“Viva la музыка!” ад Співакова

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Майстар-клас маэстра падчас фестывалю
16 — 21 лютага ў Беларусі прайшоў IV Міжнародны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае", закрануўшы не толькі Мінск, але і Магілёў. Прапануем вашай увазе заканчэнне матэрыяла пра творчую сустрэчу з Уладзімірам СПІВАКОВЫМ, якая адбылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў час форуму.

(Заканчэнне. Пачатак у № 9)

/i/content/pi/cult/576/12672/13-1.jpg

Сустрэчу з Уладзімірам Співаковым вяла рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава. / Фота Аліны САЎЧАНКА

— Спачатку мяне аддалі займацца на віяланчэлі, — кажа маэстра. — Але я быў такі маленькі ды кволы, што хутка зразумеў: усё жыццё цягаць за сабой такі вялізны інструмент будзе няпроста. Таму літаральна праз два тыдні мяне перавялі на скрыпку. Першае маё выступленне прайшло вельмі даўно — яшчэ калі коткі, як кажуць, былі ростам з дрэвы. А дзіцячае адзенне было тады не такім зручным, як цяпер. Нават, я сказаў бы, даволі дзіўным: панчохі ў рубчыкі, якія трымаюцца на спецыяльных прышпільках, наверх шорты ці што яшчэ іншае. Усё гэта, вядома, замінала. Таму я выйшаў, падцягнуў-паправіў штонікі — і тады толькі пачаў граць. Публіка, вядома, пакатвалася са смеху.

Сёння юныя музыканты з дзяцінства ўдзельнічаюць у конкурсах, без гэтага не абыйсціся. Бо конкурсы даюць рэальную магчымасць, каб цябе заўважылі. Спаборніцтва дапамагае навучыцца акумуляваць энергію — творчую, фізічную, псіхічную, якую заўгодна. Гэта рух наперад. Але, як і ўсялякая з’ява, конкурсы маюць і адваротны бок: зразумела, мы часта сутыкаемся з неаб’ектыўнасцю.

Удзельнічаючы ў журы Міжнароднага конкурсу імя Пятра Чайкоўскага, я звярнуў увагу, што ўзнікаюць нейкія кланы, пачынаюцца “міжсабойчыкі”, якія не маюць дачынення ўласна да музыкі. Каб унесці ў гэта ноту справядлівасці, па выніках апошняга конкурсу я зладзіў у Маскве канцэрт тых, хто павінен быў, на маю думку, атрымаць больш высокія ўзнагароды. Поспех у публікі быў неверагодны: бясконцыя авацыі, словы прызнання…

Быў я і ў журы на конкурсе дырыжораў — у Лондане. На трэці тур прайшлі тры чалавекі, а прэмія — адна. І я ў журы — адзіны “не з Лондана”. Тут я канчаткова зразумеў, што адзін у полі не воін. Мяне запытваюць: дык каму, маўляў, прэмію аддадзім? А я адказваю: вас усё роўна болей. У тым конкурсе ўдзельнічаў малады эстонскі дырыжор Міхаіл Герц. Калі ўсё скончылася, я падышоў да яго: “Вы па-руску гаворыце?” — “Так”. — “Вы мне вельмі спадабаліся, і я хацеў бы запрасіць вас прадырыжыраваць канцэртам Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Расіі”. А ён у адказ: “Гэта маё Гран-пры!”

Мы звычайна ніколі не ведаем, хто насамрэч з’яўляецца нашым настаўнікам. Не абавязкова адно выкладчык па спецыяльнасці — гэта могуць быць самыя розныя жыццёвыя сустрэчы, якія раптам адкрываюць нам штосьці новае, нечаканае, бо ўсё гэта таксама навучанне. Асабіста для мяне такой навукай было сяброўства з рэжысёрам Георгіем Таўстаногавым. Аднойчы прыязджаем з Масквы ў Ленінград. І публіка Вялікага драматычнага тэатра, які цяпер носіць яго імя, нават не здагадваецца, чаму ў афішы раптоўныя змены. А ўсё таму, што ён мяне спытаў: “Вы бачылі “Смерць Тарэлкіна”? — “Не”. — Дык паглядзіце: гэта геніяльна”. І пасля спектакля мы гралі проста на сцэне для саміх артыстаў. Такое яднанне — сапраўднае шчасце! З выкладчыкамі мне таксама пашанцавала. Бо адной з маіх першых настаўніц была Любоў Сігал — вучаніца самога Леапольда Ауэра. Ён, дарэчы, быў даволі жорсткі чалавек — мне гэта нават дзіка, бо я імкнуся ўсё рабіць з любоўю. Яна распавядала, што ў яе была дрэнная звычка: калі грала, коса ставіла нагу. Ён зрабіў ёй заўвагу, яна паправілася, але праз час забылася — і нага зноў пайшла наўскос. Нічога не сказаўшы, ён падыйшоў — і ўрэзаў так, што два тыдні яна не магла хадзіць. Такая вось “педагогіка”…

