Пад мантыяй безразважнага Арлекіна

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Кіназорка з Крывеля: спроба аб’ектыўнага аналізу біяграфіі Пятра Алейнікава
Сёння "К" працягвае расповед пра знакамітага савецкага кінаартыста — беларуса Пятра Алейнікава.

/i/content/pi/cult/584/12920/15-1.jpg

(Працяг. Пачатак у №№ 15, 16.)

Па стромкай лесвіцы, што вядзе ўгару…

У якім жа асяроддзі, акрамя Жжонава, вучыўся ў тэхнікуме юны беларус Пеця Алейнікаў? Гэта студэнты (на паралельных аддзяленнях) Павел Кадачнікаў, які заўсёды насіў бабачку і аксамітавую таўстоўку, спяваў неапалітанскія песні, хаця сам нарадзіўся ў простай рабочай сям’і; Барыс Равенскіх і Ілья Фрэз, будучыя вядомыя рэжысёры; таксама Аркадзь Райкін, Бруна Фрэйндліх, у якога напрыканцы 1934-га нарадзілася дачка Аліса, будучая “зорка” кіно і тэатра.

А яшчэ раней, да прыезду Алейнікава, тэхнікум скончылі такія выдатныя асобы кінематаграфіі і тэатра, як Мікалай Чаркасаў, Барыс Чыркоў, Віталь Паліцэймака, Віталь Даронін (дарэчы, у майстэрні нашага выдатнага зямляка Іларыёна Пяўцова), Мікалай Сіманаў, Юрый Талубееў, наш Леанід Рахленка, а ў год заканчэння Алейнікавым вучобы сюды, у майстэрню Васіля Мяркур’ева, паступіў і яшчэ адзін наш выдатны зямляк Фёдар Шмакаў. Вось такое сузор’е знакамітых імёнаў у канцы 1920-х — пачатку 1930-х горда лунала ў культурнай прасторы Ленінграда.

Але сапраўдная слава прыйшла да Алейнікава ў класічнай карціне “Сямёра смелых”. Пра яе шмат пісалі, таму не буду спыняцца на ёй падрабязна. Скажу толькі, што ў час здымак каханне Алейнікава да Макаравай, якая выконвала галоўную ролю  — урача Жэні Ахрыменка, працягвалася з новай сілай. Але пра гэта мала хто ведаў. Ён свае пачуцці моцна трымаў пры сабе. Яна была на сем гадоў старэйшая за Алейнікава, кахала Герасімава, свайго амаль равесніка, але, што тут паробіш, калі так нечакана, раптоўна з’явілася пачуццё да гэтай цудоўнай жанчыны? Пётр так і не выказаў услых свае адносіны да Тамары, а калі даведаўся, што разлічваць на ўзаемнасць не даводзіцца, узяў і проста моцна напіўся з гора і знік… Праўда, потым ён пра гісторыю кахання распавядаў свайму самаму блізкаму сябру Жору Жжонаву і яшчэ камусьці. Жжонаў якраз у тэхнікуме ажаніўся са сваёй аднакурсніцай, беларускай Жэняй Галынчык, і быў шчаслівы.

Не скажу, ці ведаў Герасімаў пра любоўныя пакуты свайго вучня Алейнікава з-за Макаравай, аднак і ў наступнай карціне “Камсамольск” працягваў здымаць і яго, і Тамару Фёдараўну разам. Занятыя ў стужках і Жжонаў, і шмат іншых герасімаўскіх “птушак”. Пётр на гэты час быў ужо жанаты і меў першынца Тараса, відаць, названага ў гонар народнага персанажа “з Парнаса”. Аднак калі ў Пятра сябры іншым разам за куфлем піва пыталіся наконт яго таго самага няшчаснага кахання, дык ён толькі матляў галавой, усміхаўся і казаў: “Не лёс…”

Але самае страшэннае ў час здымак “Камсамольска” адбылося з Жжонавым. Пасля забойства Кірава быў арыштаваны старэйшы брат Георгія — Барыс. Яго і ўсю ягоную сям’ю выслалі ў Казахстан. Чарга на ад’езд чакала і Жжонава. Але Георгій, які ўжо быў даволі вядомым акцёрам, ехаць адмовіўся. Яго папярэдзілі: “Не паедзеш — пасадзім”. І вось аднойчы разам з Кручковым і Алейнікавым Жжонаў выехаў на цягніку ў Камсамольск-на-Амуры. У яго было асобнае купэ, але ў дарозе да яго падсеў нейкі амерыканскі дыпламат, які накіроўваўся ва Уладзівасток па службовых справах. Ну і разгаварыліся пра тое-сёе. Гэта знаёмства стала для органаў падставай для абвінавачвання артыста ў шпіёнскай дзейнасці. І, пачынаючы з гэтага моманту, жыццё будучай зоркі савецкага кіно паляцела ў бездань. Калісьці, у пачатку 2000-х, у час маёй размовы з Георгіем Сцяпанавічам у Мінску (напярэдадні тады яшчэ чарговага кінафестывалю краін СНД і Балтыі “Лістапад”), ён, прыгадваючы былое, сказаў: тады яго “падставіў” хтосьці з калег, магчыма, завербаваных НКУС. Лёс Жжонава вядомы: агулам больш за 17 гадоў у ГУЛАГу на Калыме…

Перад самай вайной у Алейнікава нарадзіўся другі сын — Колька. А калі ў маі 1941 года Пётр Мартынавіч з жонкай і чатырохгадовым Тарасам паехалі ў Ташкент, дзе планаваліся здымкі чарговай карціны, гадавалы Коля застаўся з бабуляй (маці жонкі) у Ленінградзе. А тут — вайна! Перажылі ўсю страшэнную блакаду. А калі хворага Колю з бабуляй эвакуіравалі ў Ташкент да бацькоў, хлопчык памёр. Тады ж бабуля вывезла з Ленінграда і часопісы з партрэтамі Дзіны Дурбін, якія, па ўспамінах дачкі акцёра Арыны Алейнікавай, дасылала яму з ЗША гэтая знакамітая кіназорка Галівуда. Не ведаю, якія фільмы з удзелам Алейнікава яна глядзела? Хутчэй за ўсё “Сямёра смелых” і “Трактарысты”.

Спачатку Пётр Мартынавіч не разумеў: нашто яму гэтыя часопісы? Пазней высветлілася, што яшчэ да вайны Дурбін, якая ўяўляла Алейнікава вялікай і заможнай зоркай савецкага кіно, пісала яму лісты, дзе прызнавалася ў любові да яго, называла “рускім Чарлі Чапліным”, прапаноўвала сустрэцца. Паведамляла, што прэзентавала яго фільмы і самому Чапліну, які казаў, што з задавальненнем узяў бы яго ў свае карціны. Але ўсе гэтыя лісты далей усюдыіснага вока НКУС не ішлі… Пра гісторыю захаплення Дзінай Дурбін “рускім Чапліным” распаведзена і ў расійскім дакументальным фільме “Пётр Алейнікаў. Жорсткая, жорсткая любоў” да 95-годдзя з дня нараджэння акцёра.

Чым бы скончыўся гэты дзіўны, амаль фантастычны аповед, каб Алейнікаў прачытаў тыя лісты? Бясспрэчна адно: ён глядзеў на савецкіх экранах яе фільмы (а іх у савецкай “трафейнай” калекцыі мелася пяць ці шэсць), а карціна “Сястра яго дварэцкага” наогул была адной з самых папулярных сярод мільёнаў савецкіх гледачоў. Хіба можна забыць, як яскрава яна там спявала на рускай мове з прыемным акцэнтам фрагменты трох песень: “Эй, ямщик, гони-ка к “Яру”, “Калитка” и “Две гитары за стеной жалобно заныли…” Алейнікаў мог глядзець і іншыя яе фільмы: “Першы баль”, “Вясновы вальс”, “Сто мужчын і адна дзяўчына”, якія ў розныя часы ішлі на нашых экранах. І што самае цікавае для мяне: яе кінематаграфічная кар’ера (1936 — 1949) амаль дакладна ўкладаецца ў часавыя рамкі бліскучай кінакар’еры Алейнікава ў лепшыя перыяды яго творчасці, хаця “аскараноска” Дурбін і была маладзейшай за Пятра Мартынавіча. Праўда, пражыла яна больш за 90 гадоў і памерла тры гады таму.

Спаталенне смагі

У гады Вялікай Айчыннай талент Алейнікава заблішчэў з новай сілай. Каму, як ні яму, з яго харызмай, дабрынёй і гумарам, наканавана было ўсяляць у нашых салдат і камандзіраў веру ў Перамогу і аптымізм! Адзін за адным выходзяць на экран фільмы з яго ўдзелам: “Аляксандр Пархоменка”, “Непераможныя”, “У імя Радзімы”, “Вялікая зямля”, а таксама “Неба Масквы”, дзе ў рэжысёра Юлія Райзмана ён бліскуча сыграў галоўную ролю лейтэнанта Ільі Стральцова.

Народная папулярнасць Алейнікава і пасля вайны была ашаламляльная. Фільм “Вялікае жыццё” наогул стаў яго чарговым “зорным часам”, пасля якога Пятра Мартынавіча больш сталі называць не па ўласным прозвішчы, а па мянушцы галоўнага героя — Ваня Курскі. Як толькі ён з’яўляўся на сцэне, у зале пачыналася авацыя, гледачы ўскоквалі са сваіх месцаў, імчаліся да свайго любімчыка з падарункамі: уручалі кветкі, бутэлькі з гарэлкай і каньяком, цукеркі, шматкі сала, розныя рукачынныя сувеніры. Яго абдымалі, цалавалі, качалі на руках. Гэта працягвалася з паўгадзіны, пасля чаго расчулены акцёр адпраўляўся за кулісы.

Згадвае народная артыстка СССР Інна Макарава: “Я з Пецям Алейнікавым удзельнічала ў зборных канцэртах ад Тэатра кінаакцёра. Ён заўсёды чытаў адзін і той жа верш — “Ленін і пячнік”. Прычым звычайна перад выступленнем дзелавіта запытваў: “Хто ў нас у зале? Чыгуначнікі? Ну, пачытаю я ім “Ленін і пячнік”. Або: “Студэнты? Значыць, падыйдзе “Ленін і пячнік”. Барыс Андрэеў жартаваў, што Пеця таленавіты, але надта ўжо гультаяваты, лянівы — як вывучыў “Ленін і пячнік” у студэнцкія гады, так усё жыццё і чытаў…”

Але калі нават і нічога не чытаў, адно з’яўленне акцёра на публіцы было неверагоднай радасцю для ўсіх гледачоў. Так было, напрыклад, у горадзе Сталіна (з 1962 года — Данецк) пасля выхаду на экраны першай серыі карціны “Вялікае жыццё”. За ўсе дзесяць дзён прабывання ў знакамітым шахцёрскім горадзе ён так ні разу і не выступіў. Аднак у кожнай рэцэнзіі пра гэтыя сустрэчы было напісана, што асаблівым поспехам карысталіся менавіта выступленні “нашага добрага і любімага Вані Курскага — Пятра Мартынавіча Алейнікава”…

Павінен сказаць, што ён чытаў са сцэны не толькі “Леніна і печніка”: Інна Макарава, мабыць, была не зусім у курсе яго рэпертуару на выяздных канцэртах. Ён чытаў і апавяданні Антона Чэхава, асабліва “Дарагога сабаку”, і вершы Аляксандра Пушкіна, і шмат чаго іншага. І, як кажуць сведкі, неаднаразова хрысціўся ў перыяды выступленняў. У тыя часы такое публічнае выказванне сваіх рэлігійных пачуццяў магло не спадабацца “наверсе”. Але ў гэтым сэнсе Алейнікаў нікога не баяўся.

Урэшце, для ўсіх ён быў “сваім у дошку”, чалавек, які “сам сябе зрабіў” — сірата з глухой беларускай вёскі, выхаванец дзіцячай калоніі, хуліган, што стаў славутасцю. Таму ён быў не небажыхаром, якімі ўяўляліся іншыя артысты кшталту Мікалая Чаркасава, Любові Арловай, Міхаіла Царова, а нейкім там суседам па доме або па купэ ў цягніку, рабочым ля станка, забойшчыкам у шахце, вадзіцелем грузавіка, гарэзлівым калгаснікам-трактарыстам, першым хлопцам на вёсцы, будаўніком на камсамольскай будоўлі, кампанейскім сабутэльнікам ды і проста любым сустрэчным на вуліцы. Зрэшты, нічога не трэба дадаваць да характарыстыкі Алейнікава. Мае сучаснікі цудоўна адчулі і тых, каго ён іграў, і тых, для каго ён рабіў. Ды не “граў” нават! Проста з’яўляўся на экране са сваёй алейнікаўскай усмешкай, распачынаў блакітныя вочы, нібы вітаючы сваёй дабрынёй увесь белы свет, і мільёны гледачоў верылі: “свой”, якога ты толькі што сустрэў. Сімвалічна, што сваю першую ролю маладога рабочага 17-гадовы пачынаючы артыст сыграў пад музыку Дзмітрыя Шастаковіча менавіта ў фільме “Сустрэчны”.

Для нас, тагачасных “вернападданых” кіно, Алейнікаў і быў такім сустрэчным: добрым, даверлівым, роспачным, гумарным з нейкай хітрынкай, безабаронным, але заўсёды звычайным душа-хлопцам, які адорваў людзей непаўторнай усмешкай, непаўторным голасам, непаўторнымі песнямі тыпа: “Здравствуй, милая моя, / Я тебя дождалси, / Ты пришла, меня нашла, / А я растерялси. / Их, эх, а-ха-ха…” Так, самыя звычайныя маналогі сваіх кінагерояў з паўсядзённасці ён прагаворваў так выразна, так пераканаўча, што яны хутка перакачоўвалі ў народны ўжытак, іх паўтаралі, імкнучыся імітаваць яго іранічную інтанацыю. Дзе вы сёння такіх, па-сапраўднаму народных, артыстаў убачыце на экранах кінатэатраў ці ў тэлесерыялах? Алейнікаў амаль ва ўсіх сваіх карцінах, мяняючы касцюмы і грым, захоўваў зарад шчырай веры ў сваіх герояў. А сам за паўтары гадзіны экраннага часу пражываў уласнае жыццё, дзе перапляліся дзіцячае бадзяжніцтва, валацужніцтва, ухабістыя шляхі да акцёрскага Алімпа, усенародная слава і крыўдныя падзенні з яго вяршыні…

Мне здаецца, Алейнікаў у сваёй творчасці знайшоў такую форму дакументальнага апавядання, калі чалавек, увасобіўшы сваю эпоху, звяртаецца да нас, і не на “пытанні” адказвае і не “грае самога сябе”, а спавядаецца і прапаведуе, не толькі расказвае “пра час і пра сябе”, але як бы сведчыць пра яго ўсім сваім абліччам. І няма ў яго спакусы падрабіцца пад тую эпоху. Спакуса — адчапіцца, адкараскацца, адвязацца, заднім чыслом аказацца “разумнейшым” за тагачасных людзей? Што і казаць, у нас бывае такое. А тут — не. Тут Алейнікаў паважае той час, разумее яго. І застаецца пры гэтым сабой, захоўваючы годнасць той эпохі. І — годнасць нашай.

Пятра Мартынавіча я бачыў толькі аднойчы ў Маскве — выпадкова...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"