“Трэба гусцей сеяць”

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Міхаіл Фінберг у кантэксце Года культуры
Калі верыць народным прыкметам і анонсам, якія трапляюць на рэдакцыйную пошту, фестывальнае жыццё краіны актывізуецца па меры пацяплення. Вось і Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь чакаюць надзвычай напружаныя часы. Як і штогод, ён будзе з імклівай хуткасцю перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, прадстаўляючы ці не ў кожным канцэрце свежы рэпертуар. Пра адметнасці і прыярытэты легендарнага калектыву ў Год культуры распавядае яго нязменны кіраўнік — народны артыст Беларусі Міхаіл ФІНБЕРГ.

/i/content/pi/cult/578/12735/6-1.jpg— У Год культуры наш сезон будзе яшчэ больш насычаным, чым звычайна. Пастараемся зрабіць усё магчымае, каб за гэты адмежак часу і самі жыхары нашай цудоўнай краны сталі трохі больш культурнымі. Каб яны не толькі ведалі, як належыць паводзіць сябе ў транспарце ды гасцях, але не пачуваліся “не ў сваёй талерцы” і на канцэрце акадэмічнай ці джазавай музыкі. Каб на слыху былі не толькі прозвішчы эстрадных артыстаў, але і тыя імёны, якія ўжо залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю нашай музыкі — Станіслава Манюшкі, Напалеона Орды, Яўгена Глебава, Льва Абеліёвіча… І гэты спіс, паверце, можна доўжыць і доўжыць.

— Каму ж з людзей культуры гэтага не хочацца? Пытанне толькі ў тым, як дасягнуць такой утапічнай мэты.

— Чаму ж яна ўтапічная? Прыкладам, творы яшчэ аднаго класіка беларускай музыкі — Мікалая Чуркіна — не выконваліся ажно 47 гадоў! Але цяпер яны гучаць падчас кожнага нашага фэсту ў Мсціславе. І калі б тое турнэ па малых гарадах, якое мы вось ужо неўзабаве зноў распачнём у поўную сілу, мела больш шырокую падтрымку з боку ўстаноў адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, дык і вынікі былі б куды больш заўважныя.

— Але пакуль што часам складваецца ўражанне, нібы толькі на падобных “вузкапрофільных мерапрыемствах” такая музыка і жыве…

— Можа, яно і так, але… усё ж, не зусім так! Дзякуючы фэстам у малых гарадах, гэтая музыка пачынае жыць таксама і ў свядомасці слухачоў — што, паверце, самае важнае. Асабліва калі гутарка вядзецца пра моладзь. Літаральна штогод такія нашы, не пабаюся гэтага слова, выхаванцы трапляюць у лік канкурсантаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”. І часам проста дзіву даешся, наколькі добра гэтыя хлопцы ды дзяўчаты з розных куткоў Беларусі ведаюць сваю родную культуру і з якой любоўю да яе ставяцца. Адпаведна, пасеянае зерне абавязкова прыносіць належны плод. Трэба толькі гусцей сеяць.

— Апошнім часам слова “фестываль” у афішах сустракаецца ўсё радзей. Яго звычайна замяняюць нейкім эўфемізмам накшталт “свята”…

— Дык па сэнсе тыя словы зусім роднасныя. Фестываль — гэта ж і ёсць свята, толькі па-лацінску! Да ўсяго, я больш чым перакананы, што тыя мерапрыемствы, якія мы ладзім у малых гарадах, цалкам дацягваюць да пачэснага статусу фэсту. Яны ўтрымліваюць не толькі відовішчна-забаўляльны складнік — хаця без яго, вядома ж, нікуды, бо якое тады будзе свята, — але таксама і даследчыцкі, выхаваўчы. Мы працуем над тым, каб праграма кожнага з такіх святаў магла прадставіць нашу нацыянальную музыку ва ўсёй яе стылістычнай і жанравай разнастайнасці ды прыадкрыць тыя старонкі, якія пакуль нібы заставаліся ў ценю.

— А чым будзе адметны сёлетні фестываль у Маладзечне?

— Мы рыхтуем для яго вельмі важную праграму, якая прысвечана Уладзіміру Мулявіну. З гэтым вялікім чалавекам мяне лучаць выдатныя адносіны цягам усяго прафесійнага жыцця. Асабліва шчыльным наша супрацоўніцтва было напярэдадні заўчаснай смерці стваральніка “Песняроў”. Так сталася, што з маім удзелам прайшлі апошнія яго канцэрты, этапныя для біяграфіі Мулявіна. І таму лічу сваім абавязкам аддаць пашану гэтай Асобе, якой я заўсёды захапляўся і якую лічыў вартым для пераймання прыкладам. Гэта быў надзвычай сціплы і працавіты чалавек, які да кожнага ставіўся з вялікай павагай і ніколі не павышаў голас.

