— Алена Уладзіміраўна, як вы апынуліся ў ролі пастаноўшчыка танца для нашай дэлегацыі на культурным форуме? І натуральнае пытанне: ці лёгка сумяшчаецца эканоміка з пластычнай рэжысурай?
— Жана Хрусталёва, адзін з кіраўнікоў дэлегацыі, запрасіла мяне паставіць харэаграфічны нумар. У мяне дастаткова значны досвед у такіх справах. Адзіную складанасць мы адчулі, выбіраючы музычны матэрыял, але тут дапамаглі стасункі з цудоўнымі музыкантамі-фалькларыстамі. Ансамбль “Ветах” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам Вячаслава Калацэя стварыў для нас цэласную кампазіцыю з арыгінальнай аранжыроўкай і таленавітым выкананнем. А што да сумяшчэння родаў дзейнасці, дык я атрымала эканамічную адукацыю, скончыла аспірантуру па спецыяльнасці сацыяльная эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай, а зараз займаюся эканамічнымі аспектамі развіцця сферы культуры, адукацыі. Практыка заўсёды дапамагае тэорыі, а яна ў мяне складае 27 гадоў. Ну і, вядома, дзе людзі, там і сацыяльныя праекты, валанцёрскі рух. Міжнародны фонд “Мастацтва жыцця” — таксама валанцёрская арганізацыя, таму нашы інтарэсы ўдала супалі. Наогул, за валанцёрствам вялікая будучыня. І наяўнасць такога руху, мяркую, вызначае самадастатковасць нацыі: чалавек можа аказаць садзейнічанне камусьці ў свой вольны час, сабраць гурт аднадумцаў і дапамагчы не за заработную плату, а ад сэрца. Валанцёрскі рух яднае людзей рознага ўзросту ў праектах на карысць сваёй радзіме, і сёння нам не хапае пэўных заканадаўчых палажэнняў для натуральнага існавання такой галіны: людзі ж гатовыя да добрых спраў!
— Вяртаючыся да фестывалю, адзначу, што, дзякуючы яму, у людзей усяго свету існуе магчымасць праз музыку, танцы, песні, нацыянальную кухню прыйсці да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва...
— Сусветны фестываль культур — выдатная магчымасць адчуць на сабе, што менавіта ў нашы часы масавы форум спрыяе больш глыбокаму разуменню паміж людзьмі розных перакананняў, рэлігій, паходжання. Скажам, я мяркую, што мовай танца данесці да чалавецтва ідэю міру лягчэй, чым словамі. Аднак дыялог у сучасным свеце гэтак жа жыццёва неабходны. Таму на базе форума будзе створана платформа для перамоваў. Тут жа будуць праводзіцца спецыяльныя праграмы па ёзе, індыйскім танцы, рэгіянальнай музыцы і вегетарыянскай кухні.
— Многія з беларускіх удзельнікаў, якія развучвалі танец да форуму — непрафесіяналы, сёй-той танцуе наогул упершыню. Як вы ацэньваеце намаганні беларускіх танцораў?
— Я заўжды цаню, што людзі танцуюць з вялікім задавальненнем. І, прадстаўляючы сваю краіну, хочуць данесці, якая яна, Беларусь. У дэлегацыі цудоўная місія: падзяліцца любоўю да сваёй радзімы і адчуць гармонію з усімі людзьмі, якія жывуць на гэтай планеце. Спадзяюся, што новыя эмоцыі і новыя кантакты, якія зародзяцца ў Нью-Дэлі, станоўча адаб’юцца і на развіцці беларускай культуры.
Мар’яна ЗАБРОДСКАЯ
На здымку: Алена Рыбчынская падчас рэпетыцыі.
Фота Ігара СЕРАДЗЕНКІ