Малады спецыяліст: што гэта значыць?

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Адзін мой сябар пажартаваў, разыграўшы дыялог: “Як ты рыхтуешся да размеркавання?” — “Ну, гляджу “Падарожжы дылетанта”. (Дарэчы, гэты салігорскі хлопец адкараскаўся спалохам: яго ўзялі на прэстыжную пасаду ў Мінску). Але жарту тут — працэнтаў на 15, астатняе — праўда. Штогод маем інфармацыю ад ВНУ, колькі запытаў прыходзіць, ад якіх арганізацый і ўстаноў, з якіх населеных пунктаў. І, самае цікавае, колькі маладых спецыялістаў гатова паехаць (і даехаць) на месца, каб сумленна адпрацаваць там два гады, а мо застацца і надалей.

/i/content/pi/cult/585/12951/10-1.jpg

Гацук: з месца ў кар’еру

Статыстыка — рэч вельмі змястоўная і красамоўная, але за кожнай лічбай і прозвішчам — чалавечы лёс. “К” вырашыла ці не пад лупай разгледзець адзін з іх — шлях Паліны Панамаровай, выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, што летам 2015 года накіравалася ў Падлескі сельскі дом культуры Слуцкага раёна на пасаду мастацкага кіраўніка разам са сваім калегам Уладзіславам Палянскім, які па плане павінен быў узначаліць гэтую ўстанову (пачатак гісторыі — “К” №28 за мінулы год), але абавязак перад радзімай трошкі змяніў курс хлопца.

Паліну ж, з дапамогай ужо знаёмай мне дырэктара Раённага цэнтра народнай творчасці Таццяны Івановай, я знайшла не ў Падлессі, як планавалася, а ў аграгарадку Гацук, які знаходзіцца за 35 кіламетраў ад Слуцка. Працуе яна там дырэктарам Дома фальклору. Месца працы змянілі з некалькіх прычын: па-першае, заставацца адной у велізарным будынку Падлескага СДК падалося выпускніцы неяк няўтульна, па-другое, ад Гацука да Мінска значна лягчэй дабірацца. Рашэнне было прынята з дапамогай метадычнага аддзела РЦК на карысць Паліны.

Некалькі рэмарак пра маладую дырэктарку. Родам яна з расійскай Самары, шмат павандравала з сям’ёй, але заўсёды — па буйных гарадах. На час вучобы ў ВНУ Паліна вырашыла прыпыніцца ў Мінску.

Скончыўшы БДУКіМ як менеджар міжнародных культурных сувязей, пасля ўніверсітэта яна ўяўляла сабе арганізатарам культурных праектаў, але рэальнасць перасягнула ўсе Палініны чаканні.

Заўсёды цікава, ці рыхтуюць сталічных студэнтаў за 4 гады да працы ў рэгіёнах. Паліна падзялілася, што яе заўсёды вабілі буйныя міжнародныя праекты Мінска, у якіх яна прымала ўдзел як валанцёр. Прайсці практыку на раёне таксама можна было б, але, кажа, гэта не дужа цікава і прыярытэтна для моладзі.

Таму, калі надышоў “час Х”, яна спярша разглядала варыянты пераразмеркавання ды шукала альтэрнатыву. “Фіктыўна выйсці замуж і тым самым выратаваць сябе мне не дазволілі асабістыя перакананні. Таму я вырашыла інакш: трэба адмежавацца ад масавай істэрыі і перастаць бегчы ад таго, чаго проста не ведаеш”, — паведаміла гераіня. Невядомым аказалася разнапланавая работа, дзе можна рэалізаваць сябе і як менеджар, і як творца, і як педагог, і як этнограф — магчымасці шырокія. Сапраўднай жа праблемай бачыцца тое, што ў Мінску сутнасць складанай і спецыфічнай працы ў раёне тлумачаць збольшага ў агульных рысах, бо і самі выкладчыкі з гэтай сферай судакранаюцца збольшага ў тэорыі. Усе тонкасці ўчарашнія студэнты “хапаюць” на месцы. З іншага боку, ці не ў гэтым хараство маладосці: хутка арыентавацца, знаходзіць у сабе рэзервы, нестандартна думаць?