— А ці часта ўплываюць вашы асабістыя адносіны на выбар тых постацяў, якім прысвячаюцца канцэртныя праграмы?

— Наўрад ці тут можна казаць пра нейкую празмерную суб’ектыўнасць. Напэўна, справа ў тым, што ў жыцці мне надзвычай шчасціла на знаёмствы, без перабольшання, з вялікімі людзьмі. Вось і з Эльдарам Разанавым, якому будзе прысвечаны адзін з канцэртаў сёлетняга фэсту “Шлягер на ўсе часы”, нас лучылі прыяцельскія стасункі. Нам давялося неяк разам гастраляваць, а для творчых асобаў гэта найлепшая магчымасць для наладжвання адносінаў.

— Але ж з Віктарам Цоем, якому таксама прысвечана адна з фестывальных праграм, вашы пуцявіны, напэўна, не перасякаліся…

— Гэта і сапраўды так. І калі ў мяне з’явілася шалёная думка скласці з яго песень цэлы канцэрт, адразу ж узніклі сумневы: маўляў, што ж ты робіш і да чаго гэта ўсё прывядзе? Але чым далей унурваўся ў працу, тым больш прасякаўся творчасцю Цоя. Лічу, па сваёй паэтычнай глыбіні і душэўнай прачуласці яе цалкам можна супаставіць, скажам, з песнямі Высоцкага — таксама, між іншым, невялікага прафесіянала ў плане музыкі.

— А ці не боязна выконваць з аркестрам тыя песні, якія звычайна гучаць пад гітару ў добрых кампаніях?

— Нейкія смелыя задумы — гэта заўсёды рызыка, але, як кажуць, ваўкоў баяцца... Перакананы, што намаганнямі нашага аркестра песні Цоя набудуць зусім іншае — прафесійнае — гучанне ды раскрыюцца па-новаму. А што да песень у кампаніі пад гітару… Я знайшоў даўніх фанатаў Цоя, якія граюць іх вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў ледзь не на вуліцы, і ў рамках канцэрта яны ўпершыню ў жыцці заспяваюць пад акампанемент аркестра. Гэта таксама рызыкоўны эксперымент, але… перакананы, што ён стане сапраўднай “разыначкай” нашага канцэрта, дадаўшы ў яго непадробнай шчырасці.

 — Нацыянальны канцэртны аркестр сёлета выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра ў Віцебску ўжо ў 25-ы раз…

— Калі дакладней, то ў 27-ы, бо мы прыязджалі туды яшчэ на фестываль Польскай песні.

— І вельмі часта беларускія артысты наракаюць: маўляў, надта мала ім увагі надае тая ж прэса, што збіраецца на “Славянскім базары ў Віцебску”. Ці магчыма хоць неяк адкарэктаваць прыярытэты?

 — Ну так, журналісты пастаянна ўтвараюць шум вакол прыезду Пугачовай альбо Кіркорава. Нічога не маю супраць гэтых цудоўных артыстаў, з якімі неаднойчы перасякаліся мае шляхі. Дарэчы, зусім неўзабаве наш калектыў прадставіць праграму, прысвечаную Валерыю Ляонцьеву. Цяпер гэта суперзорка, але памятаю тыя часіны ў яго жыцці, калі прабівацца яму было вельмі няпроста.

Натуральна, ніхто не супраць замежных гастроляў. Мы ездзім, да нас ездзяць, гэта нармальны культурны абмен і канкурэнцыя. Але мушу адзначыць, што ў любой краіне асаблівая ўвага надаецца менавіта нацыянальнай музыцы. Вось і Год культуры, хочацца верыць, стане для многіх арганізатараў добрай нагодай перагледзець уласныя прыярытэты. Між іншым, гэта тычыцца таксама і некаторых айчынных артыстаў. Бо ў нас ёсць калектывы, якія за ўвесь час свайго існавання не прамовілі са сцэны ніводнага слова па-беларуску.

— Аргумент, які многія высунуць вам у адказ: маўляў, за канцэрты замежных артыстаў глядач галасуе рублём…

— Думаю, гэта стэрэатыпы, якія распаўсюджваюць тыя самыя СМІ. Ужо за тыдзень да таго ж “Шлягера на ўсе часы” ўсе білеты былі прададзены. Трохі раней з аншлагам прайшоў і наш фестываль джазу. Наўрад ці нейкі замежны калектыў здолеў бы столькі разоў запар сабраць у Мінску не самую малую залу. Але ж пра нашы поспехі журналісты чамусьці не пішуць. Ды мы і не наракаем: няма калі. Нехта з “зорак” яшчэ на гэты год не можа сфармаваць гастрольны графік, а на маім рабочым стале — ужо дагавор аб арэндзе залы Белдзяржфілармоніі на студзень 2018-га!

Фота Аліны САЎЧАНКА