Мадагаскарац у Гродне

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Стэла Фідзі: пра райскі востраў і жыццё ў родным тэатры
Савецкі Саюз. У Беларусь прыязджае хлопец з Мадагаскара. За яго плячыма тысячы кіламетраў, ён ляціць па веды, але атрымлівае куды больш: Стэла-Фідзіарылала Ракутуарысуа знаходзіць каханне. Беларуска з рэдкім імем Мая становіцца лёсам іншаземца. А далей новы сюрпрыз: малагасіец едзе ў родны горад жонкі, і тэатр над Нёманам гасцінна расчыняе для артыста свае дзверы. Праз 30 гадоў Гродна для Стэлы ўжо не далёкі, а блізкі, дарагі і любімы, і сцэна таксама свая, хатняя. Гэтага вакаліста любяць за прыгожы голас, яго выступленні на канцэртах гледачы чакаюць з нецярпеннем. Дзе ж яшчэ пачуеш французскую мову ад носьбіта?

/i/content/pi/cult/585/12942/6-1.jpg

Стэла Фідзі (справа) з Аляксандрам Шалкаплясавым у спектаклі "Наш гарадок" паводле Торнтана Уайлдара.

Хто ў джунглях гаспадар?

“Так, на Мадагаскары крыху цяплей”, — сціпла ўсміхаецца наш герой. Вядома, лета доўжыцца там бясконца. Велічэзны востраў у Індыйскім акіяне, не Азія, але ўжо і не Афрыка — карацей, “мініяцюрны кантынент”, што называюць Ноевым каўчэгам. Патухлыя вулканы і высокія горы, зялёныя даліны і глыбокія рэкі, трапічныя лясы і паўпустыні, шматкіламетровыя беласнежныя пляжы і запаведнікі. Без малога ўсе расліны і жывёлы, што насяляюць востраў, існуюць толькі на ім. А вось драпежных звяроў і змеяў ніколі там не было. Экзотыка на ўсе сто працэнтаў! І калі пальмы ды баабабы для многіх не навінка, то анідзе на планеце вы не убачыце тысячу відаў архідэй (сусветны рэкорд), дрэва вандроўнікаў (нацыянальны сімвал Мадагаскара), жалезнае і хлебнае дрэвы, а таксама калючае баваўнянае дрэва. Сярод унікальных раслін сапраўдным цудам лічаць “плаксівыя” блакітныя джакаранда. Унікальная флора цэлымі паясамі ўзвышаецца на востраве. Нездарма лемуры, персанажы папулярнай анімацыйнай стужкі “Мадагаскар”, заблукалі ў непралазных лясах. Так, гэтыя рэдкія жывёлінкі жывуць менавіта там. Трэба сказаць, у краіне панавалі каралі, затым вялі рэй каланізатары, але валадарамі лесу заўжды заставаліся лемуры.

Дзе жыве музычнае шчасце?

Стэла Фідзі нарадзіўся і вырас у сталіцы гэтай краіны — Антананарыву — самым буйным горадзе, які часта называюць “горадам тысячы воінаў”. Бацька — авіяцыйны інжынер, прафесар, маці — выкладчыца французскай мовы. У інтэлігентнай, уплывовай сям’і пяцёра дзяцей. Сёстры нашага героя засталіся на Мадагаскары, брат з’ехаў у Францыю, дзе паспяхова вядзе фармацэўтычны бізнес.

Музыкай Стэла Фідзі захапіўся яшчэ на радзіме. Зусім малым, ён атрымаў прыемны падарунак ад бацькоў — ксілафон. Гэта быў яго першы інструмент, на якім ён граў чатыры гады. А затым душа запатрабавала чагосьці больш гарачага — і будучы артыст з імпэтам пераключыўся на барабаны. Суседзі не скардзіліся на шум, бо яны проста адсутнічалі. Сям’я Стэлы ў сталіцы мела асобны вялікі дом, а дзіця магло цешыцца новым захапленнем, колькі душа жадае. “Толькі зрэдку хатнім надакучала, маглі сказаць: “Ну, годзе, спыніся”, — пасміхаецца наш герой. Неўзабаве ён адвучыўся ў музычнай школе па класу флейты, з тых далёкіх часоў музыка назаўсёды пасялілася ў сэрцы малагасійца.

Ад зары да зары на Мадагаскары гучалі, гучаць і будуць гучаць песні. “Пастаянна, паўсюдна. Нам не патрэбны асаблівыя нагоды, спяваем проста так”, — дзеліцца Стэла Фідзі. Асабліва шмат песняў можна пачуць на “зуме”, самым знакамітым кірмашы вострава. Кожную пятніцу на цэнтральную плошчу сталіцы прыходзіць мноства гандляроў і рамеснікаў. Любоў да музыкі ў малагасійцаў настолькі моцная, што фотаздымак музыканта знайшоў пачэснае месца на тысячафранкавай купюры. Размова ідзе пра флейціста Ракуту Фрах, знакамітага дзядулю малагасійскай эстрады. Кажуць, ён быў бедняком па перакананні і выпіў не адзін келіх рому ў мясцовым бары.

“Ведаеце, Антананарыву — горад-казка, — прызнаецца Стэла Фідзі. — Той, хто прыязджае ўпершыню, трапляе ў цудоўны свет. Сумесь самых розных стыляў робіць архітэктуру непаўторнай. А чаму я кажу пра казку? Проста сталіца нібыта складзеная з мноства маленькіх рынкаў пад адкрытым небам. У цэнтры вас чакаюць каралеўскія будынкі (былыя, зразумела), а таксама руіны палаца каралевы Рова, найвялікшай жанчыны ў гісторыі Мадагаскара”.

