І ўсё ж ёсць нейкая пасіўнасць…

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Пра традыцыйную (і не толькі) культуру замоўце слова: з Уладзімірам Пракапцовым па яго родных мясцінах
З нашай паездкі з генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Пракапцовым у родны для яго край атрымалася значна большае, чым візіт ва ўстановы культуры з экскурсам у мінулае. Выйшла цэлае падарожжа па дарагіх для героя мясцінах наогул. Фінальнай кропкай маршруту была Жгунская Буда — вёска, у якой Пракапцоў нарадзіўся.

/i/content/pi/cult/579/12760/10-1.jpgА пачаўся ваяж па Гомельшчыне ў абласной сталіцы з... мотаклуба “Начныя ваўкі”: у ім размяшчаецца майстэрня скульптара Сяргея Парцянкова. Выстава яго незвычайных работ — стракоз, жукоў і іншых жамярын, вырабленых з металічных дэталяў, пройдзе ў Нацыянальным мастацкім у сярэдзіне красавіка. Выпіўшы гарбаты, мы пакінулі творцу адбіраць экспанаты для паказу сталічнай публіцы, а самі выправіліся ў Добруш, дзе першым прыпынкам стаў Раённы краязнаўчы музей.

І замежжа дапамагае...

Кожны раз, наведваючы горад, Уладзімір Іванавіч з’яўляецца ў Раённы краязнаўчы не з пустымі рукамі: звыш 40 карцін — і яго пэндзля, і твораў іншых майстроў — перададзена ім сюды. У папярэдні, лютаўскі, прыезд такім падарункам стаў зімовы пейзаж маэстра “Старыя гнёзды”, а цяпер ён прывёз (праўда, толькі часова) палатно Леаніда Дударэнкі “Сельская настаўніца” — партрэт мамы Пракапцова з калекцыі Нацыянальнага мастацкага. З канца 2008 года ў музеі дзейнічае мастацкая галерэя Пракапцова, дзе выстаўляюцца работы як яе заснавальніка, так і яго калег па цэху. У дзень нашага знаходжання ў музеі мы дакрануліся да часцінкі культуры Паднябеснай: апошнія дні працаваў перасоўны праект “Цудоўны Кітай”, у рамках якога было прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, нацыянальныя касцюмы.

 — Музей не прастойвае, — кажа дырэктар Віталь Пякарскі. — Па магчымасці стараемся здзіўляць публіку цікавымі выставамі. Людзі гэта бачаць і ходзяць да нас ахвотна. Таму неяк асабліва выкручвацца, каб зарабіць, не даводзіцца. Фінансава садзейнічае пабрацім Добруша — горад Iцiген, які не так даўно вылучыў нам 2 тысячы долараў.

Гэта швейцарская камуна — добры, бескарыслівы сябар Добруша. Сёлета акрамя музея партнёры дапамаглі і шэрагу іншых устаноў культуры горада: дзіцячай школе мастацтваў, раённаму палацу культуры, раённай бібліятэцы. І дапамога такая — не разавая: напрыклад, для РПК раней былі набыты аўтобус, інструменты…

Упор на беларускае

...Скончыўшы васьмігодку ў Жгунскай Будзе, у 9 — 10 класах Валодзя Пракапцоў навучаўся ў Добрушы ў сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Фёдара Кухарава. Вясной і ранняй восенню ён дабіраўся да горада (менш за 10 кіламетраў ад вёскі) аўтобусам, пешшу або на ровары, а позняй восенню і зімой разам з сябрам Валодзем Гарбачовым здымаў у Добрушы пакойчык. Культурныя забаўкі прыяцелям прапаноўваў Дом культуры (цяпер — Раённы палац культуры), самым яркім успамінам пра які для нашага героя стаў фільм Уладзіміра Басава “Шчыт і меч”.

Усе яго серыі Пракапцоў паглядзеў акурат там у канцы 1960-х. У ДК, натуральна, працавалі ўсялякія гурткі... Але ні адзін з іх Пракапцоў не наведваў.

— Мне ж ужо 15 — 16 гадоў было, — тлумачыць Уладзімір Іванавіч, — перарос я іх. І хоць, наколькі памятаю, у ДК быў мастацкі гурток, маляваннем я займаўся толькі ў школе, а таксама афармляў насценгазеты.

