Хто яны — нашчадкі рэалізму?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Сёння рэалістычнае мастацтва пад уплывам сучасных мастацкіх плыняў церпіць ад сур’ёзных выпрабаванняў, аднак цікавасць да яго ў гледача па-ранейшаму не згасае. Пра гэта сведчыць экспазіцыя “Нашчадкі рэалізму” вядомых маскоўскіх мастакоў Уладзіміра Лепяшова і Барыса Кляменцьева, што адкрылася ў Бабруйскім мастацкім музеі.

/i/content/pi/cult/579/12759/13-2.jpgВыстава адбылася дзякуючы ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле члена Саюза пісьменнікаў Расіі, філосафа Івана Ягорава. Іван Дзмітрыевіч — родам з Бабруйска, сувязь з горадам ён ніколі не перапыняў. Працягвае падтрымліваць добрасардэчныя адносіны з калектывам бабруйскай сярэдняй школы №1, у якой вучыўся і для якой зрабіў шмат добрага. Экспазіцыя “Нашчадкі рэалізму” ў Бабруйскім мастацкім музеі — яго чарговы падарунак гораду дзяцінства.

Уладзімір Лепяшоў і Барыс Кляменцьеў — выпускнікі Маскоўскага мастацкага інстытута імя Васіля Сурыкава. Кляменцьеў — вучань заснавальніка і рэктара Расійскай акадэміі жывапісу, скульптуры і дойлідства народнага мастака СССР, прафесара Ільі Глазунова. Лепяшоў вучыўся ў вядомага рускага і савецкага скульптара, народнага мастака СССР Уладзіміра Цыгаля.

У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс Кляменцьева — партрэты “Матухна Яўстолія”, “Я.Кірзін”, “Ветэран В.А. Лебедзеў”, у якіх аўтар дэманструе выдатнае тэхнічнае майстэрства і валоданне сакрэтамі класічнага жывапісу. Ёсць і работы ў тэхніцы пастэлі: партрэты спявачкі Валянціны Талкуновай, савецкага кампазітара Георгія Свірыдава і іншыя. У жанры пейзажнага жывапісу мастаку бліжэй за ўсё лірычная лінія расійскай школы, арыентаваная на класікаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, у якіх пейзаж — гэта паэтычнае пранікненне ў прыродны вобраз, напоўнены святлом, паветрам і бязмежнай прасторай.

Лепяшоў з’яўляецца аўтарам помнікаў выбітным асобам, скульптурных кампазіцый па матывах казак Паўла Бажова, якія ўпрыгожваюць парк у Маскве, помніка “Растокінскі дворнік”, які стаў адной з маскоўскіх славутасцяў. На выставе ён прадставіў партрэты Патрыярха Кірыла, П’ера Кардэна, Дэніса Ціта — першага касмічнага турыста, а таксама парны партрэт пісьменнікаў-філосафаў братоў Ягоравых. Скульптар віртуозна прыкмячае характэрныя рысы мадэляў, выкарыстоўваючы розныя спосабы лепкі для перадачы індывідуальных асаблівасцяў. Работы вылучаюцца магутнасцю аб’ёмаў і выразнасцю ракурсаў.

Ала МАЛЬЦАВА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея

Фота прадастаўлены музеем