Не ўпусці свой шанц…

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

12 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. Гэта планавае мерапрыемства, што папярэднічае ўступным іспытам, бывае штогод, прыносячы карысць і самой навучальнай установе, і яе патэнцыйным абітурыентам, лепшыя з якіх неўзабаве стануць студэнтамі. Выкладчыкі могуць лепш “прыгледзецца” да сваіх будучых вучняў і іх магчымасцяў, адчуць некаторыя тэндэнцыі будучай уступнай кампаніі. Моладзь жа, у сваю чаргу, не павінна ўпускаць шанс атрымаць адказы на любыя хвалюючыя пытанні — творчыя і арганізацыйныя. Дык чаго ж чакаць сёлета ад спякотных летніх дзянёчкаў?

/i/content/pi/cult/578/12751/9-1.jpgАгульныя ўражанні — самыя станоўчыя. Абстаноўка ў Акадэміі музыкі — спакойная, прэтэндэнтаў на вышэйшую музычную адукацыю сустракаюць на ўваходзе валанцёры. Разабрацца, куды ісці далей, няцяжка. На цудоўна аформленых стэндах — максімум інфармацыі, дый навігацыя распрацавана так, што заблытацца немагчыма.

Будучых кампазітараў сёлета назбіралася больш, чым звычайна, давялося нават перанесці сустрэчу ў больш прасторную аўдыторыю. Усе прыехалі са сваімі творамі, хтосьці нават выканаўцаў прыхапіў, каб прэзентаваць сваю музыку максімальна выйгрышна. “Пачынаючы з першай такой сустрэчы, — гаворыць загадчык кафедры кампазіцыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Галіна Гарэлава, — мы імкнемся давесці пачаткоўцам разуменне асноў нашай прафесіі. Штогадовы план прыёма кампазітараў — чатыры чалавекі (раней было пяць). Але гэта зусім не значыць, што ўсе яны стануць знанымі творцамі. Мне неаднойчы даводзілася чуць: маўляў, навошта прымаць так многа, калі потым не ўсе з іх становяцца кампазітарамі, хтосьці працуе па смежных музычных спецыяльнасцях. Але для гэтага і трэба вучыць пяць, дзесяць чалавек, каб той адзін атрымаўся! Бо прафесія гэта — эксклюзіўная. І даведзены ў ёй план прыёма не заўсёды спрацоўвае. Гэта ж не вытворчасць, дзе неабходна планамернае штогадовае ўліванне кадраў! Бывае, у якісьці год няма яркіх творчых асоб. Дык што, прымаць усіх запар? А іншым разам — наадварот, адзін другога лепш. І хтосьці аказваецца за бортам. Дарэчы, Бах, Гендэль і Скарлаці нарадзіліся ў адзін год. Цікава, каму з іх трэба было б аддаць перавагу, калі б яны прэтэндавалі на адно бюджэтнае месца?..”

Больш за ўсё, як звычайна, піяністаў. Яны запісваліся на праслухоўванні да трох розных выкладчыкаў, і тыя кансультавалі іх ледзь не да вечара. “Яшчэ тры-пяць гадоў таму, — дзеліцца ўражаннямі загадчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна, дацэнт Уладзімір Дулаў, — да нас прыходзілі музыканты рознага прафесійнага ўзроўню. А цяпер — практычна ўсе валодаюць інструментам даволі дыхтоўна. Тэндэнцыя апошніх гадоў — такая ж геаграфічная роўнасць: добрую падрыхтоўку паказваюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, а не адно мінчукі. Гэта вынік, лічу, таго “колазварота”, калі нашы выпускнікі працуюць ледзь не ва ўсіх спецыяльных навучальных установах краіны. Асабліва добрыя фартэпіянныя школы склаліся ў Гродне, Брэсце, Наваполацку, дый астатнія не адстаюць. Яшчэ адным фактарам, які вельмі спрыяў агульнаму узроўню падрыхтоўкі абітурыентаў-піяністаў, сталі Фартэпіянныя асамблеі, якія мы ладзім раз на два гады. Пакуль прайшлі ўсяго два такія форумы, але вынікі адчувальныя. Бо ў час такіх сходаў, на якія з усёй краіны збіраюцца настаўнікі са сваімі вучнямі, праходзяць не толькі канцэрты, але і майстар-класы, адкрытыя ўрокі, навукова-практычныя канферэнцыі, ідзе актыўны абмен вопытам. Так што карціна на сёння складаецца вельмі аптымістычная”.

Музыказнаўства, здараецца, палохае абітурыентаў высокімі патрабаваннямі, неабходнасцю мець развіты слых, аналітычнае мысленне. Але сёлета і тут зрухі ў лепшы бок. “Кола зацікаўленых пашыраецца, — упэўнена Эльвіра Алейнікава, загадчык кафедры гісторыі музыкі. — Бо прыехалі не толькі выпускнікі, але і трэцякурснікі. Ёсць і піяністы, якія вырашылі змяніць спецыяльнасць. Безумоўна, багаж неабходных ведаў мае кожны. Але на іспытах некаторыя губляюцца, не могуць сабрацца з думкамі. Таму мы разам з загадчыкам кафедры беларускай музыкі Вольгай Дадзіёмавай пачалі з невялікай экскурсіі, настройвалі нашых юных гасцей на тое, каб надалей яны прыходзілі сюды, як у родныя сцены. Расказвалі ім пра перспектыўнасць прафесіі, якая, да ўсяго, выхоўвае ў музыканце логіку, паслядоўнасць, сістэмнасць”.

А што ж вакалісты — ці не перавяліся на Беларусі прыгожыя моцныя галасы? “Кантынгент у нас бывае розны, — расказвае загадчыка кафедры спеваў, старшы выкладчык Таццяна Цыбульская. — Бо вакалістаў мы прымаем не толькі на першы курс, але і на падрыхтоўчае аддзяленне — у выпадках, калі голас добры, а музычных ведаў не хапае. Многае становіцца зразумела ўжо па першых нотах, таму камусьці нават раілі абраць іншую навучальную ўстанову. Але прэтэндэнтаў было шмат. І, што радуе, з рознымі па тэмбры галасамі: не толькі сапрана ды барытоны, якіх заўсёды больш, але і тэнары, басы, нават адно мецца-сапрана”.

Аптымістычная сітуацыя і на іншых факультэтах, дзе таксама можна ўбачыць пэўныя тэндэнцыі. Сярод духавікоў, да прыкладу, паболела саксафаністаў. “Але ж многія з іх, — заўважае загадчык кафедры драўляных духавых інструментаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, доктар культуралогіі, прафесар Уладзімір Скараходаў, — скіраваны на джазавую, эстрадную плыні. А хацелася б, каб у пачатковым і сярэднім звёнах навучання плённа развівалася і акадэмічнае выканальніцтва на гэтым інструменце”.

Дададзім, што сёння суцэльны “дэсант” выкладчыкаў Акадэміі накіраваўся ў Магілёў. Увогуле ж, дзверы для талентаў адкрыты заўсёды. Было б жаданне! Прычым не толькі пачуваць сябе зоркай, здольнай скарыць любую аўдыторыю, але і працаваць — за інструментам і над сабой.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"