"І толькі вочы, пэўна, выдаюць мяне…"

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Пераўвасабленні Раісы Грыбовіч
Магчыма, з яе ў свой час магла б атрымацца выдатная выканаўца народных песень. У гады юнацтва яна выступала ў вядомым самадзейным ансамблі “Палескія зоры”, вандравала з канцэртамі па ўсёй Беларусі, бывала ў Польшчы, Германіі. Рэдкія з імпрэзаў, юбілеяў вядомых у Віцебску дзеячаў культуры абыходзяцца без удзелу вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Раісы Грыбовіч. Яна заўсёды стварае больш утульную атмасферу сустрэчы, калі часцяком сухія дзяжурныя віншаванні раптам змяняе яе трапны беларускі гумар, сакавітыя народныя жарты, цудоўная матчына песня. Магчыма, акурат таму глядач і ў тэатр ідзе адмыслова на Грыбовіч…

/i/content/pi/cult/576/12659/6-1.jpg— Якую падзею ў сваім творчым альбо асабістым жыцці ты лічыш самай важнай для сябе, самай знакавай?

— Думаю, гэта паступленне ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве на курс народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай у 1986 годзе. Бо развівалася там як творчая асоба, назапашвала цікавы і карысны досвед, наведвала лепшыя тэатры, бачыла яшчэ маладымі шэраг вядомых сёння артыстаў. У вучэбных урыўках пашчасціла сыграць такія ролі, пра якія ў тэатры даводзілася толькі марыць: Нюрку з п’есы Віктара Розава “У дзень вяселля”, Бланш з “Трамвая “Жаданне” Тэнэсі Уільямса, каралеву Маргарыту з шэкспіраўскага “Рычарда III”, Паліну Андрэеўну з “Чайкі” Антона Чэхава. А ўвогуле, такіх жыццёвых падзей было некалькі, і ўсе яны шчыльна пераплецены паміж сабой. Гэта і паступленне ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў, адкуль мяне запрашалі і ў мінскі Тэатр лялек, і ў гродзенскую драму, і ў тамтэйшую лялечную трупу. А ўсё вырашыў званок колішняга дырэктара Коласаўскага тэатра Геральда Асвяцінскага. Ён шукаў маладую дзяўчыну на ролю Настачкі ў “Несцерцы”, яму прапанавалі Святлану Жукоўскую. А мая выкладчыца Зоя Піткевіч вельмі раіла паглядзець і мяне. Маўляў, у яе народны каларыт, цудоўны голас, яна добра размаўляе на беларускай мове. Спачатку дырэктар адмаўляўся, а потым даў згоду. Так мы ўдзвюх прыехалі ў Віцебск і засталіся тут. У камісіі, што нас праглядала — выдатныя артысты-коласаўцы Зінаіда Канапелька, Уладзімір Куляшоў, Яўген Шыпіла, Людміла Пісарава... Я чытала ўрывак з “Людзей на балоце”, пераўвасаблялася ў сваху. Раптам чую рогат камісіі. Не магла ўцяміць, у чым справа. Аказваецца, многія з іх у той час здымаліся ў фільме па рамане Мележа. І тая ж Пісарава выконвала ролю свахі.

— Вас са Святланай узялі ў дапаможны склад ці адразу ў трупу?

— Адразу ў трупу. У мяне яшчэ было здзіўленне: нібыта не сыграла ніводнай ролі, а ўжо грошы даюць. Спачатку, вядома, працавалі ў масоўках, і мне было вельмі прыемна, што там мяне заўважыў рэжысёр Валерый Маслюк, прапанаваў мне ролю Лаймы ў “Клеменсе”. Было за шчасце працаваць з народным артыстам Беларусі Леанідам Трушко. Гэта быў такі фільтр, што не прапускаў ніякага фальшу, з ім ты не мог маніць, наігрываць альбо іграць сам па сабе. Тое ж магу сказаць пра Валянціну Петрачкову, Людмілу Пісараву, Баляслава Сяўко, Георгія Дубава, Яўгена Шыпілу.

— А ці былі такія падзеі, якія азмрочвалі жыццё, але нейкім чынам паўплывалі на цябе?

— Чым далей ідуць гады, тым менш хочацца пра іх згадваць, хаця ў свой час праз тое загартоўваўся характар. Я вельмі даверлівая і адкрытая: людзі гэтым карысталіся, падстаўлялі падножкі. З дзяцінства пісала вершы. І была ў мяне сяброўка, якая запісала іх за мной, а потым адаслала тыя радкі ў “Піянерскую праўду” як свае. Гэта быў адзін з самых важных жыццёвых урокаў. Колькі так званых сяброў і сябровак у вочы казалі адно, а за спінай — іншае, але не хочацца пра гэта казаць. Навучылася з цягам часу быць мудрэйшай. Іншым разам уцягваюць у нейкія інтрыгі, і ты спачатку пакоцішся, а потым  — спынішся і задумаешся: навошта табе гэта трэба, будзь разумнейшай. Мяне ўсё жыццё ратавала пачуццё гумару і самаіронія. Калі здаралася крыўда альбо непаразуменне, я магла паглядзець на іх інакш і нават зрабіць з гэтых здарэнняў эстрадны нумар ды паказаць яго на творчых сустрэчах.

— Каго ты лічыш сваім галоўным настаўнікам?

