Што гучыць пасля апакаліпсісу?

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

“На дне” Магілёўскага абласнога тэатра лялек у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Ігара Казакова — спектакль знакавы, набалелы, “няўтульны”, правакацыйны. Шэраг эпітэтаў можна працягваць — усё роўна яны не перададуць і сотай долі таго жывога, рухавага клубка змей-думак, якія жаляць пасля прагляду.

/i/content/pi/cult/585/12969/8-2.jpg

Сцэны са спектакля "На дне". / Фота прадастаўлена тэатрам

Галоўная сярод іх — дык гэта “дно” нейкага жудаснага склепа з каналізацыйнымі трубамі ці ўсё ж паддашак з комінам, ад якога да нябёсаў зусім блізка? А калі і сапраўды нябёсы побач, дык што яны нясуць — смерць ці ўваскрэсенне? Такія пытанні, зададзеныя сцэнаграфіяй, зусім не дарэмныя, бо ў іх сама сутнасць спектакля — яго перманентная амбівалентнасць, пастаянныя павароты усіх герояў і падзей то адным, то другім бокам. Жанравае азначэнне спектакля, дадзенае пастаноўшчыкамі, такой падвойнасці трактовак не дае: п’еса Максіма Горкага прачытана як “экзістэнцыйная драма ў двух актах роспачы”. Ды ўсё ж і той экзістэнцыялізм, усё яшчэ новы для беларускай культуры, і роспач, дзе ўжо само гэта слова міжволі вядзе да Уладзіміра Караткевіча, маюць у спектаклі рознае “начынне”.

Спачатку ўзнікае музыка (кампазітар — Аляксандр Літвіноўскі). Бы оперная ўверцюра пры апушчанай заслоне, яна настройвае на далейшае дзеянне. Але чуем мы арганны космас, сапраўдную харавую містэрыю — а бачым... нейкіх жудасных чарвякоў, што абгрызаюць труп, а той, у сваю чаргу, пазней выклікае асацыяцыі з пакладзеннем Хрыста ў труну. Ці ж гэта не супрацьлегласці, нечакана звязаныя ў разгалінаваныя ланцужкі інтэртэкстуальных спасылак? У такім неверагодным лабірынце скрыжаванняў, напластаванняў сэнсаў, у той самы момант, калі пасля амаль дзвюх гадзін мы канчаткова прымаем прапанаваны нам філасофскі хорар і пачынаем спачуваць жудасным двухгаловым пачварам (адна галава — лялькі, другая — самога артыста), якія імкнуцца скінуць абалонкі чарвякоў і паўстаць у чалавечых абліччах, — у гэты самы момант прыходзіць канец. Не фінал, а менавіта канец: з’яўляюцца санітары і праводзяць дэзінфекцыю — “зачыстку” тэрыторыі. Усё. Больш няма нічога. І не будзе...

Рэжысёр пазбаўляецца 4-й дзеі, што ёсць у арыгінале, разам з ёй знікаюць “галоўныя”, па савецкіх мерках, словы: “Чалавек — гэта гучыць горда!” Дый што можа гучаць пасля апакаліпсісу? Але — не проста гучыць, а літаральна б’е ў набат усё “суквецце” масавых чалавечых трагедый ХХ стагоддзя: экалагічныя катастрофы (невыпадкова “двухгаловыя”: яны прымушаюць згадаць постчарнобыльскіх мутантаў), сталінскія рэпрэсіі (трое санітараў асацыююцца з “тройкамі”, якія выносілі прысуд), фашысцкі генацыд. П’еса, напісаная на досвітку мінулага стагоддзя, на мяжы 1901 — 1902 гадоў, інтэрпрэтавана як мастацкія прароцтвы-папярэджванні аўтара ўсяму далейшаму разгорту сусветнай гісторыі. Дый “прышэсце санітараў” пастаноўшчыкі “выцягнулі” ўсё з той жа 4-й дзеі, увасобіўшы словы Насты: “Змесці б вас, як смецце… куды-небудзь у яму!” Так што калі штосьці не падабаецца ў такім фінале — усе прэтэнзіі да Горкага. Дый само заканчэнне спектакля раптоўным апакаліпсісам — зусім не ноў-хаў. Той жа Мікалай Пінігін сваю “Чайку” ў купалаўцаў завяршае прылётам каметы — і нічога, усе артысты жывыя, а гледачы адразу пераключаюцца для апладысментаў.

Пры ўсім “чарноцці” зместу, спектакль “На дне” выклікае самыя высокія эстэтычныя ўражанні. Адмысловыя лялькі (мастак — Таццяна Нерсісян) здзіўляюць не прыгажосцю, а выразнасцю — настолькі моцнай, што змест перадаецца не словамі (іх у першай палове спектакля часам увогуле не зразумець, бо ўсе крычаць на адной ноце, і лямант зліваецца ў аднастайную какафонію), а менавіта “лялькаваджэннем”. Нават самая простая з іх — Лука — адначасова падобная да абскубенага анёла, з якога ляцяць пух ды пер’е, і да мухі-назолы.

Акрамя сваіх артыстаў, на пастаноўку былі запрошаны двое з абласнога драмтэатра, таму спектакль можна лічыць сумесным праектам магілёўскіх труп. І ўсё ж “жывыя” артысты тут значна прайграюць лялькам-чарвякам — няўжо наўмысна, каб яшчэ больш падкрэсліць безнадзейнасць фіналу, вырашанага як “апошняе папярэджванне”?

Разнастайная музыка Аляксандра Літвіноўскага скарае эмацыйнай трапнасцю. Яна не дапаўняе відовішча, не каментуе яго, не “дасказвае” за герояў іх стан — наадварот, прынцыпова кантрастуе гэтаму паўраспаду чалавечых целаў і душ, і часам яе неверагодная прыгажосць і глыбіня робіць дзеянне яшчэ больш страшным.

Спектакль можна прымаць ці не прымаць — абысці яго немагчыма. І забыць — таксама. Мабыць, на гэта і разлік?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"