А ў чым ваша "фішка"?

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Сусветна вядомы беларускі віяланчэліст Іван Карызна робіць тур па Беларусі. Нагадаем, летась ён разам з такім жа зорным піяністам Кірылам Кедуком аб’ехаў 27 нашых гарадоў. Цяперашняя праграма — іншая: гэта яго сольны вечар з аркестрам “MuzzicDom Orchestra” і, часткова, з яшчэ адным маладым віяланчэлістам, лаўрэатам міжнародных конкурсаў, студэнтам нашай Акадэміі музыкі Міхаілам Радунскім.

/i/content/pi/cult/585/12947/12-1.jpgУ той час, як абласныя філармоніі радасна рапартуюць пра свае здзяйсненні (“К” № 16), абодва туры ладзіліся прыватным чынам. Мабыць, таму ніхто з філарманічных кіраўнікоў, падводзячы леташнія вынікі, ні слоўцам не абмовіўся, што на яго сцэне выступала такая знакамітасць: маўляў, канцэрт не наш, і чужой славы нам не трэба. Геаграфія цяперашніх гастроляў — Баранавічы, Гродна і, вядома, Мінск. Залы паўсюль — нефіларманічныя: універсітэт, драмтэатр, Палац культуры прафсаюзаў, дзе давялося пабываць і мне. Назва тура — “Сіла класікі “Volkswagen”. Згаданая кампанія аказала падтрымку, асноўныя ж клопаты ляглі на Музычны дом “Класіка”, які не ўпершыню папулярызуе нацыянальныя музычныя дасягненні сусветнага маштабу. Дастаткова згадаць хаця б колішнюю пастаноўку оперы Станіслава Манюшкі “Слова гонару”, зладжаную з маладым дырыжорам Іванам Касцяхіным.

Канцэрт № 2 Ёзафа Гайдна Ваня выконваў неяк раней, але цяпер прагучала зусім іншае прачытанне той жа музыкі. Аркестравы ўступ падаўся амаль моцартаўскім па выкананні, залішне вытанчана ўзнёслым — ажно да сентыментальных уздыхаў. Але саліст адразу ўнёс менавіта гайднаўскія “зямныя” ноткі. Карызна іграў вельмі проста, без аніякіх знешніх эфектаў, калі самыя шалёныя пасажы ўспрымаюцца як штосьці цалкам натуральнае і нават “прахадное” ад адной “падзейнай” ноты да другой. У другой павольнай частцы мы напоўніцу змаглі ацаніць ясны, выразны і адначасова па-класічнаму строгі гук. У фінале замест юначай заліхвацкасці з’явілася тое няўлоўнае гайднаўскае “бюргерства”, адметнасць гэтага кампазітара.

Канцэрт Антоніа Вівальдзі для дзвюх віяланчэлей з аркестрам скарыў сапраўднай барочнай энергетыкай. Твор выконваўся без дырыжора, як гэта і было прынята ў тыя часы, калі тон аркестру задавалі салісты. Іх дасканалае пачуццё ансамблю адразу выдавала, што абодва вучыліся ў аднаго педагога — прафесара, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна “Акадэмічныя пальмы” (Францыя), нязменнага кіраўніка Канцэртнага камернага аркестра гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі Уладзіміра Перліна. У другой частцы салісты склалі цудоўнае трыа з канцэртмайстрам групы віяланчэляў аркестра Станіславам Петчанкам. У трэцяй — уразілі вельмі лёгкім, палётным гукам, недасягальным для большасці музыкантаў, якія звычайна “спецыялізуюцца” на музыцы рамантызму.

Але ж як змяніўся тэмбр усё той жа віяланчэлі, вырабленай французскім майстрам Бернардэлем у 1867 годзе, у другім аддзяленні, дзе выконваліся творы пазнейшых стагоддзяў! Яно пачалося, як аб’явіў сам герой вечарыны, з даніны памяці пра Чарнобыль, бо канцэрт прыпадаў акурат на 30-годдзе з дня аварыі. “Элегія” Габрыэля Фарэ гучала без аніякага надрыву, з вялікім густам і пранікнёнай філасафічнасцю. У найскладаным Канцэрце Роберта Шумана, які нядаўна папоўніў рэпертуар Івана, гук стаў яшчэ больш насычаным, сакавітым, “густым” — бы тэмперныя фарбы, а не ўласцівыя музыцы Вівальдзі акварэльныя. Але зноў — ніякіх знешніх эфектаў, толькі самапаглыбленне ў музыку, разгортванне якой падобнае да плыні жыцця.

Бываюць музыканты, якіх трэба "слухаць вачыма": у аўдыёзапісу ўсё іх зачараванне знікае. А ў Івана Карызны выразнасць дасягаецца выключна музычнымі сродкамі, рухі ж адыгрываюць найперш функцыянальную ролю, не адцягваючы на сябе ўвагу. Таму, мабыць, і ўзнікае адчуванне боскай гармоніі пачутага і ўбачанага.

На "біс" быў выкананы твор сучаснага італьянскага кампазітара і віяланчэліста Джавані Саліма “Вібруйце, віяланчэлі”, які сабраў разам усіх удзельнікаў вечарыны. У гэтай буйной партытуры з элементамі мінімалізму хапала стылёвых спасылак на гістарычнае развіццё віяланчэльнай (і, шырэй, струннай) музыкі, былі задзейнічаны розныя віды тэхнікі, усё багацце штрыхоў, ансамблевых перазоваў, а выразная інтанацыйная аснова спалучалася з яркай кампазітарскай канцэпцыяй. Слухаючы гэты твор, паспрабавала прыгадаць беларускі аналаг — і не знайшла. Ну не пішуць у нас так, а тым больш для дзвюх віяланчэляў са струнным аркестрам! Раптам падумалася: калі ў нас ёсць такія выканаўцы, чаму б не аб’явіць кампазітарскі конкурс на п’есы менавіта для іх?

І яшчэ адна думка не давала спакою — пра суадносіны дзяржаўных і прыватных калектываў і ўстаноў. З аднаго боку — ура! Мамантавы і Зіміны, што зрабілі некалі вялікі ўнёсак у развіццё музычнай культуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, вяртаюцца. З іншага ж… У той час, як дзяржаўныя ўстановы вымушаны дбаць пра зараблянне грошай, прыватныя “могуць сабе дазволіць” задумацца пра вечнае, выхоўваць нацыянальна-патрыятычныя пачуцці, папулярызаваць айчынных творцаў — не па разнарадцы, а па загаду душы. Дык у чым тады “фішка” дзяржаўных? У выкананні даведзеных планаў? Не ведаю… Але разумею адно: тых дзеячаў, якія бачуць сваю місію ў падтрымцы нацыянальнага мастацтва і адраджэнні агульнай культуры, трэба на руках насіць — дзяржаўныя яны ці прыватныя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"