Тэндар тэндару не таварыш?

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Моднае слова “тэндар” даўно на слыху не толькі ў бізнесменаў, але і ў арганізацыях дзяржаўнай формы ўласнасці, у тым ліку — і сферы культуры. Менавіта праз тэндары сёння праводзяцца закупкі новых музычных інструментаў для школ мастацтваў, гукаўзмацняльнай і асвятляльнай апаратуры для Дамоў культуры, камп’ютарнага абсталявання для музеяў і многае іншае. А цяпер як у беларускіх, так і ў замежных кампаній з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у тэндарах па арганізацыі фестываляў і культурных імпрэз.

/i/content/pi/cult/585/12962/4-22.jpgНапрыклад, днямі Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама абвесціла тэндар на арганізацыю і правядзенне XIX Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які плануецца правесці ў Паставах з 10 па 12 чэрвеня. Арыенціровачны кошт закупкі, згодна з дакументамі тэндара, складае 230 мільёнаў рублёў, прычым 80 мільёнаў прадастаўляецца рэспубліканскім бюджэтам, а 150 мільёнаў — абласным.

Згодна з палажэннем, жыхароў і гасцей горада падчас культурнай дзеі чакаюць літаратурнае свята і канцэрт аднаго з замежных калектываў, конкурс “Хто каго?”, канцэрт класічнай музыкі ў мясцовым касцёле ды гала-канцэрт удзельнікаў форуму. Таксама ў фестывальныя дні можна будзе наведаць горад майстроў і сельскія падворкі раёна. На свята павінны прыехаць самадзейныя артысты і калектывы з Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны і Эстоніі.

Натуральна, раней фэст у Паставах ладзіўся сіламі супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама пры падтрымцы Міністэрства культуры і абласнога ўпраўлення. Цяпер жа, як вынікае, любая прыватная арганізацыя, здольная ладзіць падобныя мерапрыемствы, можа выйграць тэндар і зладзіць фэст па-свойму і з не меншым размахам.

Названая практыка, як распавяла “К” намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, распаўсюджваецца з пачатку гэтага года на ўсе маштабныя мерапрыемствы як міжнароднага, так і мясцовага маштабу. “Натуральна, пры адборы прэтэндэнтаў мы будзем улічваць пэўныя крытэрыі, — кажа суразмоўца. — Але пэўная насцярога ў нас прысутнічае: з аднаго боку, мы можам зэканоміць немалыя фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, а з іншага, цалкам магчымая і такая сітуацыя, калі прыватнік ці прыватная ж арганізацыя проста не змогуць забяспечыць правядзенне фестываляў і святаў на належным, высокім узроўні”.

З гэтай думкай згодны і намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Па ягоных словах, калі практыка правядзення тэндараў пры набыцці музычных інструментаў ці абсталявання для Дамоў культуры цалкам сябе апраўдвае, дык з фестывалямі гэта не так. “Справа ў тым, што ўзяць на сябе ўсе арганізацыйныя клопаты па правядзенні фестывалю не так проста. Трэба ведаць фестывальную “кухню”, валодаць усімі арганізацыйнымі пытаннямі на прафесійным узроўні. Ды і хто можа лепш правесці той жа фестываль “Берагіня”, як не мясцовы Акцябрскі райвыканкам?”

Між тым, лічыць Тадэвуш Стружэцкі, практыка правядзення тэндараў можа прывесці да пэўных праблем пры арганізацыі культурных мерапрыемстваў. “Цяпер тэндар можа выйграць любая арганізацыя, якая прапануе зладзіць фэст ці майстар-клас за меншыя грошы. Але ці справіцца прыватнік з гэтай працай? Прыгадваю, што некалькі гадоў таму пад патранатам Саюзнай дзяржавы ў Маскве ладзіліся майстар-класы па выканальніцкім мастацтве. Аднойчы тэндар на іх правядзенне выйграла прыватная фірма — і не змагла забяспечыць усе арганізацыйныя моманты для правядзення культурнай дзеі. У выніку, майстар-клас у тым годзе быў адменены. Не выключаю, што такая сітуацыя можа паўтарыцца і ў Беларусі. Таму адбіраць тых, хто прыме ўдзел у падобных тэндарах, трэба, на маю думку, асабліва пільна”.

Пра праблемы ў гэтым плане казала “К” і намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Інга Заўгародняя. На прэс-канферэнцыі “Развіццё фестывальнага руху ў рэгіёнах”, якая адбылася ў Прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы, яна адзначыла, што вызначыць пэўныя крытэрыі па арганізацыі святаў і фестываляў сёння даволі складана. “Фестываль — гэта жывое дзейства, якое не можа быць цалкам рэгламентавана, — пераканана яна. — Таму пытанняў у гэтым плане вельмі шмат, а ў такіх тэндарах трэба абавязкова прапісваць канкрэтныя тэрміны выканання тых або іншых мерапрыемстваў ці тэхнічных заданняў”.

Як адзначыў “К” кансультант упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда, поўнасцю рэгламентаваць творчы працэс, на яго погляд, будзе проста немагчыма. “Тут, у першую чаргу, трэба казаць пра традыцыі таго ці іншага фестывалю, якія больш вядомыя мясцовым культработнікам і, натуральна, менавіта яны і будуць гэтыя традыцыі захоўваць і прапагандаваць. А вось, напрыклад, пытанні арганізацыі харчавання, пражывання, праезду ўдзельнікаў і гасцей могуць браць на сябе па тэндарах камерцыйныя структуры. Скажам, падчас Рэспубліканскага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках, рассяленнем турыстаў займаюцца не толькі гасцінічныя комплексы ў Калінкавічах, але і ў Мазыры.”.

Як бачна, “творчыя” тэндары ў Беларусі на правядзенне фестываляў хоць і аб’яўляюцца, але пакуль што застаюцца, так бы мовіць, “манапалізаваныя” супрацоўнікамі сферы культуры. Іншая справа, ці доўга гэта працягнецца? Цалкам магчыма, што ў будучым канкурэнцыя ўзрасце: што ні кажы, а сотні мільёнаў рублёў — неблагая сума для любога прыватніка ці прыватнай арганізацыі, якія займаюцца арганізацыяй святочных мерапрыемстваў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"