Без Шрэка… І вельмі добра!

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Міхаіл ТУМЕЛЯ, аніматар, дацэнт кафедры рэжысуры і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Айчынныя аніматары часта чуюць пытанні кшталту “калі ж з’явіцца наш Шрэк?”, “дзе беларускія “Маша і Мядзведзь”?” У адказ асабіста мне хочацца прамовіць: “Ніколі!”. Пачнем з таго, што Шрэк ужо існуе, дык навошта нам копія? Я бачыў шмат еўрапейскіх і азіяцкіх клонаў гэтай стужкі, аднак з першых хвілін зразумела, што труба ніжэй і дым радзейшы...

/i/content/pi/cult/576/12666/5-1.jpgДа таго ж, ніхто не пытаецца, а колькі грошай укладзена ў тую ж “Машу…” Я добра знаёмы з рэжысёрам і прадзюсарам серыяла Алегам Кузаўковым, таму не па чутках ведаю, колькі было атрымана фінансавання да таго часу, як кіно пачало прыносіць прыбытак… Трэба разумець, што анімацыя — доўгатэрміновы прадукт, які патрабуе вялікіх выдаткаў.

Цяперашнія мультыплікацыйныя імперыі будаваліся не за адзін год. Прынамсі, у рамках аднаго фестывалю ўдзельнікаў запрасілі на экскурсію па студыі анімацыйнага кіно “Мельница”. Мы хадзілі і радаваліся за калег: у якіх шыкоўных, сучасных умовах яны працуюць! Студыю пабудавалі за кошт прыбытку, які прынеслі вядомыя стужкі пра былінных багатыроў. Але для гэтага патрэбна было прайсці шлях ад аднаго з першых поўнаметражных фільмаў, пасядзець у вялікіх “мінусах”… А звышпапулярны расійскі серыял “Смяшарыкі” доўгі час выходзіў пры падтрымцы федэральнага Міністэрства культуры. На самаакупнасць яны выйшлі праз два-тры гады за кошт прадуманага мерчандайзінгу (які, падкрэслю, закладаецца яшчэ на стадыі задумы кіно). Таму, каб ствараць буйныя праекты, неабходны, умоўна кажучы, завод, а не шэраг арцеляў. Аб’ектыўна ж, не кожны мастак можа працаваць на серыял. Вось не так даўно размаўляў па скайпе з былым нашым суайчыннікам Міхаілам Беранштэйнам (ён з’ехаў у Амерыку, працаваў на знакамітай студыі Pixar, зараз выкладае ў тамтэйшых ВНУ) і пачуў, што нават сярод выпускнікоў прэстыжнай Каліфарнійскай школы мастацтваў толькі тры працэнты атрымліваюць працу на анімацыйных студыях! Кандыдат можа быць цудоўным мастаком, але ў яго не атрымліваецца зрабіць мультыплікат...

Некаторыя краіны выходзяць са становішча іншым чынам. Напрыклад, венгры аднойчы ўзялі англійскую замову на серыял і пад яго набралі каманду з запрошаных спецыялістаў, бо сваіх не хапала. Я пабачыў на студыі паў-Еўропы: львіную долю працы рабілі прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Балгарыі, Расіі, Харватыі. Важкасць гэткага кангламерату дакладна адчуў, працуючы ў Карэі. Пытанні, адказы на якія ў Венгрыі знаходзіліся “на раз”, карэйцы не маглі вырашыць, бо не ставала вопыту. А такіх рэчаў багата на любым серыяле... У стасунках з калегамі заўсёды паўстае пытанне індустрыі. Яна ўзнікае там, дзе з’яўляюцца аб’ёмы. Каб зрабіць мультфільм, патрэбна шмат тэхнічных сродкаў і ўменняў, неабходна весці доўгую падрыхтоўчую працу. Адзін перамагае вокамгненнай кавалерыйскай атакай, іншы — удалай аблогай крэпасцей. Анімацыя хутчэй адносіцца да другога варыянту.

Беларускія аніматары могуць дазволіць сабе больш свабоды ў творчасці, хаця таксама з агаворкай: наўрад ці мае калегі пададуць для здымак на “Беларусьфільме” заяўку на авангарднае кіно ці фільм для дарослых. Ад нас патрабуюць камерцыйны поспех, таму мы пачынаем падстройвацца пад кан’юнктуру рынку. Але гэтая тэндэнцыя, агульная для многіх краін-суседак, мае сваю пастку: на анімацыйных фестывалях усё часцей чуецца папрок, што фільмы становяцца спрэс дыдактычныя, дзіцячыя, аднастайныя. А аднастайнасць параджае ў мастацтве стагнацыю… Упэўнены, што для наступнага кроку неабходна больш эфектыўная камунікацыя паміж людзьмі мастацтва і чыноўнікамі.

Бывае, карціна тэхнічна зроблена бліскуча, а ў пракаце правальваецца. Варыянтаў, чаму так адбываецца, шмат: не хапіла рэкламы, недасканала прадуманы мерчандайзінг, а можа, стужка атрымалася празмерна складанай ці, наадварот, надзвычай простай… Зрабіце выбарку, колькі з запушчаных у свеце серыялаў выбухнулі: адзінкі! А ў нас ад кожнага фільма чакаюць, каб атрымалася геніяльна і адразу вярнуліся грошы… Так не бывае.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"