У выпадку з Палінай Панамаровай мясцовае кіраўніцтва было само зацікаўлена ў маладым спецыялісце, стварыўшы ёй максімальны камфорт, які толькі можна арганізаваць ва ўмовах аграгарадка: двухпакаёвая кватэра па цане “камуналкі”, адрамантаваны дом фальклору з дзейнай сістэмай ацяплення. Ну і галоўнае: кругласутачная сувязь з падапечнай, спагадлівасць і жаданне дапамагчы.

“Мне давялося вывучаць, што такое сельская мясцовасць. Я абсалютна гарадскі чалавек, мяне ніколі не адпраўлялі на лета ў вёску да бабулі, таму і элементарныя рэчы былі ў навінку: як набраць ваду з калодзежа, скажам. А ў Падлессі гэта спатрэбілася, у Гацуку ж ёсць калонка. Не ведала, чым адрозніваецца калгас ад сельсавета. Карацей, трапіла ў нейкі асобны свет”, — Паліна распавядае, мы разам смяемся, але я разумею, што на яе месцы першыя дні была б такой жа бездапаможнай. Праўда, зараз дзяўчына выглядае вельмі ўпэўненай, поўнай годнасці і спакою.

Што да прафесійнай сферы, то ў яе маецца куратар ад Цэнтра народнай творчасці Слуцкага раёна, які адказвае на кожнае зададзенае пытанне. Хаця Паліна запэўнівае, што ёй “займаюцца ўсе”.

Акалічнасць, якая “ўсплыла” толькі падчас размовы: штат у Гацукоўскім доме фальклору складаецца… толькі з Паліны. Не, канешне, у яе яшчэ ёсць тэхнічны персанал (два качагары), што візаві падкрэслівала, але па факце дырэктар выконвае ўсе адміністрацыйныя, арганізатарскія і творчыя функцыі, а менавіта: кіруе 5 клубнымі фарміраваннямі (4 з іх — дзіцячыя); ладзіць шэраг стандартных мерапрыемстваў (кшталту святочных канцэртаў) ды нефармальных (псіхалагічныя трэнінгі для моладзі, скажам). Адразу наогул ставала запалу, але зараз Паліна больш удумліва падыходзіць да працы, расстаўляе прыярытэты. (Калі нумар здаваўся ў друк, “К” даведалася, што ў Дом фальклору ўладкавалася дзяўчына на стаўку мастацкага кіраўніка. Спадзяемся, што ўдваіх працавацца будзе весялей, лягчэй і больш прадуктыўна).

“Фінансамі займаецца бухгалтэрыя ў Слуцку. Як і ва ўсіх установах, у Доме фальклору ёсць платныя паслугі: дыскатэкі, некаторыя мерапрыемствы. Трэба выканаць план — 20 мільёнаў за год. У такім выпадку вельмі дапамагаюць менавіта дыскатэкі”, — кажа візаві. Дарэчы, вечарыны ў Гацуку былі настолькі шырока прарэкламаваны Палінай у Сеціве, што сюды прыязджаюць нават з Мінска. “А вось на канцэртах я зарабляю сваю рэпутацыю сярод насельніцтва, таму браць грошы за іх з людзей пакуль не хочацца”, — зазначае Паліна. Мне такі падыход падаецца вельмі дальнабачным. І чамусьці я ўпэўнена, што Паліна Панамарова, хаця і пачатковец у культуры, але працу сваю робіць на ўзроўні. Гэта пацвярджаюць і старэйшыя калегі.

Гацук — не такі і вялікі населены пункт, усяго 1260 жыхароў. Але ён мае ўласную агульнаадукацыйную школу, прычым — з экалагічным ухілам, і школу мастацтваў. З дырэктарамі гэтых устаноў Паліна Панамарова адразу наладзіла кантакт, працягвае супрацоўніцтва і сёння. Зноў жа хочацца адзначыць мудрасць такога падыходу, а галоўнае — выніковасць, бо дом фальклору ніколі не бывае пустым нават з улікам свайго асноўнага кірунку — вывучэння народнай творчасці. Гэтаму моманту Паліна прысвячае багата ўвагі, пералапачваючы літаратуру, прыгадваючы заняткі ва ўніверсітэце, спрабуючы збіраць інфармацыю ў старшага пакалення вёскі. Ну а дзякуючы Паліне гацучане вучацца рабіць абрадавыя лялькі, спяваць народныя песні, адрозніваць аўтэнтычнае ў святах. Нагадаю, спадарыня Панамарова — ураджэнка Расіі.

