Не фантазёр і не натураліст

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Мяне запраcілі прыняць удзел у праекце “Мастак і Горад”, які пройдзе ў Мінску ў пяты раз. Што для мяне тое значыць? Адразу ж падумаў: гэта ж нейкая папса... Згадаў Івана Шышкіна, калі ягонымі творамі раптам пачалі ўсё ўпрыгожваць... Праўда, потым паглядзеў у Інтэрнэце і пабачыў: у праекце, аказваецца, прымалі ўдзел рэпрадукцыі твораў Марка Шагала і Казіміра Малевіча, а таксама больш блізкіх нам па часе беларускіх мастакоў. І гэта першае, што мяне супакоіла. Ды і мастацтва зараз ідзе насустрач людзям.

/i/content/pi/cult/582/12844/5-2.jpgУрэшце, прыемна, што маімі творамі зацікавіліся ў Беларусі. Але як мастаку мне важна і тое, калі работы людзі змогуць убачыць не толькі на плошчы Якуба Коласа, а яшчэ і ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў: зараз для гэтага адбіраюцца карціны. Мне здаецца, мастак не павінен адразу спадабацца, галоўнае — запомніцца. Калі творчасць не заўважылі крытыкі, мастацтвазнаўцы, гэта не так і страшна. А вось, калі, напрыклад, стануць захапляцца творамі тыя, хто лічыць галоўным крытэрыем мастацтва прыгажосць…

А як з’яўляюцца вобразы? Я не фантазёр і не натураліст. Іншым разам хочацца і эцюды напісаць, і нацюрморты, але ахапіць неабсяжнае немагчыма, таму ў маім прыярытэце чалавек, узаемаадносіны, жыццёвыя калізіі. Вось я і пішу звычайных жанчын: яны не з подыуму, а з жыцця.

Ведаеце, мастак становіцца мастаком у той час, калі знаходзіць сябе, уласную індывідуальнасць, стварае персанальны свет. Інакш кажучы, пяе сваім голасам. Багата сучасных мастакоў, якія адчуваюць апошнія тэндэнцыі, падхопліваюць іх і ганарацца тым, што знаходзяцца ў авангардзе сучаснага мастацтва. Але што такое авангард? Гэтым ужо ўся Еўропа займаецца. Прастора авангарду — велізарная. І як у ім ўбачаць цябе?

Каб нашага мастака заўважылі за мяжой, зусім не патрэбны нейкія пэўныя тэмы. Сучаснае мастацтва робіцца сучаснымі мастакамі, хаця мастацтвазнаўцы са мной могуць і не пагадзіцца. Замежныя мастацтвазнаўцы кропкай адліку сучаснага мастацтва лічаць пасляваенны перыяд. Напрыклад, буйны маскоўскі холдынг зараз выдае альбомы “Лепшыя сучасныя мастакі”. Я быў рад, што і мяне ў план выдання ўключылі (балазе некалькі альбомаў ужо выйшла, і там Эндзі Уорхал, Фрыда Кало, Эдвард Мунк, іх ужо даўно няма з намі.)

Яшчэ нюанс. У Францыі мастак адпачатку другарадная постаць у арт-працэсе. Галерэя выбірае мастака, а не мастак галерэю. Афішы, банэры, каталог, аплата за пералёт — за галерэяй. Але ў тым выпадку, калі яна ўпэўнена ў запрошаным творцы. Бывае, майстар пакіне 2 — 3 работы, дык яшчэ і заплаціць за памяшканне скажуць. У гэтым сэнсе там усё вельмі жорстка. Разам з тым, добра працуе схема “мастак — галерэя — калекцыянер”. На тое і існуюць арт-дылеры, якія шукаюць таленты і адразу ж “замацоўваюць” іх за галерэяй, а іншыя змагаюццца, каб “перахапіць” тыя таленты сабе. І гэта, мяркую, слушна.

Заходняе грамадства ўспрымае таго творцу, які працуе з галерэяй: журналісты і калекцыянеры пойдуць у брэндавыя ўстановы, а не ў тыя, дзе мастакі заплацілі за плошчу і павесілі свае карціны. Таму чалавек можа набыць карціну і сказаць: “Потым прывыкну да яе”. Можа з гэтым не ўсе пагадзяцца, але тое, што выстаўляе галерэя, лічыцца знакам якасці. Гэта як, напрыклад, пажар у доме, дзе знаходзіцца, можа, і не любімая работа, але — Сезан. Дык што чалавек у першую чаргу кінецца ратаваць? Упэўнены, не дакументы...

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст