“Пралангіраваць” легенду

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Кандрат Крапіва: ад “недзе побач” да віртуальнага музея
Буйныя творцы, сыходзячы, пакідаюць пасля сябе не толькі духоўную спадчыну, але і вялікі пласт работы з ёю. Для навукоўцаў, даследчыкаў — гэта і задавальненне, і прафесійны інтарэс. Але для сваякоў такой асобы, у першую чаргу, — справа гонару і вялікая адказнасць. Як працуе з вобразам, асобай і творчасцю Кандрата Крапівы, 120 гадоў з дня нараджэння якога адзначалася ў сакавіку, “К” распавяла ўнучка літаратара, кандыдат мастацтвазнаўства Алена АТРАХОВІЧ.

/i/content/pi/cult/579/12794/6-2.jpg— Гэты год у кантэксце юбілею Кандрата Крапівы прапануе імпрэзы і дзеі рознага маштабу. Частка з іх ужо прайшла, нешта адбудзецца. Паспяхова прайшоў вечар памяці Крапівы ў Маскве ў Культурным цэнтры пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь. Па словах дырэктара гэтага цэнтра, мерапрыемства мела рэзананс. Урэшце, тое пацвердзілі і Лідзія Макарэвіч, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, што падрыхтаваў для Масквы ўнікальную выставу “Ад маленства да сталасці”, і Ала Сцебакова, дырэктар Тэатра-студыі кінаакцёра, што прывёз у Маскву спектакль “Хто смяецца апошнім”. Я адчула цікавасць людзей да асобы Кандрата Кандратавіча. Такога маштабу мерапрыемствы патрэбныя, каб папулярызаваць асобу значнага чалавека і за межамі краіны.

Разам з тым, у рамках юбілею Крапівы праходзяць мерапрыемствы ў бібліятэках, школах нашай краіны. Я з задавальненнем бываю на такіх сустрэчах, імкнуся раскрыць асобу Крапівы шырэй, чым гэта постаць пададзена ў падручніках. Нядаўна праводзіла сустрэчу з васьмікласнікамі 23-й гімназіі Мінска: паказала ім фотаздымкі, прэзентацыю, размова выбудавалася ў пытаннях і адказах. Ад дзіцячай цікавасці становіцца вельмі прыемна. Дарэчы, хлопчыкі праяўлялі збольшага інтарэс да ваеннага мінулага Кандрата Крапівы — пісьменнік прайшоў чатыры вайны. Дзяўчынкі пыталіся пра асабістае жыццё літаратара, першае каханне.

Не магу не адзначыць навуковыя чытанні, прысвечаныя юбілею Кандрата Крапівы, у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сёлета ў падзеі прымалі ўдзел госці з замежжа. З кожным разам навуковая дзейнасць Крапівы раскрываецца ўсё шырэй. Калі літаратурны, драматургічны кірунак больш на слыху, то пра нармалізатарскую дзейнасць па станаўленні літаратурнай мовы, беларускай граматыкі збольшага ведаюць толькі вучоныя.

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпускае выбранае Кандрата Крапівы. Гэта будзе падарункавы варыянт кнігі яго аўтарства. Мы з галоўным рэдактарам выдавецтва Віктарам Шніпам выступілі як складальнікі выдання, выбіраючы творы па прынцыпе актуальнасці — тое, што знаходзіцца па-за часам, жывое, дынамічнае, блізкае сучаснасці.

Зараз у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць выстава з Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, дзе ёсць дакументы, звязаныя з творцам. Я нядаўна гутарыла з супрацоўнікамі бібліятэкі, і мне распавялі, што сярод чытачоў гэтыя дакументы выклікалі інтарэс.

Рэгіёны таксама не засталіся ў баку ад святкавання юбілею Крапівы. На Уздзеншчыне, з якой паходзіць літаратар, рэгулярна ладзіцца фестываль гумару і сатыры. І сёлета ён прысвечаны юбілею Кандрата Кандратавіча. Канешне, тое выдатна, што людзі адгукаюцца. А гумар майго дзеда якраз блізкі да народа і народных крыніц!

***

— Кандрат Кандратавіч як драматург заўсёды сам працаваў з акцёрамі і рэжысёрамі, імкнуўся да сумеснага разумення ролі і героя. Гэта тычыцца і спектакля Леаніда Рахленкі “Хто смяецца апошнім”, і работы Валерыя Раеўскага “Брама неўміручасці” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Крапіву заўсёды было вельмі важна, каб галоўная думка твора была ярка выражана ў пастаноўцы. На ўласныя вочы бачыла працу над “Брамай неўміручасці”, таму што дзед браў мяне на рэпетыцыі ў тэатр. Раеўскі, тады яшчэ малады рэжысёр, задумаў па тых часах вельмі авангардны спектакль з экстравагантным афармленнем, выкарыстаннем электроннай музыкі. Ён жадаў набліжэння да сучаснасці. І тут адбыўся момант сутыкнення. Кандрат Крапіва не быў кансерватарам, прымаў многія ідэі ад акцёраў і пастаноўшчыкаў, але ў гэтым выпадку падкрэсліў, што такі ход, фармалізаваны, містычны, адцягвае ўвагу ад самага важнага. Я памятаю гарачыя спрэчкі: Раеўскі бегаў туды-сюды з залы на сцэну і назад, ён нешта даказваў, нават не гаварыў — крычаў! Але ў спрэчках знайшоўся кампраміс. Не ўсё Кандрат Кандратавіч прыняў, але пастаноўка атрымалася, у тым ліку дзякуючы наладжанаму ў выніку кантакту. Калі ўяўляць сабе культуру ў выглядзе струны, то нацягнутая — гэта класіка. Яна, павагаўшыся, зноў вяртаецца ў свой нацягнуты стан. Мастацтва таксама праходзіць па гэтай траекторыі: раз — адхілілася, а потым зноў прымае зыходнае становішча. Менавіта таму класіка і лічыцца вечнай. Але наш час патрабуе навацый, я з гэтым згодная. Сёння мы маем вельмі розныя трактоўкі класічных твораў, і я асабіста не маю нічога супраць гэтага. Але, зноў жа, важна, каб нічога сутнаснага ў гэтых навацыях не страцілася.