Вольнага часу ў дырэктара Гацукоўскага дома фальклору асабліва няма, таму і адсутнасць асаблівай інфраструктуры яна не заўважае. Дзяўчына падкрэслівае, што яе работа мае значна больш плюсаў, чым недахопаў. Усё тое, што яна не атрымлівае ў аграгарадку, кампенсуецца частымі паездкамі ў Мінск. “Думаю, я на сваім месцы. Не ведаю, каму было б лягчэй тут: мінчаніну ці выхадцу з іншага рэгіёна. Проста любому гнуткаму чалавеку, таму, хто ўмее адаптавацца. Выхад з зоны камфорту насцярожвае, але гэта не смяротна. Балазе, тут агромністая армія людзей, гатовых дапамагчы”.

Паліна Панамарова пакуль не ведае, што зробіць праз паўтара гады, але запэўнівае: час, праведзены ў Гацуку на пасадзе дырэктара Дома фальклору, ужо стаў адным з самых яскравых адрэзкаў яе жыцця. Сюды яна будзе вяртацца зноў і зноў, калі ўвогуле зможа адсюль з’ехаць, бо заўсёды складана пакідаць улюбёную працу, аднадумцаў, сваю аўдыторыю, новых сяброў.

Аліна САЎЧАНКА, Мінск — Слуцкі раён — Мінск

Фота аўтара


Пасля эканамічнага у… Дом рамёстваў

Сяргей МАКАРЭВІЧ, які вырас у Мінску, займаўся рамёствамі і танцамі ў Студэнцкім этнаграфічным таварыстве, працуе па размеркаванні ў Ганцавіцкім доме рамёстваў. Мы з Сяргеем пагутарылі на гуканні вясны ў Вязынцы. Там ён гандляваў вырабамі згаданай установы.

— Як ты, мінчанін, патрапіў у Ганцавічы?

— Знайшоў адпрацоўку, хаця мая спецыяльнасць не звязаная з рамёствамі. Я вучыўся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. З'явілася ідэя паехаць у Ганцавічы, балазе ў гэтым раёне жыве мая бабуля. Нешта паклікала… Размеркаванне прайшло ўвесну, у ліпені была экспедыцыя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства на Ганцавіччыну. Падчас яе наладзіў кантакты, даведаўся, з чым давядзецца працаваць.

— Як паставіліся ва ўніверсітэце да такога незвычайнага запыту на размеркаванне?

— Нічога незвычайнага, запыт жа быў ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Складана адмовіць! Ды і прапанаваць альтэрнатывы ўніверсітэт не мог. Я спрабаваў шукаць сабе месца для адпрацоўкі ў Мінску. Зрэшты, і ў які-небудзь сталічны аддзел ідэалогіі мог бы размеркавацца на тыя ж тры мільёны. Але ж у Мінску іншыя выдаткі на жыццё…

— Што цябе чакала ў Ганцавічах, якія ўмовы?

— Прапаноўвалі пакой у інтэрнаце сельскагаспадарчага ліцэя, але плаціць за яго трэба было са свайго заробку, прыкладна столькі ж, колькі я зараз плачу за кватэру. Таму я вырашыў быць гаспадаром самому сабе. Хоць Ганцавічы і горад, ёсць пяціпавярховікі, але збольшага — прыватны сектар, і не дзіва нават у цэнтры калі-нікалі пабачыць пеўня!

— І чым займаешся па-за працай?

— Тку, шыю, вышываю — я сам майстар. Апрацоўваю матэрыялы той самай экспедыцыі.

— Распавядзі, калі ласка, пра сваю працу ў Доме рамёстваў.

