Тэматыка Года культуры

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

2 сакавіка ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам працоўных калектываў, сярод якіх былі і работнікі сферы культуры Беларусі. Узнагароды ўручаў Прэм’ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў.

/i/content/pi/cult/576/12679/1-1.jpg— 2016 год абвешчаны ў Беларусі Годам культуры. Таму мне ўдвая прыемна ўручыць сёння ўзнагароды нашай творчай інтэлігенцыі. У гэтым годзе мы будзем гаварыць аб культуры ў шырокім разуменні сэнсу гэтага слова. Культура побыту і вытворчасці, сям’і і чалавечых адносін. Ва ўсіх сферах нашага жыцця яна выйдзе на першыя пазіцыі, — сказаў Андрэй Кабякоў падчас урачыстай цырымоніі.

Таксама ён адзначыў, што ў зале прысутнічае вялікая група прадстаўнікоў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. “Упэўнены, што вы і ў далейшым будзеце радаваць публіку гучнымі прэм’ерамі”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў павіншаваў прысутных з уручэннем ім дзяржаўных узнагарод. “У гэтай зале людзі, чыя праца адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, чыя вопыт, прафесіяналізм, працавітасць па-асабліваму ацэнены нашай краінай”, — падкрэсліў Старшыня Савета Міністраў. Таксама Андрэй Кабякоў павіншаваў жанчын з надыходзячым святам 8 Сакавіка.

Усяго дзяржаўныя ўзнагароды з рук кіраўніка беларускага Урада, як паведамляе БелТА, атрымалі каля 90 чалавек.

***

Днямі адбылася сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сярод тэм размовы — і правядзенне Года культуры ў Беларусі.

— Я не прытрымліваюся пазіцыі касмапаліта, гэткага “перакаці-поле”. Чалавек павінен мець і памятаць свае карані, сваю культуру, мову, паважаць гэта. Тады мы нацыя, народ, а не проста група людзей. Дзякуючы падтрымцы Кіраўніка дзяржавы ўдалося захаваць і развіць асноўныя дасягненні ў сферы культуры, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Кажучы аб юбілейных датах Года культуры, асаблівую ўвагу ён звярнуў на 25-годдзе “Славянскага базару ў Віцебску”.

— Мы прывыклі, што ён кожны год праходзіць. Але гэта не местачковае мерапрыемства. Яно мае шырокі міжнародны рэзананс, — сказаў Міхаіл Мясніковіч і прывёў прыклад, як у час яго нядаўняй размовы з Прэзідэнтам Туркменістана той выказаў вялікае жаданне прыехаць на фестываль у Віцебск. Аналагічна трэба папулярызаваць беларускую культуру не толькі праз міжнародныя фестывалі, але і праз імёны вядомых землякоў.

Таксама кіраўнік Савета Рэспублікі праінфармаваў прысутных аб распрацоўцы Кодэкса аб культуры, які рыхтуецца да прыняцця ў 2016 годзе, і заклікаў паўдзельнічаць у гэтым працэсе канкрэтнымі прапановамі. Пра гэта паведамляе БелТА.