Як быць вечна маладым?

А яшчэ малагасійцы ўсміхаюцца паўсюдна. Таму Стэла ў нашым натоўпе вылучаецца сваёй непаўторнай ўсмешкай. Нават беларус з дрэнным настроем, сутыкнуўшыся па дарозе з артыстам, не вытрымае ды і ўсміхнецца ў адказ. За адкрытасць, жыццялюбства Гродзенскі абласны драматычны тэатр вельмі цэніць свайго вакаліста. Цяжка сказаць: вечна ці не вечна маладыя іншыя карэнныя жыхары райскага вострава — Стэла ў нас такі адзін… Але, відаць, нарадзіцца ў экзатычнай краіне, дзе сонца грэе круглы год, — гэта ўсё роўна, што стаць невычэрпнай крыніцай аптымізму для сябе і для кожнага. Не верыцца, але ў маі наш герой адсвяткуе 50-годдзе.

Без кахання няма вучобы?

“Пасля заканчэння ліцэя ў Антананарыву я атрымаў ступень бакалаўра ў сферы матэматыкі,  — удакладняе Стэла Фідзі. — Можна было выбіраць, куды ісці далей. Я паразважаў і вырашыў паглядзець на замежнае жыццё. І вось паляцеў у Маскву, а адтуль — у Мінск, дзе мяне залічылі на падрыхтоўчыя курсы, каб вывучаць рускую мову”.

“А ці было жаданне, як мага хутчэй вярнуцца на радзіму?” — пытаюся ў Стэлы.

“Яшчэ якое, — смяецца артыст. — унутраны голас казаў: “Не хачу. Холадна! Едзь дахаты!” Але сябры запэўнівалі, што вярнуцца ніколі не позна, а з часам становіцца ўсё прасцей і прасцей. Як бачыце, прызвычаіўся”. У сталіцы Стэла атрымаў вышэйшую філалагічную адукацыю і пазнаёміўся з будучай жонкай: “Я сустрэў яе, калі займаўся на падрыхтоўчым факультэце ў Мінскім педагагічным інстытуце замежных моваў (цяпер  — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт — Рэд.). Мая вучылася са мною ў адным корпусе інстытута — там і пазнаёміліся, а сустракаліся аж да апошняга курса, калі нарэшце распісаліся”.

Як жывецца ў драматычным тэатры?

У “ліхія” 1990-я ён прыйшоў працаваць у тэатр, дзе хутка і справядліва ацанілі чыстую французскую мову і англійскую без акцэнта. Малагасіец стаў вакалістам і артыстам аркестру, а затым ступіў на сцежку акцёра: то роля хлопчыка-пажа ў “Папялушцы”, то шматлікія ролі музыкантаў у самых розных спектаклях. Калі ж шукалі каларытнага артыста для камедыі “Нараджэнне”, выбар быў відавочны: Стэла Фідзі, толькі ён. Малагасіец увасобіў вобраз багацея Джона ў шыкоўным белым строі. Дарэчы, “Нараджэнне” сёння таксама працягвае збіраць поўныя залы.

Народнае тэатральнае мастацтва на Мадагаскары чымсьці аддалена нагадвае нашу батлейку. Стэла Фідзі распавёў: “Ёсць такая назва “хіра гасі”. Гэтыя словы азначаюць асаблівы народны тэатр на маёй радзіме. Падчас “хіра гасі” адбываюцца выступленні бадзяжных труп, кожная з якіх бесперапынна вандруе па Мадагаскары. Такія паказы ідуць тыднямі запар. Трэба сказаць, старшыня федэрацыі тэатральных кампаній “Хіра Гасі” заснаваў асацыяцыю беднякоў. Вось ужо шмат гадоў ён займаецца рамонтам дарог і раздачай лекаў”.

Любіш беларускую мову?

Сёлета артыст атрымаў ролю заморскага купца ў сялянскай прытчы-шоу “Клеменс”. Хутка адбудзецца доўгачаканая прэм’ера спектакля, а пакуль актыўна ідуць рэпетыцыі. Запрошаны рэжысёр цвёрда вырашыў ставіць “Клеменс” па-беларуску. Але якія ж стасункі мае малагасіец з нашай нацыянальнай мовай? Як ён плануе ўліцца ў калектыў беларускамоўных персанажаў? “Лёгка”, — гучыць адказ. Стэла Фідзі паважае і любіць беларускае, хоць разумее далёка не ўсё. З цеплынёй ён узгадвае і малагасійскую мову. Паводле слоў артыста, мова на Мадагаскары мае багатую гісторыю станаўлення. Многія памылкова лічаць: яна падобная да іншых на афрыканскім кантыненце. Насамрэч жа малагасійская паходзіць з аўстранезійскай сям’і, а значыць, яна “сябруе” з мовамі Філіпінаў, Малазіі і Інданезіі. Аднак, найбольш падабенстваў знаходзяць з гаворкай жыхароў не менш райскага вострава Барнэа.

Падчас размовы з артыстам адразу становіцца зразумелым: ён аніколі ні пра што не шкадуе, жыве, быццам сёння яго першы ці апошні дзень. Але як склаўся б лёс юбіляра, каб не тое рашэнне паляцець у Савецкі Саюз? Мадагаскар альбо Францыя? А што, каб ён не сустрэў у Беларусі каханне? Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Маргарыта САДОЎСКАЯ, літаратурны рэдактар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра