра не проста “зафіксаваную рэальнасць”, а фактуры, халодныя адценні, настрой. Па эмацыйным напаўненні работы Цехановіча нагадалі жывапіс амерыканскага рэаліста Эндру Уаета.

Гукавая інсталяцыя “Маша” Ігара Саўчанкі візуальны вобраз пакінутага пакоя дапаўняе 18 песнямі 1980 — 1990-х пра лёс чалавека, сяброўства, дзяцінства… “Ключавы момант у творы — нейтральны спеў усім знаёмых песень. Ёсць момант “завісання” паміж публічным і асабістым, агульначалавечым і патаемным”, — дадае куратар Таццяна Кандраценка.

Можна інтэрпрэтаваць сучаснае мастацтва некалькі разоў, і гэта надае асаблівы прысмак. Няма правілаў, канонаў — поўная свабода, як напачатку можна падумаць, і самавыражэння, і інтэрпрэтацыі. Але ў гэтым і тоіцца неспадзяванка. Выставу “Усё было па-іншаму” можна “прачытваць” некалькі разоў, знаходзячы розныя сэнсы. Не буду ставіць кропку. Таму стаўлю шматкроп’е…

Вольга РОПАТ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст