ВЫСОКАЯ ЗОРКА ПЕРАМОГІ ...І ЯЕ КВЕТКІ

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Святочныя мерапрыемствы да Дня Перамогі пачаліся ў сталіцы 6 мая ўрачыстым сходам і канцэртам “Па праву памяці жывы...” ў Палацы Рэспублікі.

/i/content/pi/cult/585/12939/1-1.jpgСёлета падзея ў Палацы Рэспублікі будзе вырашана як канцэрт-спектакль: музычнае тэатралізаванае прадстаўленне, героі якога — камандзір, салдаты, партызаны. У музычным прадстаўленні прагучаць песні ваенных, пасляваенных гадоў, сучасныя песні, а таксама вершы на ваенную тэматыку. У фінале канцэрта прагучыць твор кампазітара Васіля Раінчыка “Кветкі Вялікай Перамогі” у харавым выкананні.

— Міністэрства культуры рыхтуе канцэртную праграму, якая зацікавіць і ветэранаў, і сярэдняе пакаленне, і моладзь. Гэта будзе яркае, маштабнае свята, што закране душу кожнага, — падкрэсліла падчас сустрэчы з журналістамі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга.

Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны краіны Уладзімір Макараў дадаў, што зараз праводзяцца сустрэчы асабовага складу з ветэранамі, мерапрыемствы патрыятычнага кірунку ў гарнізонах і ваенных частках, а творчыя калектывы праводзяць гастрольны тур па брэсцкім, гродзенскім, полацкім гарнізонах.

Святочны канцэрт адбудзецца 7 мая на пляцоўцы каля Палаца спорту. Ён пройдзе ў рамках гастрольнага тура па Беларусі і і Расіі народнага артыста СССР Іосіфа Кабзона і лаўрэатаў конкурсу “Крыштальныя зорачкі”. А 8 мая пройдуць мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі” .

Упершыню ў Дзень Перамогі адбудзецца шэсце памяці “Беларусь памятае”. Ірына Дрыга адзначыла, што шэсце пройдзе як па праспекце Незалежнасці, так і па прылеглых вуліцах. Гэта сімвалізуе ўсенароднае адзінства і ўсенародную памяць. У руках удзельнікаў будуць знаходзіцца партрэты герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Беларусі, герояў Савецкага Саюза, якія прымалі ўдзел за вызваленне Беларусі.

Сустрэць святочнае шэсце ветэраны змогуць на спецыяльна ўстаноўленых трыбунах. А ўвечары мінчан і гасцей сталіцы парадуе святочным канцэртам Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, артысты эстрады. Скончыцца святочная праграма яскравым салютам — 30 залпамі.

Віктар Бабарыкін, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра, кажа:

— Да канцэрта
“А память — священна...”, які распачнецца на плошчы Перамогі 9 мая ў 20.30, наш аркестр рыхтаваўся ва ўзмоцненым рэжыме, без выхадных. Хоры рэпеціравалі ўдзень, салісты, якія ўсё дадаваліся ў выніковую праграму, — увечары, пастаянна нешта перабудоўвалася — урэшце, звыклая справа для вялікіх урачыстасцей дзяржаўнага значэння. Але аснова, вядома, засталася.

Дык вось, на Плошчы Перамогі разам з Прэзідэнцкім аркестрам выступяць хор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, акадэмічны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі, Дзяржаўны камерны хор краіны, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча. Сярод салістаў — Уладзімір Громаў, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, іншыя зоркі оперы ды эстрады.

Праграму склалі, натуральна, музычныя творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, песні ваенных гадоў. “Упэўнены, нікога не пакіне абыякавым выкананне песні “Дзень Перамогі”, якую праспявае трыа ў складзе папулярнага расійскага спевака Рэната Ібрагімава, саліста беларускай оперы Уладзіміра Пятрова ды народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава, — мяркуе Віктар Бабарыкін. — Запамінальным для публікі будзе і наш сумесны нумар з ротай ганаровай варты, які суправаджаецца музыкай з кінафільма “Беларускі вакзал”.

Сам Віктар Уладзіміравіч 9 мая аддае даніну павагі сваім дзядам, сваякам, усім людзям, якія абаранілі свет ад карычневай чумы, загінулым ды ацалелым. “У гэты дзень я перапоўнены асаблівым светлым пачуццём да пераможцаў, якіх, на жаль, з кожным годам застаецца ўсё менш і менш. Для мяне Дзень Перамогі — сапраўды свята са слязьмі на вачах, і той жа канцэрт — наша падзяка”.

У нядзелю ля сталічнага Палаца спорту ў рамках арганізаванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі фэста пад адкрытым небам “Кветкі Вялікай Перамогі” адбудзецца прэзентацыя Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу аўтарскай (бардаўскай) песні “Кветкі Вялікай Перамогі”. Яго суарганізатарам выступае Міністэрства культуры Беларусі. Творчае спаборніцтва пройдзе ва ўсіх рэгіёнах і завершыцца гала-канцэртам 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі.

Падзея 8 мая аб’яднае больш за 500 тысяч удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У сталіцу з’едуцца маладзёжныя дэлегацыі абласных арганізацый БРСМ, а таксама прадстаўнікі клубаў ваенна-патрыятычных рэканструкцый, пошукавых атрадаў, аб’яднанняў рэтрааўтамабіляў, а таксама шматлікія творчыя калектывы. Ля Палаца спорту будзе дзейнічаць каля 40 тэматычных інтэрактыўных пляцовак.

Самую вялікую іх колькасць прадставіць Мінская гарадская арганізацыя БРСМ, сярод іх — “Танец памяці”, “Беларусь і Я”. Вобласці таксама не застануцца ў баку. Вось самыя цікавыя з іх праектаў на гэтую нядзелю: Брэстчына рыхтуе тэатралізаваную рэканструкцыю дзейнасці ў гады вайны абласнога штабу камсамольска-партызанскага руху ва ўрочышчы Хаваншчына. Гомельскі ваенна-патрыятычны клуб “Гонар” разаб’е “Паходны лагер”. Магілёўшчына прывязе копію перасоўнай рэдакцыі, каб падрыхтаваць спецвыпуск франтавой газеты, рэтра-фотастудыю і прапануе наведвальнікам зрабіць бія-тату з лагатыпам фэсту.

Міншчына заклікае зазірнуць у “Музей ў чамадане”. Гродзеншчына на арт-пляцоўцы “Вайна, гісторыя, людзі” пазнаёміць з выставай ваеннай паштовай прадукцыі. Віцебшчына прэзентуе брэнд Шаркаўшчынскага раёну: праект “Яблычны Спас” у Алашках”, які выклікаў значны інтарэс на сталічнай турыстычнай выставе, пасля чаго быў ўключаны ў праграму Фестывалю інтэрнацыянальнага сяброўства “Беларускае лета-2016” як турыстычны прадукт, што прадстаўляе частку нацыянальнай культуры краіны.

Прыцягнуць моладзь да чытання беларускамоўных кніг і твораў айчынных аўтараў дапаможа мабільная кніжная экспазіцыя, арганізаваная ў рамках сумеснага з Саюзам пісьменнікаў Беларусі праекта “Буккросінг”. Можна будзе наведаць унікальны перасоўны музей-бус, запрацуе фотастудыя пад адкрытым небам. З 15.30 стартуе маладзёжная творчая эстафета, падчас якой выступяць як групы, так і сольныя выканаўцы. Завершыцца фэст бітвай дзі-джэяў, дзе абавязковым патрабаваннем да канкурсантаў стала выкананне кампазіцый на тэму песень ваенных гадоў. На сцэне ж падтрымаюць выступоўцаў зоркі беларускай эстрады.

Нагадаем, святочныя мерапрыемствы ладзяцца ў Мінску на працягу ўсяго тыдня. Ужо з 3 мая ля галоўнага ўваходу ў Маладзёжны тэатры эстрады разгарнулася інтэрактыўная экспазіцыя. А 5 мая на яго сцэне адбылася тэматычная святочная праграма з удзелам папулярных выканаўцаў, выхаванцаў майстэрні эстраднага вакалу і Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна, шоу-тэатра Таццяны Пановай “Хвілінка” і артыстаў самога Тэатра эстрады.

У той жа дзень у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай айчыннай вайны падвялі вынікі патрыятычнага конкурсу музычных кліпаў “Песні ваенных гадоў”, арганізаванага БРСМ. Цягам двух месяцаў у аргкамітэт было даслана больш за 40 ролікаў. Моладзь запрашала да здымак ветэранаў. Да праекта таксама далучыліся такія айчынныя выканаўцы, як Дарыя, Георгій Калдун, Дзядька Ваня і групы “Bycity”, “Правакацыя” і “Напалі”.

Сёлета сталічныя дызайнеры скарысталі новую палітру колераў пры аздабленні цэнтральных вуліц і праспектаў, дадалі ў паліграфічную прадукцыю выявы яблыневых кветак. З’явіліся аб’ёмныя канструкцыі са сцягаў, пілоны з неонавай падсветкай, 3D “9 Мая”. Цікавасць выклікалі плакаты, падрыхтаваныя Беларускім тэлеграфным агенцтвам. На банерах побач з вядомымі прадстаўнікамі сфер культуры, спорту, медыцыны змешчаны фотаздымкі іх дзядоў, якія прынеслі краіне Перамогу. На мінскіх вуліцах можна пабачыць партрэты прымы Беларускага балета Ірыны Яромкінай і саліста айчыннай оперы Ільі Сільчукова, а таксама лідара гурта “J:Mors” Уладзіміра Пугача.

 

Фота на першай паласе — Дзяміда Важніка, выявы банераў — з сайта Беларускага тэлеграфнага агенцтва

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст