Акцэнты і мэты пяці гадоў

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2016 года № 180 зацверджана Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. 18 сакавіка згаданы нарматыўна-прававы акт зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Якія прыярытэты вызначаны гэтым дакументам? Якое фінансаванне прадугледжана на далейшае развіццё галіны? Акрэслім асноўныя акцэнты дакумента, які на пяць гадоў стане галоўным для работнікаў культуры. Наступны тэкст заснаваны на вытрымках з праграмы, якая ўтрымлівае чатыры падпраграмы.

Фінансавае забеспячэнне і асноўныя рызыкі

На рэалізацыю Дзяржпраграмы патрабуюцца сродкі ў памеры 29 841 955 560,5 тысячы рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 5 021 262 163,9 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 19 607 345 688 тысяч, з уласных сродкаў арганізацый — 5 213 347 708,6 тысячы рублёў.

Асноўныя рызыкі пры выкананні праграмы звязаны са скарачэннем сеткі ўстаноў, зменай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, з неэфектыўным кіраваннем рэалізацыяй праграмы, уключаючы кіраванне фінансавымі, кадравымі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Для прадухілення негатыўных вынікаў улічваліся наступныя механізмы па кіраванні рызыкамі і меры па іх мінімізацыі: комплекснае вырашэнне задач дзяржпалітыкі ў галіне культуры, падтрымка прыярытэтных кірункаў развіцця нацыянальнай культуры (ахова гісторыка-культурнай спадчыны, падтрымка тэатральна-відовішчных арганізацый і арганізацый кінематаграфіі, развіццё ўсіх відаў мастацтва), мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, забеспячэнне інавацыйнага развіцця, адаптацыя мерапрыемстваў праграмы да сацыяльна-эканамічных змен, варыянтнасць падыходаў да рэалізацыі асобных мерапрыемстваў, актывізацыя ўзаемадзеяння органаў дзяржкіравання з арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой, накіраванне пазабюджэтных (уласных) сродкаў арганізацый культуры на выкананне мерапрыемстваў праграмы.

“Спадчына”

У сістэме Міністэрства культуры дзейнічае 151 музей. Сетка скарацілася на 9 адзінак: да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў якасці філіялаў далучыліся музеі Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, да Нацыянальнага гістарычнага — музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, прыроды і экалогіі. Рэарганізаваны ўстановы ў Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

Адна з праблем — адсутнасць паўнавартаснай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, якая заклікана адлюстроўваць беларускую нацыянальную ідэю. Наспела неабходнасць будаўніцтва адзінага дэпазітарыя для захоўвання музейных фондавых калекцый.

На сёння маецца каля 7,7 тысячы публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным фондам каля 180 мільёнаў экзэмпляраў. Міністэрству культуры падпарадкоўваецца каля 37 % бібліятэк краіны. З-за сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў назіраецца скарачэнне сеткі сельскіх бібліятэк. Разам з тым бібліятэчныя паслугі — па-ранейшаму запатрабаваныя.

Невысокім застаецца ўзровень інфарматызацыі. Перспектыўным праектам з’яўляецца стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, карпаратыўнай службы электроннай дастаўкі дакументаў на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама — выкарыстанне воблачных тэхналогій.

Рэалізавана Дзяржпраграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы”.

Нявырашаныя праблемы: неналежны тэхнічны стан значнай колькасці аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, адсутнасць распрацаваных і зацверджаных праектаў зон аховы, несанкцыянаваныя раскопкі на аб’ектах археалагічнай спадчыны і яе прысутнасць у сусветнай інфармацыйнай прасторы, недастатковая інфарматызацыя сферы гісторыка-культурнай спадчыны, дэфіцыт рэстаўратараў, недастатковая колькасць аб’ектаў у міжнародных ахоўных спісах, няроўны доступ да музейных і бібліятэчных фондаў жыхароў паселішчаў без стацыянарных устаноў культуры, недахоп фінансавання работ па ахове і рэстаўрацыі аб’ектаў спадчыны.

Мэтавыя паказчыкі

Трэба ўключыць не менш 86 праяў нематэрыяльнай творчасці чалавека да 2020 года ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Колькасць дасье на аб’екты спадчыны, падрыхтаваных і прадстаўленых у Цэнтр Сусветнай спадчыны — не менш пяці да 2020 года. Колькасць наведванняў публічных бібліятэк, у тым ліку аддаленымі карыстальнікамі — павелічэнне на 20 % да 2020 года ў параўнанні з леташнім паказчыкам. Прыросты аб’ёму Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і колькасці музейных наведванняў — у абодвух выпадках павелічэнне за пяцігоддзе на 5 % у параўнанні з леташнім. Колькасць фестываляў, святаў народных мастацкіх промыслаў — не менш за 8 у год. Колькасць мерапрыемстваў з удзелам творчых калектываў нацыянальна-культурных аб’яднанняў — не менш за 50 у год.

Фінансаванне падпраграмы

Аб’ём фінансавання — 9 367 617 140,6 тысячы рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 1 999 236 193,7 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 6 427 534 379 тысяч, за кошт уласных сродкаў арганізацый — 940 846 567,9 тысячы рублёў.