Пасля, зразумела, маім выкладчыкам быў Юрый Янкелевіч. Уздзейнічала і тое, што я меў шчасце быць на многіх уроках Давіда Ойстраха. Ён граў творы з любога месца, паказваючы, як трэба выконваць. Але таксама здаралася ўсялякае. Памятаю, прыносіць студэнт яму Скрыпічны канцэрт Чайкоўскага. Грае першую фразу — той спыняе: “Паўтары яшчэ разочак”. Потым зноў: “Яшчэ разок”. Нарэшце, кажа: “Я думаю, Канцэрт трэба замяніць”. — “Але ж я сыграў толькі першую фразу!” — “Ты так сыграў, што я зразумеў: Канцэрт трэба замяняць”.

Прызнаюся, я больш люблю інструментальную музыку, хаця да оперы стаўлюся добра, дырыжырую опернымі канцэртамі, нават меў вопыт кіравання спектаклем! Гэта было ў італьянскай Генуі. Неяк прыйшоў да мяне французскі імпрэсарыа (ён ужо сышоў з жыцця), а ў маёй французскай кватэры на сценах карціны вісяць. Паглядзеў, пытае: “За ўсе карціны заплочана?” — “Не. Многія ўзяты ў крэдыт”. — “Вось кантракт, падпішы”. — “А што рабіць трэба?” — “Операй дырыжыраваць”. — “А якой?” — “Пурытане” Беліні. Я пра гэту оперу хіба краем вуха чуў — і падпісаў. А як ён пайшоў, патэлефанаваў свайму сябру, які на той час узначальваў адзін з французскіх оперных тэатраў. “Ты ведаеш оперу “Пурытане” — цалкам?” — “Ведаю. А што?” — “Я падпісаў кантракт ёй дырыжыраваць”. — “Ты з’ехаў з глузду”. Але нічога не зробіш, папрасіў даслаць партытуру. Паглядзеў, там сапраўды ўсё не так проста. А да ўсяго, трэба добра ведаць італьянскую мову, бо пасля пэўных слоў у рэчытатывах трэба ўстаўляць акорды. Угрызся як след у партытуру, прыехаў у Геную. А рэжысёр, які ўсё гэта ставіў, вырашыў “загнаць” хор пад зямлю, і артысты бачылі мяне толькі ў манітор, дзе сігнал даходзіць пазней. І што я ні рабіў, хор уступаў са спазненнем. Давялося адной рукой дырыжыраваць у адным тэмпе, паказваючы аркестру, а другой — у іншым, паказваючы хору. Тады ж я па-сапраўднаму сутыкнуўся са спевакамі. Падыходзіць да мяне прымадона: “Ведаеце, я сёння дрэнна сябе пачуваю, не маглі б вы больш павольнымі зрабіць вось гэтыя такты?” — “Добра”. А праз хвілін пяць падыходзіць тэнар: “Я вас вельмі прашу, тут трэба хутчэй”. І што рабіць? Бо гэта ж дуэт! Стаў дырыжыраваць па-свойму. Пасля спявачка заходзіць да мяне ў артыстычную, кідаецца на шыю: “Вы мне выратавалі жыццё!”

Але калі я пачаў дырыжыраваць операмі, дык засумаваў: усё адно і тое ж. Няма тых магчымасцяў, якія ёсць у аркестравых канцэртах: правядзеш рэпетыцыю — і разумееш, каму з музыкантаў што трэба. Вось тут — паказаць, тут — паглядзець, тут — трамбаністу крыху раней даць уступ, каб сыграў своечасова. І ўсё — адчуваеш, што музыка быццам сама нараджаецца пад рукамі. А ў оперы гэта зрабіць складана.

Увогуле, чалавечы голас — адзін з самых выразных музычных сродкаў, але і адзін з самых капрызных. Прыязджаў неяк у Маскву сусветна вядомы тэнар, мы з ім усё адрэпеціравалі. А перад канцэртам ён падыходзіць да мяне і кажа: “Маэстра, я адчуваю, што буду браць дыханне зусім у іншых месцах”. — “Нічога. Спадзяюся, я гэта адчую”. Так і лавіў яго спіною ўвесь час. Той быў так усхваляваны, што пры ўсіх пацалаваў мяне проста ў вусны.

У жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Але ніколі не трэба адчайвацца — трэба абавязкова верыць. Калі ў вас у сэрцы гарыць творчы агонь, усё будзе добра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"