У Дом культуры Валодзя хадзіў, каб паглядзець на выступы артыстаў мастацкай самадзейнасці, школьнікаў. І нават сам прымаў удзел у конкурсах — спяваў у школьным хоры, хаця свае вакальныя даныя ён ацэньвае сціпла. Праходзілі тут і конкурсы тых самых насценгазет... Праўда, прызавых месцаў яму не дасталося.

— Тагачаснае культурнае жыццё Добруша я ахарактарызаваў бы словам “масавасць”, — працягвае Пракапцоў. — З установамі культуры было беднавата, затое ў іх дзейнасць уцягваліся ледзь не ўсе гараджане — ад малога да вялікага. Ну а калі адзначаліся буйныя святы, на тутэйшым востраве нейкім чынам змяшчаўся ці не ўвесь горад.

Добруш, дарэчы, называюць Маленькай Венецыяй. “Вінаватая” ў тым рака Іпуць, якая дзеліць яго на дзве часткі. У цэнтры горада на згаданым Пракапцовым востраве знаходзіцца зона адпачынку, да якой вядзе пешаходны мост. І ў гады маладосці нашага героя, і сёння тут пляцоўка для шматлікіх мерапрыемстваў: балазе з інфраструктурай усё як мае быць.

А інфраструктура РПК натхняе на творчыя здзяйсненні: сем яго калектываў маюць званне “народны”, ёсць студыя гуказапісу, а, значыць, і вакальна-інструментальныя ансамблі. На некалькі хвілін мы зазірнулі ў пакой, дзе рэпеціраваў ансамбль ветэранаў “Світанак”. Усяго ж у палацы займаецца каля 300 чалавек.

— Працэнтаў на восемдзясят надаем увагу нацыянальнаму мастацтву, упор робіцца на беларускія танцы ды песні, — кажа дырэктар РПК Сяргей Стацкевіч. — А да нашых фірмовых мерапрыемстваў я б аднёс раённы конкурс дзіцячай творчасці “Музычны Алімп”, Міжнародны фестываль творчасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Мы разам!” ды, вядома, славянскі культурны фестываль “Спасаўскі кірмаш”. На месцах адраджаем абрадавыя святы, нават праводзім агляды.

Да болевых кропак Сяргей Яўгенавіч аднёс тое, што публіка канцэрты заезджых артыстаў стала наведваць з меншым імпэтам.

— Уладзімір Іванавіч казаў пра масавасць, энтузіязм у гады яго маладосці. А ў мяне сэрца радуецца, калі я бачу дзяцей і дарослых, якія ідуць у Палац. Ды ўсё ж ёсць нейкая пасіўнасць…

Таму супрацоўнікам РПК даводзіцца прыкласці намаганні, каб пераканаць людзей, што свет не абмяжоўваецца працай і домам, што ён стане для іх нашмат ярчэйшым, багацейшым ды шырэйшым, калі яны знойдуць час, каб рэалізаваць нейкія творчыя схільнасці.

З Палаца культуры мы перамясціліся ў Раённы цэнтр дадатковай адукацыі, у будынку якога калісьці размяшчалася школа № 2. Яго служачыя бегла азнаёмілі Уладзіміра Іванавіча з навучальным працэсам. Не пакінуў мастак без прыемнага сюрпрызу і гэту ўстанову, падарыўшы некалькі выданняў, звязаных з выяўленчым мастацтвам.

Памятаць пра людзей

Па дарозе ў Жгунскую Буду пытаюся ў Пракапцова:

— Уладзімір Іванавіч, вы любілі хадзіць у кіно, спявалі, але выбралі шлях мастака. Чаму так адбылося? Той жа музыкант, гарманіст, пэўна ж лічыўся першым хлопцам на вёсцы?..

— Неяк наш сусед, аграном, падарыў маім бацькам таўшчэзныя выданні, у якіх распавядалася і пра расліны, выведзеныя Мічурыным. І такія там былі прыгожыя ілюстрацыі — маляваныя грушы, яблыкі. На мяне тая садавіна зрабіла наймагутнае ўражанне, і я... пачаў яе перамалёўваць. А чаму не музыкантам? Па-першае, пры вясковым клубе не было ніякіх гурткоў, а гэта значыць, навучыцца граць не змог бы. Па-другое, вёска ўяўляла з сябе стараверскі арэал. Адпаведна, гэта была ў некаторай ступені закрытая ў сабе супольнасць людзей, са сваімі традыцыямі, святамі, паводзінамі ў побыце.