“Мастацтва і творчасць”

У Беларусі — 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 — сістэмы Міністэрства культуры (два музычных, 18 драматычных, сем лялечных), адзін — сістэмы Міністэрства абароны. Статус “нацыянальны” маюць чатыры тэатры, званнем “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” уганараваны дзесяць тэатраў. Канцэртнай дзейнасцю займаецца 21 дзяржаўная арганізацыя рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання. Ёсць 2,9 тысячы клубных устаноў. Штогод адбываецца 8500 спектакляў, 6000 канцэртаў, больш за 580 тысяч клубных мерапрыемстваў. Кожны год ладзіцца каля 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў.

Сярод праблем застаюцца недастатковая канкурэнтаздольнасць і запатрабаванасць нацыянальнага культурнага прадукта, неэфектыўнае выкарыстанне эканамічных механізмаў у дзейнасці тэатральна-відовішчных арганізацый, нездавальняючая прадстаўленасць беларускага кінамастацтва, нізкая акупляльнасць фільмаў у неігравой і анімацыйнай формах, адсутнасць адзіных падыходаў да правядзення конкурсаў эскізных праектаў пры стварэнні манументальных і манументальна-дэкаратыўных твораў, недастатковы ўзровень выканальніцкага майстэрства асобных эстрадных калектываў і выканаўцаў, неўкамплектаванасць кадрамі тэатральна-відовішчных і кінематаграфічных арганізацый.

Мэтавыя паказчыкі

Колькасць праведзеных тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі фестываляў, форумаў, свят і іншых культурных мерапрыемстваў — не менш за 14,5 тысячы ў год. Колькасць клубных культурных мерапрыемстваў — не менш за 500 тысяч у год. Прырост колькасці самадзейных калектываў мастацкай творчасці са званнямі “народны” і “ўзорны” — за пяцігоддзе на 150 больш ад леташняга ўзроўню. Прырост аб’ёму даходаў ад кінапаказу і іншых паслуг кінапракатных і кінавідовішчных арганізацый — на 50 % да 2020 года ад леташняга ўзроўню.

Фінансаванне падпраграмы

Аб’ём фінансавання — 19 410 244 312,6 тысячы рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 2 663 089 893,9 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 12 517 027 600 тысяч, за кошт уласных сродкаў арганізацый — 4 230 126 818,7 тысячы рублёў.

“Архівы Беларусі”

У 32 дзяржаўных архіўных установах, 1123 тэрытарыяльных (раённых і гарадскіх) архівах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў краіны ўтрымліваецца 14 099 306 адзінак захоўвання (абраных з 1931 года і да нашых дзён), у тым ліку дакументы дзяржорганаў, арганізацый, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, грамадзян. Для фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь паўнавартаснымі па змесце і аптымальнымі па складзе дакументамі ў дзяржаўныя архіўныя ўстановы прымаецца на пастаяннае архіўнае захоўванне больш за 80 тысяч адзінак захоўвання. Крыніцы камплектавання — каля васьмі тысяч дзяржорганаў і іншых арганізацый. Эфектыўнае фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду магчыма толькі пры пашырэнні плошчаў архівасховішчаў, забеспячэнні эксплуатацыйнай надзейнасці будынкаў і памяшканняў, удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Мэтавыя паказчыкі

Колькасць унікальных і асабліва каштоўных архіўных дакументаў, якія маюць страхавыя копіі — не менш за 600 адзінак захоўвання ў год. Колькасць дакументаў, якія маюць лічбавыя копіі — не менш за 3600 адзінак у год. Колькасць выдадзеных зборнікаў дакументаў і архіўных даведнікаў пра склад і змест дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду — не менш за пяць у год.

Фінансаванне падпраграмы

Аб’ём фінансавання — 1 033 248 351 тысяча рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 328 484 520 тысяч, з мясцовых бюджэтаў — 662 389 509 тысяч, за кошт уласных сродкаў арганізацый — 42 374 322 тысячы рублёў.

“Беларусы ў свеце”

Колькасны склад беларускай дыяспары ў свеце складае каля 2,5 мільёна чалавек. Грамадскія аб’яднанні беларусаў актыўна ажыццяўляюць сацыякультурную дзейнасць у Расіі, ва Украіне, у Латвіі, Літве, Эстоніі, Польшчы, Малдове. Беларуская дыяспара прысутнічае ў Аўстраліі, Аўстрыі, Аргенціне, Вялікабрытаніі, Германіі, Канадзе, Нідэрландах, ЗША…

Асноўны механізм узаемадзеяння з беларусамі замежжа быў замацаваны ў Дзяржпраграме супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013 — 2015 гады.

Але існуе неабходнасць больш сістэмнага падыходу да вырашэння пытанняў развіцця супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай.

Мэтавыя паказчыкі

Колькасць культурных мерапрыемстваў у Беларусі з удзелам замежных калектываў мастацкай творчасці і дэлегацый нацыянальна-культурных аб’яднанняў беларусаў замежжа — не менш за 20 у год. Колькасць мерапрыемстваў з удзелам беларускіх прафесійных і самадзейных калектываў мастацкай творчасці, якія ладзяцца беларусамі замежжа — не менш за 20 у год. Колькасць бізнес-форумаў у Беларусі з удзелам беларусаў замежжа з ліку прадпрымальнікаў — не менш за пяць у год.

Фінансаванне падпраграмы

Аб’ём фінансавання — 30 845 756,3 тысячы рублёў, у тым ліку: з рэспубліканскага бюджэту — 30 451 556,3 тысячы, з мясцовых бюджэтаў — 394 200 тысяч рублёў.

Аб’ём фінансавання падлягае ўдакладненню зыходзячы з макраэканамічных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"