Мае адчыненыя дзверы

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Георгій ПАПЛАЎСКІ, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, акадэмік
Хтосьці сказаў, што калі чалавек хавае сваё мінулае, у яго няма будучыні. Сваё я ніколі не хаваў — яно ў мяне было цудоўнае.

/i/content/pi/cult/580/12897/5-1.jpg

Нядаўна ў мяне адбылася сустрэча з чытачамі і гледачамі (на фоне невялічкай персаналіі жывапісу, графікі і кніг з маімі ілюстрацыямі) у Прэзідэнцкай бібліятэцы. Многія пытанні былі звязаныя і з творчымі вандроўкамі па свеце (а я пабываў практычна на ўсіх кантынентах планеты, акрамя Антарктыды) і з маім жыццём ды працай на радзіме.

Маладосць здаецца вечнай, але аднойчы ты адчуваеш, што аказваешся ў новай прасторы, дзе неабходна не толькі пераасэнсаваць пройдзены шлях у мастацтве працягласцю больш за 60 гадоў, але і падумаць: як перабудаваць мастакоўскі арганізм пад новыя духоўныя рэйкі. На шчасце, ёсць яшчэ сілы амаль штодзённа па некалькі гадзін працаваць у майстэрні, пісаць алеем і акварэллю, хаця ўжо не магу, як раней, сарвацца з месца і апынуцца, скажам, дзесьці ў Мексіцы, на Кубе ці ў Аўстраліі, а мо на Байкануры. І нават на маю ўлюбёную Браслаўшчыну, дзе я шчасліва пражыў з сям’ёй больш за паўстагоддзя і дзе стварыў сотні рэчаў, не так проста мне сёння выехаць нават праз узрост — 85 гадоў, гэта не жартачкі… А тое — мая зямля запаведная, “ціхая гавань” — вёска Маскавічы. Там прайшла важная частка прафесійна актыўнага жыцця. Туды я заўсёды вяртаўся пасля вандровак па зямным шары.

Успаміны… Яны заўсёды з табой. І цудоўныя, і не вельмі. Вось сёння прыгадаў 26 красавіка 1986 года. Чарнобыль. “Чорная быль”. “Чорная трава”. Якраз 30 гадоў таму гэта адбылося. А я памятаю гэты дзень і што было пасля яго да самых дробязей. І, зразумела, як мастак ужо тады не мог застацца абыякавым. Ужо праз год выканаў цыкл “Чарнобыль” з шасці каляровых літаграфій. Эстамп “Дрэвы без лістоты” па змесце і форме стаў галоўным у гэтай серыі. Гаму я выбраў стрыманую, чорна-чырвоную, жалобную. Злева паказаў аркестр трубачоў, нагадаўшы пра тое, што тагачаснае кіраўніцтва краіны імкнулася заглушыць сляды трагедыі святочнымі фанфарамі. З правага боку — дрэвы без лістоты, алегорыя лесу, які, абкружаючы Чарнобыль, стаў небяспечнай і злавеснай крыніцай выпраменьвання радыяцыі — нябачнай смерці без колеру і паху. У цэнтры кампазіцыі — фігура жанчыны з дзіцем на руках: яна ўцякае, выратоўваючы малечу. Цень ад іх падае на аблокі, і там у дзіцяці ўжо няма твару! Малое знікла, растварылася ў гэтай пагрозлівай, трывожнай атмасферы. Прынамсі, у гэты час наступствы выбуху пачалі праяўляцца. Так здарылася, аркуш аб’ектыўна стаў перасцярогай таму, што адбудзецца пазней.

Астатнія аркушы — “Дэзактывацыя”, “Рок-н-рол”, “Раўнавага”, “Бежанец” і “Плашчаніца. Пакуты” — я таксама стварыў у складанай сімволіка-алегарычнай форме, і ў той жа час — у рэалістычным рэчышчы. А ў жывапісе напісаў карціну “Адчыненыя дзверы. Памяці без віны забітых”. Гэта такая светлая здань жаночай фігуры з дзіцем, якая ўзнікла ў праёме прачыненых дзвярэй у злавесных чырвоных водблісках на фоне чорнай невядомасці. Тут я імкнуўся паказаць пачуццё найвялікшай трывогі і адчуванне сусветнай трагедыі.

Дарэчы, чарнобыльскі цыкл — не выпадковы эпізод біяграфіі. Пазней ён натуральна перарос у роздум пра экалогію наогул, уключаючы і экалогію душы, балазе грозныя папярэджанні луналі ў паветры і факты нарасталі хутка. Так узнікла тэма “Беларускія будні”, хоць мне не надта хацелася, каб нашы будні, гэта значыць — штодзённасць, марнасць, мітусня, сіла звычак, якія апраўдваюць усё, выглядалі так, як распавядаюць мае літаграфіі “Паляванне на лася”, “Галгофа”, “Экспедыцыя”, “Бойня”…

Ці веру я ў шчаслівую будучыню сваёй зямлі пасля Чарнобыля… Зрэшты, мастакоўскае і чалавечае нутро заўсёды ўцягвала ў сябе самое галоўнае на свеце: шчырую любоў да Жыцця…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"