Некалькі гадоў таму да мяне як уладальніка аўтарскіх праў з прапановай паставіць мюзікл па п’есе “Брама неўміручасці” звярнуўся адзін тэатр. Я добра разумею, што мюзікл — форма модная. Многія класічныя творы зараз ставяцца ў гэтым жанры, тая ж чэхаўская “Чайка” ў Маскве. Але калі гэта мюзікл, то тэкст павінен падпарадкавацца хаця б законам рытму, не кажучы ўжо пра рыфмаванне. Адсюль вынікала, што твор Крапівы трэба было перапісваць на вершы. Тэатр сказаў, што гатовы гэта зрабіць. На такі варыянт я не дала згоду. Кандрат Кандратавіч сам цудоўна валодаў паэтычным словам, і каб ён бачыў “Браму неўміручасці” ў вершах, такой бы яе і стварыў.

Тэатр-студыя кінаакцёра, калі ставіў “Хто смяецца апошнім”, таксама звярнуўся да мяне асабіста з тым, каб унесці ў п’есу рэжысёрскія змены. Такім чынам атрымалася, што дзеянне па часе ў спектаклі расцягнута ад 1930-х да нашых дзён. Такі ход быў выкарыстаны для таго, каб паказаць актуальнасць тых самых праблем. Змянілася і канцоўка п’есы (па некаторых крыніцах, сам Кандрат Крапіва планаваў развязку, блізкую да сённяшняй тэатральнай, але абставіны таго часу не дазволілі яму зрабіць гэта). Мы доўга раіліся, бо трэба ж аргументаваць рашэнне. Урэшце, прыйшлі да таго, што такі адкрыты канец, “пралангіраванасць” вобраза дапамагае герою дзейнічаць па-за межамі спектакля. Кандрат Крапіва, верагодна, згадзіўся б з такой трактоўкай.

***

— Мне прыемна, што і мой дзесяцігадовы ўнук Глеб таксама пачаў цікавіцца жыццём прапрадзеда па меры сталення. Ён распрацаваў праект “Мінскія адрасы Кандрата Крапівы”. Канешне, я дапамагла яму і выступіла ў якасці навуковага кіраўніка.

Мінск стаў для Кандрата Крапівы родным горадам, на пастаяннае месца жыхарства ён пераехаў сюды ў 1925-м годзе. У Мінску ён і пайшоў з жыцця ў 1991-м. Уявіце сабе, колькі гадоў ён тут жыў! І мы выявілі, што гэта тэма нікім не раскрытая, бо ўсім вядомы толькі яго апошні адрас на праспекце Незалежнасці, 76. Мы з Глебам пачалі ездзіць па Мінску. Многае нам распавяла мая мама, нявестка Крапівы, якая ведае яго з 1944 года. Па адным з адрасоў знайшліся людзі, што жылі з маім дзедам у адным пад’ездзе ў 1930-я. Цікавая гісторыя атрымалася і з домам па вуліцы Маладзечанскай, яна некалі пралягала ля Царквы Марыі Магдалены. Месца, дзе стаяў дом, мы адшукалі не па фотаздымку, а па замалёўцы майго бацькі, які ніколі б у жыцці не ўявіў, што яго малюнак стане гістарычным дакументам. У адрасным спісе таксама пасляваенны дом па праспекце Незалежнасці, 12. Глеб зрабіў свежыя фотаздымкі нашых адкрыццяў. Галоўнае, што яны звязаныя не толькі з прыватнай гісторыяй Кандрата Крапівы, але і з лёсам цэлага горада. Унук распавёў, што яго аднакласнікі вельмі жыва адрэагавалі на яго праект і прызналіся, што такім чынам больш цікава вывучаць творчасць асобы, якая жыла і працавала недзе побач з табой. У выніку працы мы атрымалі фотаэкскурсію, якая была ацэнена і супрацоўнікамі Музея гісторыі беларускай літаратуры. Верагодна, гэты праект музей аднойчы і ўвасобіць.

***

— Даўно агучваю ідэю стварэння мемарыяльнага музея імя Кандрата Крапівы. Такая маштабная фігура мае права быць прадстаўленай у нашай культурнай прасторы і праз асобную экспазіцыю. Зараз амаль увесь архіў пісьменніка знаходзіцца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, чым я вельмі задаволена, бо пытанне захоўвання — справа вельмі складаная. Тым больш, што ва ўмовах установы дакументы і асабістыя рэчы Крапівы даступныя гледачу. Акрамя таго музей ладзіць выставы, некаторыя з іх дэманструе і за мяжой.

Ды хацелася б мець і сталую пляцоўку, але я разумею: гэта не так проста. І пакуль такой магчымасці няма, узнікла альтэрнатыўная ідэя — віртуальны музей. Гэта таксама вялікая праца, важна, каб яе ажыццявілі прафесіяналы пад патранатам якой-небудзь культурнай установы. Тым больш на канферэнцыі ідэю падтрымалі навукоўцы. А практыка стварэння такіх музеяў існуе, ёсць на што абапірацца. Інфармацыі для віртуальнага праекта таксама хапае, бо дакументы сумленна захаваныя не толькі літаратурным музеем, але і навуковай бібліятэкай Акадэміі навук. Фрагменты архіву ёсць у музеях Купалы і Коласа…

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст