Ад “барана” да тузіну стужак

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Нематэрыяльная спадчына: цікавосткі з Глыбоччыны
Шэраг тэхналогій і абрадаў з Глыбоцкага раёна маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца своеасаблівымі брэндамі гэтага куточка Віцебшчыны.

/i/content/pi/cult/586/12975/12-2.jpgМенавіта хлеб

На Глыбоччыне традыцыя выпечкі аржанога хлеба мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вёскі Дзеркаўшчына. Скажам, сёння імя пенсіянеркі Сцепаніды Лупач вядомае, і прычынай таму… менавіта хлеб. Гэтая жанчына не толькі зберагла рэцэпт выпечкі аржанога дамашняга хлеба, але і перадае набытак нашчадкам.

Як сцвярджае Сцепаніда Лупач, рэцэпт выпечкі хлеба ў іх родзе перадаваўся на працягу 200 гадоў! У чым жа яго сакрэт? “Па першае, трэба добра вымесіць цеста, — кажа гаспадыня. — Зараз многія налаўчыліся выпякаць хлеб па-свойму. Дадаюць дрожджы, штучныя інгрэдыенты, пякуць у спецыяльнай хлебапечцы. Кажуць, смачна. Але матуля нас вучыла рабіць хлеб — без дражджэй, на рошчыне. Праўда, гэта больш складана, ды і часу вымагае. На першым бохане я абавязкова раблю крыжык, а пяку хлеб на лістах клёна, аера, дуба…”.

А яшчэ Сцепаніда Аляксандраўна ўмее пекчы хлеб з салам, які называе “бутэрбродам”. Паміж слаёў цеста кладзе кавалачкі сала, якое потым запякаецца. Атрымліваецца вельмі апетытна і смачна.

Сцепаніда Аляксандраўна выпякала каравай да Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім, для выстаў народнай творчасці, для сустрэчы замежных гасцей, напрыклад, удзельнікаў фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”. Настаяцель глыбоцкага сабора Раства Прасвятой Багародзіцы нават адвёз некалькі боханаў у Ерусалім.

Рэцэптура і тэхналогія выпечкі аржанога хлеба выкарыстоўваецца ў якасці мясцовага брэнда ва ўстановах грамадскага харчавання і падчас фестываляў ды святаў.

“Масляны баран”

Яшчэ адной глыбоцкай “фішкай” з’яўляецца “масляны баран” — святочная страва, якая сёння скарыстоўваецца і ў штодзённым хатнім ужытку, гатуецца на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці.

Прыгатаванне пачынаецца са збору смятаны. Пасля ў спецыяльнай драўлянай бойцы ўзбіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, масла прамываецца ў некалькі водах, абавязкова соліцца. Затым масла сціскаюць у камок (прадаўгаватай формы) і выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінту робіцца “авечая поўсць” (“воўна”), якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску робяцца рожкі, з гарошку перцу робяцца вочкі. Апошнім штрыхом з’яўляецца ўпрыгожванне “маслянога барана” рознай зелянінай (напрыклад, пятрушкай). Асабліва смачным атрымліваецца “масляны баран” у Марыны Хрол, жыхаркі вёскі Мацюкова.

“Насіць намётку”

Абрад “Насіць намётку” найбольш шырока распаўсюджаны сярод жыхароў вёскі Папшычы Глыбоцкага раёна, якія выраблялі ў сваім паселішчы “абыдзённікі”. Назва паходзіць ад словазлучэння “аб адзін дзень”, якое падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. Менавіта за гэты час вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Рабілі гэта, каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, пажару, засухі ці нават вайны.

На працягу ўсяго XIX стагоддзя выраб абыдзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Выраблялі абыдзённік яшчэ і ў першай палове XX стагоддзя, асабліва падчас Другой сусветнай вайны. Паступова абрад гэты адышоў у нябыт і застаецца пераважна ў пасіўнай форме — у памяці людзей.

У вёсцы ж Папшычы Глыбоцкага раёна абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу, ператварыўшыся ў сталую практыку. Штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў (па календары каталіцкай канфесіі) усе вяскоўцы збіраюцца каля прыдарожнага крыжа. Пасля выканання непрацяглых спеваў, людзі разгортваюць палатно, якое напярэдадні набыла ўся вёска. На палатно, ці як яго называюць у Папшычах, “намётку”, кладуць грашовыя ахвяраванні.

Пасля гэтага працэсія са спевамі накіроўваецца на могілкі, дзе адбываецца Святая імша. Несці намётку павінны самыя маладыя жыхары вёскі, а найлепш, каб гэта рабілі дзеткі. Пасля імшы палатно ахвяруюць на патрэбы парафіяльнага касцёла ў вёсцы Удзела.

Маляваныя дываны

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я таксама распаўсюджана на Глыбоччыне. Такія дываны — гэта маляваныя на тканіне (паперы, цыраце) вырабы, прызначаныя для ўпрыгожання інтэр’ера.

Самым вядомым творцам “маляванак” на Глыбоччыне ў свой час, ды і па-сёння, застаецца Язэп Драздовіч. Менавіта яго дзейнасць паўплывала на развіццё маляваных дываноў усяго Паазер’я. А буйнымі цэнтрамі мастацкага роспісу на Глыбоччыне былі паселішчы Беразвечча, Падсвілле, Мікуліна.