Але, вядома, не толькі ўплыў садавіны ад Мічурына прывёў Валодзю да выяўленчага мастацтва. Спрыялі таму і спрыяльныя варункі: родны дом, прырода, пахі лета і зімы, пералётныя птушкі, ранішняя дымка, далёкае ды блізкае неба. Няспешнасць, грунтоўнасць наваколля ды ўсведамленне ўжо з юных гадоў таго, што людзі жывуць толькі аднойчы і што гармонія — вось яна, перад вачыма. Напэўна, неяк так.

Вось і Жгунская Буда. Яна некалі славілася майстрамі, што вышывалi накідкі для падушак, посцілкі, фіранкі. Прычым вышывалі для сябе, не на продаж. Па вёсцы хадзілі мастакі з маляванымі на дыванах-цыратах лебедзямі на сажалцы і русалкамі — інтымная ды наіўная творчасць. Ганчары рабілі збаны для малака, адмыслоўцы плялі кошыкі.

— Сёння ўсё гэта ў вёсках практычна знікла — як нешта штодзённае ды натуральнае, для душы, — разважае Пракапцоў. — Зараз гэтым займаюцца ў цэнтрах рамёстваў, на платнай аснове, як правіла. Добра, што рамёствы, промыслы падтрымліваюць такім чынам, але ёсць у мяне асцярога, што камерцыялізацыя ў такім кантэксце традыцыйнай культуры можа ёй нашкодзіць. Далёка не ўсе бацькі могуць дазволіць сабе аплачваць захапленні дзяцей. Можа, патрэбна адмысловая праграма, якая закранае сферу народнай культуры, накіраваная на яе захаванне ды развіццё і фундаваная дзяржавай? Нацыянальная культура — гэта тое, што вылучае адну краіну ад іншай, што дазваляе ідэнтыфікаваць сябе народу. Мае ён патрэбу ў самаідэнтыфікацыі? Несумненна. Ва ўмовах глабалізацыі адной датычнасці да чагосьці недастаткова, каб, акрамя матэрыяльнага насычэння, быць яшчэ і духоўна напоўненым. І вось бы ўсю захопленасць вышыванкамi распаўсюдзіць на народнае мастацтва ў цэлым!

На жаль, з-за хваробы бібліятэкара ў Жгунабудскую сельскую бібліятэку мы патрапіць не змаглі. Зрэшты, менавіта ў гэты будынак юны Валодзя па літаратуру не завітваў: у гады яго дзяцінства і малалецтва ўстанова размяшчалася ў іншым месцы, пазней пераехаўшы ў памяшканне Дома вольнага часу, а ў 2014-м “выцесніўшы” той: у ходзе аптымізацыі клубную працу ў жгунскім арэале акумуляваў у сабе клуб у аграгарадку “Жгунь”. Тым не менш, без іншага культурнага жыцця Жгунская Буда не засталася: яго пастаўляе ў вёску аўтаклуб, што мінімум 2 разы на месяц прывозіць з канцэртнымі нумарамі артыстаў з Жгунскага сельскага дома культуры, Добрушскага раённага палаца культуры.

Сякую-такую інфармацыю пра бібліятэку я ўсё ж атрымаў з вуснаў Аляксандра Агеева, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Добрушскага райвыканкама. У бібліятэцы зарэгістравана 290 чытачоў (Жгунская Буда без уліку дачнікаў, якія пражываюць у прылеглых да яе пасёлках, налічвае 430 чалавек; а дачнікаў, дарэчы, таксама абслугоўваюць), з іх ва ўзросце да 15 гадоў — 55, ад 15-ці да 24-х — 25. Кнігавыдача за мінулы год склала 8000 асобнікаў (1657 — творы беларускіх аўтараў, часопісы ды газеты на беларускай мове; з жанраў перавага аддаецца фантастыцы, дэтэктывам, любоўным раманам, сучаснай прозе); наведванне — 3200 чалавек. Пры ўстанове функцыянуе аматарскае аб’яднанне “Скарбонка ўласных фантазій” — клуб эстэтычнага выхавання, дзе займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. А вечарамі ў бібліятэцы часам збіраюцца людзі пенсійнага веку — пагутарыць "за жыццё", папіць гарбаты, паспяваць песні.

