Гіперактыў выхаванцаў

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Вясновыя канікулы — дадатковая нагода схадзіць з дзецьмі ў тэатр ці на канцэрт. Калісьці ў гэты час ладзіўся нават спецыяльны Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва, дый астатнія мастацтвы не адставалі. Сёлета тэатральная афіша стракаціць разнастайнымі назвамі. Бракуе хіба чагосьці накшталт “Аповеда пра тое, як паводзіць сябе на спектаклі”.

Для пачатку — некалькі карцінак “з жыцця”. У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек аднавілі “Баладу пра белую вішню”, жанрава азначаную як “летапіс ХІV стагоддзя” і прызначаную для дзяцей ад васьмі гадоў. Спектакль вырашаны ў стылістыцы сярэднявечных малюнкаў, з выкарыстаннем некаторых прыёмаў батлейкі і дае сучасным падлеткам багата падстаў для роздуму і абмеркаванняў — на тэмы нацыянальнай гісторыі, патрыятызму, вернасці, кахання, здрады. Але ж і патрабуе хаця б мінімальнага папярэдняга разумення, “на што ідзем”. Уласна кажучы, такая “настройка” неабходная для кожнага “культпаходу”, асабліва з дзецьмі. А тым больш на спектаклі, дзе не адно забаўкі прапануюць.

Што ж я ўбачыла ў зале? Яшчэ адзін “спектакль”, прычым галоўныя ролі ў ім адыгрывалі настаўнікі. Так-так, менавіта дарослыя ў час дзеі хадзілі па зале, падсаджваліся то да адной групы, то да іншай, услых вырашалі такія “неабходныя” пытанні, як, да прыкладу: “Пасля спектакля збіраемся не ў гардэробе, а ў фае”. Няма чаго здзіўляцца, што такі прыклад “натхніў” і юных аматараў мастацтва: яны таксама пачалі размаўляць уголас, бегаць па зале, штурхацца, валтузіць адзін аднаго. Вядома, выкладчыкі не маглі пакінуць такое “безобразие” (дакладней, “образие”, бо “вобраз” якраз і быў зададзены): яны сталі перакрыкваць вучняў, каб навесці парадак. Ну, а героі “Балады…” пакутавалі ўдвая: ад ваенных падзей, што ішлі не толькі на сцэне, але і ў зале. Мо гэта нетыповы прыклад. Але, як заўважылі супрацоўнікі ТЮГа, “нормай” стала, што выкладчыкі ў час спектакляў папросту выходзяць у фае ці буфет — патэлефанаваць, падсілкавацца, у лепшым выпадку пакідаючы ў зале аднаго “дэлегата”.

Як супрацьлегласць — прыходжу неяк на “дарослы” канцэрт у філармонію. У праграме — адно найноўшая беларуская музыка. І раптам бачу ў зале… артыста Паўла Харланчука. Можа, думаю, ён удзельнічае ў другім аддзяленні? Ажно не — прыйшоў з дачкой, якая музыкай займаецца. Скажу адразу: канцэрт быў вельмі няроўны, жудасна зацягнуты, публікі з кожным нумарам станавілася ўсё менш. Яшчэ і таму, што некаторыя кампазітары, паслухаўшы свой твор, адкланяўшыся і сабраўшы апладысменты, пакідалі залу, часцяком разам са сваімі прыхільнікамі. Пасля антракту шэрагі парадзелі ўдвая. Не ўбачыўшы на сваім месцы Харланчукоў, я магла ім толькі паспачуваць, бо ёсць музыка, у тым ліку беларуская, куды больш цікавая, чым большая палова сабранай у праграме. Ажно не — бацька проста перасадзіў дачку бліжэй. Упэўнена, потым абмяркоўвалі пачутае, бо гэта было заўважна ўжо ў антракце. Ці ж не такім павінна быць сапраўднае выхаванне?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"