— Я малодшы навуковы супрацоўнік. У дамах рамёстваў няма метадыстаў — толькі навуковыя супрацоўнікі і майстры. Наш будынак рамантуецца ўжо 2 гады, таму пакуль тулімся па іншых памяшканнях. Асабіста я працую з майстрамі, арганізоўваю выставы, мерапрыемствы для моладзі, для дзяцей. Таксама займаемся папулярызацыяй традыцыйных рамёстваў у горадзе. Ёсць у нас невялікая калекцыя, таму працую і з фондамі: яны збіраліся на працягу 20 гадоў, і ў 2017-м у Дома рамёстваў — круглая дата. Акрамя рэчаў, у фондах захоўваецца невялікі фотаархіў, відэазапісы. Даследчая праца таксама на мне, як і метадычная дапамога.

— Як перасоўваешся па раёне?

— Калі на ўласнай машыне, калі на ровары. Усё ж машына — раскоша для маладога спецыяліста: карыстаюся, калі ёсць пільная патрэба. Чыгункай таксама езджу.

— Ці ёсць інтарэс да тваёй працы сярод насельніцтва раёна?

— Звяртаюцца, напрыклад, з такімі пытаннямі: “Я хачу ручнік на вяселле, парайце мне, што там лепш вышыць”. У Дома рамёстваў ёсць яшчэ і камерцыйная функцыя. У нас працуе двое майстроў, адна з іх — народны майстар Беларусі Ніна Казак. Спецыялізуемся на вышыўцы, ткацтве. Ёсць яшчэ майстры ў раёне — рознай спецыялізацыі і ўзросту. Мы ўсім дапамагаем рэалізаваць прадукцыю. У Вязынку, напрыклад, прывёз вырабы, вязаныя шыдэлкам. Гэта не супрацоўнік Дома рамёстваў рабіў, а майстрыха Яўгенія Станкевіч, якая, праўда, у нас даўней працавала, а цяпер займаецца рамяством у вольны час.

— Ці ўдзельнічаеш у культурным жыцці раёна па-за працай з рамёствамі?

— На Масленку мы ладзілі фэст у вёсцы Боркі. Прыйшла такая ідэя, у прынцыпе, не новая, збірацца жыхарам вёскі разам, запрашаць гасцей. Падгледзелі трохі ў Любанскім раёне, дзе этнахарэограф Сяргей Выскварка ўжо ладзіў такое, вырашылі зрабіць у сябе. Арыентаваліся, у першую чаргу, на мясцовых людзей, запрасілі гасцей. Хацелася неяк актывізаваць тамтэйшых жыхароў, паказаць, што святы — гэта не толькі нейкія канцэрты, выступленні. Бабулі, дзядулі памятаюць, як раней збіраліся па хатах, гулялі, спявалі, танцавалі. Удалае атрымалася свята, — было больш за 100 чалавек. Гэта фальклорныя гурты з вёсак Боркі, Хатынічы, Раздзялавічы нашага раёна, а таксама гурты з Лунінецкага і Клецкага раёнаў, капэла “На таку” з Мінска. Клуб у Борках цяпер ператвораны ў Дом сацыяльна-культурных паслуг, там і прайшла вечарына. Мяркую, будзе працяг. Магчыма, у Борках, магчыма, у іншай вёсцы атрымаецца нешта арганізаваць. Улетку плануецца спеўны летнік сумесна са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам.

***

Можна толькі парадавацца, што Ганцавіцкаму дому рамёстваў пашанцавала з маладым спецыялістам. Сяргей не паленаваўся прывезці на вязынкаўскі кірмаш не самыя малыя вырабы: падушкі, палавікі. У выніку, на свяце знайшлі сваіх гаспадароў два палавікі па 350 тысяч рублёў кожны. З захапленнем кажуць пра Сяргея мясцовыя работнікі культуры і носьбіты фальклору: “Сяргей Віктаравіч такі малады, а так шмат робіць для нас!” Але ці надоўга затрымаецца ў Ганцавічах малады спецыяліст, нават так сур’ёзна настроены, як Сяргей? На пытанне пра планы ён пасміхаецца ў вусы…

Алена ЛЯШКЕВІЧ
Фота аўтара
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"