— Калі казаць пра праблемы, то галоўная сярод іх — абнаўленне фондаў, — дзеліцца Аляксандр Уладзіміравіч. — Гэта тычыцца і дадзенай бібліятэкі, і іншых сельскіх кніжніц раёна. Сродкаў на закупкі новай, сучаснай літаратуры не стае. Другая праблема заключаецца ў тым, што моладзь сёння завабіць у такія ўстановы вельмі цяжка: асноўная яе частка аддае перавагу электроннай, а не папяровай літаратуры, і на “пернікі” ў выглядзе акцый, скіраваных на папулярызацыю бібліятэк, яна рэагуе вяла.

За 5 гадоў на Добрушчыне аптымізавана 11 бібліятэк. “Але пра людзей мы не забыліся, — адразу дадае Агееў. — Населеныя пункты, колькасць жыхароў у якіх не перавышае 250 чалавек, абслугоўвае бібліобус, што двойчы на тыдзень развозіць па раёне літаратуру. Бібліятэкі, якія працуюць у 11 аграгарадках, камп’ютарызаваны ды падлучаныя да Інтэрнэту. На 90 % камп’ютарызаваны іншыя сельскія бібліятэкі, і ва ўсіх іх таксама маецца доступ да Сеціва.

Матэрыяльна-тэхнічнай базе “сваіх” бібліятэк па 5-бальнай шкале спадар Агееў выставіў моцную “чацвёрку”. (Звонку Жгунабудскую я б ацаніў на «чатыры з плюсам” — будынак выглядаў самавіта, моцна.) На кадравы голад Аляксандр Уладзіміравіч не скардзіцца, абагульніўшы, што ва ўстановах культуры Добрушскага раёна збольшага працуюць тутэйшыя выхадцы, якія вярнуліся на радзіму пасля заканчэння профільных навучальных устаноў. Радуе яго і тое, што немалы адсотак такіх работнікаў складаюць людзі маладога і сярэдняга веку.

— Уладзімір Іванавіч, а вы ў маладыя гады кнігачэем былі? — цікаўлюся я ў свайго спадарожніка, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

— Так, і пах тых кніг памятаю да гэтага часу, — прызнаецца Пракапцоў. — Памятаю, як у класе сёмым праходзілі “Як гартавалася сталь” Мікалая Астроўскага. Раман гэты было не дастаць. А ў доме сяброўкі мамы, у вёсцы Ларышчава, ён на этажэрцы стаяў. І я марозным, прыгожым надвячоркам пайшоў папрасіць пачытаць кнігу, вярнуўся позна ўжо, замёрз. Потым гэтая кніга ад мяне перайшла да кагосьці яшчэ з вучняў, яшчэ і яшчэ, пакуль да дзюр яе ні зачыталі! Любоў да чытання тады была велізарная.

А ў клубе Пракапцоў, бывала, у выхадныя адседжваў два кінасеансы — дзённы ды вячэрні. Тут рэгулярна выступалі школьнікі — спявалі, танцавалі, Валодзя ж чытаў вершы. Пра тагачасную самадзейную творчасць ён кажа як аб натуральным і арганічным, у параўнанні з тым, як сёння бацькі сілай адрываюць сваіх дзяцей ад камп’ютараў і настойліва рэкамендуюць ім зазірнуць у бліжэйшы дом культуры...

Уладзімір Іванавіч паказвае мне тую самую васьмігодку, дакладней, тое, што ад яе засталося: школы ў вёсцы цяпер няма. Прыводзіць да роднага дому, знаёміць са сваёй мамай, 89-гадовай Марыяй Андрэеўнай. Узнімаецца моцны вецер, і можа, праз тое ў яго на вачах і з’яўляецца вільгаць. А мо з якой іншай прычыны...

Доўгая дарога дадому

Скрозь снежную завею мы з Уладзімірам Пракапцовым вяртаемся ў Гомель па работы Сяргея Парцянкова i ўсё гутарым ды гутарым пра беларускую культуру. Пра тое, што людзей неабходна ўцягваць у яе, а не, спасылаючыся на аб’ектыўныя прычыны, разводзіць рукамі, маўляў, не хочуць студэнты навучацца фалькларыстыцы з этнаграфіяй. Што беларуская мова мае патрэбу ў папулярызацыі. Едзем, дыскутуючы пра магчымасць выкладання ў школе рэлігіі, у тым ліку як формы культуры. Уладзімір Іванавіч, адцягваючыся ад размовы, перыядычна пільна ўзіраецца ў акно мінівэна на хмурныя краявіды. Магчыма, мяркую я, задумвае новую карціну. Што на ёй будзе?..

Мінск — Гомель — Добруш — Жгунская Буда — Мінск 
Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"