Тое, што глыбоцкія “маляванкі” сёння знаходзяцца пад аховай дзяржавы, — вялікая заслуга майстра па роспісе тканіны і носьбіта народнай традыцыі малявання дываноў Святланы Скавырка, чые творы неаднаразова выстаўляліся на раённых, абласных і міжнародных мерапрыемствах. Увогуле ж, сучасныя носьбіты названай традыцыі перадаюць сваё майстэрства на майстар-класах, вядуць гурткі па маляванцы, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якую трэба перадаць нашчадкам.

Наталля НІКІФАРОВІЧ, метадыст па народнай творчасці метадычнага аддзела Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці

Касцюмы з X стагоддзя

Cупрацоўнікі Глыбоцкага дома рамёстваў не так даўно рэканструявалі касцюмы свайго рэгіёна.

Для рэканструкцыі касцюмаў Х — ХІІ стагоддзяў творчым калектывам установы культуры выкарыстоўвалася інфармацыя даследаванняў кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, археолага Людмілы Дучыц. Яна ўдзельнічала ў археалагічных раскопках курганоў на тэрыторыі Глыбоцкага раёна каля вёсак Чарневічы, Перавоз, Падгаі, Зябкі ў 1998, 2000, 2001 гадах.

Касцюмы асноўнай часткі жыхароў Віцебшчыны Х — ХІІ стагоддзяў (у асноўным, вяскоўцаў), як жаночы, так і мужчынскі, характарызуюцца шматлікімі металічнымі ўпрыгожаннямі і маюць балцка-славянскія рысы. І мужчынскі, і жаночы касцюм складаліся з ільняной кашулі, набедранага адзення (панёвы — у жанчын, порты — у мужчын), верхняга адзення (світа, плашч, наплечнае пакрывала — вілайнэ, кажух, шуба і гэтак далей).

Кашулі па пакроі былі тунікападобнымі. Выраз рабіўся авальны ці чатырохвугольны, разрэз — пасярэдзіне грудзі, альбо з боку. Каўнер, край кашулі і рукавоў аздабляліся вышыўкай. У жаночых кашулях былі распаўсюджаны стаячыя каўняры, якія зашпільваліся на маленькія гузікі (часта рабіліся на падкладцы з кары ці бяросты). Хутчэй за ўсё ў Х — ХІІ стагоддзях насілі фартухі, сарафаны, кабаты, якія добра вядомыя па суседніх тэрыторыях. Важную ролю ў касцюме, як у жаночым, так і ў мужчынскім ды дзіцячым, выконваў пояс — тканы, плецены, скураны, шаўковы. Паясы насілі са спражкамі — бронзавымі, жалезнымі, касцянымі.

Найважнейшай састаўной часткай касцюма, асабліва жаночага, з’яўляецца галаўны ўбор. Дзявочымі былі вяночкі з бяросты ці лубу, якія абшываліся тканінай (ільняной, шаўковай). Вянок упрыгожваўся вышыўкай ніткамі, бісерам або металічнымі пласцінамі, часта пазалочанымі. Бывала, што замест такіх вяночкаў надзявалі шаўковую тасьму або скураны раменьчык. Да вяночкаў і чапцоў прымацоўваліся скроневыя кольцы, якія прынята лічыць прыкметай этнасу. Для крывічоў найбольш характэрнымі лічацца бранзалетападобныя з завязанымі канцамі. Але акрамя апошніх шырока бытавалі і пярсцёнкападобныя колцы.

Для рэканструкцыі рэгіянальнага дзявочага касцюма Глыбоччыны 1930-х супрацоўнікамі Дома рамёстваў выкарыстоўваўся фотаздымак, які перадала жыхарка горада Глыбокае Людміла Маслава, 1937 года нараджэння.

Падобныя святочныя касцюмы насілі ў пераважнай большасці дзяўчаты-гараджанкі. Гарсэт шылі з аксаміту і ўпрыгожвалі паветкамі ці бісерам. Спадніцы былі з аднакаляровай тканіны, на якія нашывалі рознакаляровыя атласныя стужкі. Пацеркі насілі наступным чынам: іх прымацоўвалі да кручкоў, а потым зашпільвалі на гарсэце. Рэгіянальнай адметнасцю касцюма з’яўляюцца атласныя стужкі (іх колькасць даходзіла да дванаццаці), якія збіраліся ў кветку і замацоўваліся на левым плячы. Упрыгожаннем на галаве з’яўляюцца пацеркі на валасах.

Дзявочы касцюм Глыбоцкага раёна 1930-х складаецца з кашулі, спадніцы, гарсэта, фартуха. Кашуля тунікападобнага крою з бакавымі ўстаўкамі. Каўнер — стаяча-адкладны, разрэз па сярэдзіне перада, зашпільваецца на адзін гузік пад каўняром. Рукавы прамыя, па нізе сабраныя на зборку і апрацаваныя манжэтамі. Манжэты зашпільваюцца на гузікі. Кашуля аздобленая вышыўкай “крыжыкам”, якая размяшчаецца па каўняры, па манжэтах, па верхняй частцы рукава.

Спадніца прамая, сабраная па верху на зборку, ззаду — закладзеныя складкі. Па версе спадніца, апрацаваная поясам, зашпільваецца на гузік. Для надання пышнасці спадніцы, выкарыстоўваецца пад’юбнік. Па нізе спадніца ўпрыгожаная каляровымі атласнымі стужкамі.

Таццяна КАРНЕЕВА, малодшы навуковы супрацоўнік Глыбоцкага дома рамёстваў