— Іх таксама шмат было. У першую чаргу, напэўна, гэта Аркадзь Грэчка — мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Мерчыцаў, з той самай школы, дзе вучылася Яўгенія Янішчыц. Ён, вядома, меркаваў, што я змагу адбыцца як паэтка, але здарылася інакш. Прыгадваю сваю сяброўку Галіну Жывіцу, з якой жыла ў адным інтэрнацкім пакоі ў Пінску і разам спявала ў “Палескіх зорах”. Я была няўрымслівым, “неачэсаным” вясковым дзяўчом, а яна выхоўвала мяне, развівала памкненне да духоўнага, творчага росту. Потым яна стала педагогам, усур’ёз занялася вывучэннем гісторыі сваёй малой радзімы, выпусціла некалькі кніжак. Ды і ў тэатры былі цудоўныя настаўнікі — Іосіф Матусевіч, Галіна Маркіна. Яны не павучалі, але сваім прыкладам, працай, паводзінамі даводзілі, якім павінен аказацца сапраўдны акцёр. Зараз і дзеці для мяне настаўнікі. Дачка Алеся кіруе тэатрам-студыяй аўтарскай песні ў Цэнтры культуры “Віцебск” (дзе я працую супольна з ёй у якасці рэжысёра) і адначасова завочна вучыцца на 4 курсе спецыяльнасці “рэжысура эстрады” Акадэміі мастацтваў. Ды і сама для сябе я і крытык, і рэжысёр, і настаўнік.

— Зараз я прапаную звярнуцца да этапных, найбольш знакавых вобразаў, створаных на Коласаўскай сцэне. Вось, напрыклад, роля Мальвіны з “Несцеркі” Віталя Вольскага. У цябе былі славутыя папярэдніцы: народныя артысткі Беларусі Яніна Глебаўская і Зінаіда Канапелька, заслужаная артыстка краіны Людміла Пісарава. Што табе падабалася ў іншых выканаўцаў і што, на тваю думку, прыўнесена твайго?

— Мне больш падабалася Пісарава, яна была “мамка”, але мякчэйшая, больш гумару дадавала. Са шкаляром іграла так, што публіка жываты надрывала. У рабоце мне спрыяла тое, што я і сама маці, вырасціла дзвюх дачок, турбавалася, каб дзеці былі шчаслівейшыя, каб не нарабілі тых жа памылак, што і я. І таму не хацелася іграць злосную, звадлівую жанчыну. Думаю, у гэтай ролі я мякчэйшая, чым іншыя актрысы, але гэта прынцыпова. Некаторыя гледачы кажуць, што на мне трымаецца энергетыка спектакля. Не ведаю, хоць з боку відаць лепш. Але ж тое самае, дарэчы, казаў і Рыд Таліпаў, наш былы мастацкі кіраўнік. Памятаю яго словы пасля спектакля: “Раіса Сцяпанаўна, у вас столькі энергіі, вы сапраўдны вулкан, на вас трэба браць адмысловы матэрыял!” А яшчэ ён казаў, што артыст выхоўваецца на добрых ролях, расце найперш на класіцы.

— Ты, здаецца, апярэдзіла маё наступнае пытанне. Праца з якімі рэжысёрамі прынесла табе найбольшае творчае задавальненне, адкрыла нейкія новыя рысы, якасці?

— Вельмі цікава было працаваць з Баркоўскім у “Недарасці” Фанвізіна. Я выконвала ролю Прастаковай. Спачатку ён рабіў класічны варыянт — вось дзе была глыба! Пазней рэжысёр перавёў матэрыял у фантасмагорыю, і гэта было менш цікава, больш фармальна, там ужо магла граць любая актрыса. Прыгадваю яго пастаноўкі “Сон на кургане” і “Зямлю”. Як быццам там у мяне было няшмат слоў, але ты пражываў і выкручваў свой лёс, таму што рэжысёр выклікаў твае асабістыя асацыяцыі, і твой унутраны нерв абавязкова прысутнічаў. Ён дасягаў выдатнага акцёрскага ансамбля ў сваіх спектаклях. Нядаўна паглядзела яго “Пінскую шляхту” і зноў была ўражана! А колькі сіл і нерваў каштавала роля Шабловай у “Познім каханні” Астроўскага! Маім партнёрам па сцэне быў сам Фёдар Шмакаў. І я мяркую, каб дзесьці на балконе глядзела спектакль мой педагог Эліна Быстрыцкая, ёй не было б сорамна за сваю вучаніцу. А які майстар Барыс Эрын! У яго “Рэвізоры” я сыграла Мар’ю Антонаўну. Ён мне раіў ісці не ад маёй знешняй фактуры, а знайсці нешта супрацьлеглае. “Вы нібыта бутончык”, — казаў ён мне, тым самым падказаўшы “зерне ролі”. І я рухалася быццам на пуантах, нібы балерына. Вельмі ўдзячна Валерыю Анісенку за супольную працу ў спектаклі “Ліфт” па п’есе Юліі Чарняўскай.

— Адна з апошніх буйных роляў — Бернарда ў драме Лоркі “Дом Бернарды Альба”. Кажуць, што ў балгарскіх рэжысёраў Ёрдана Славейкава і Дзімітра Дзімітрава, што ўвасаблялі праект, быў свой метад работы з акцёрам?

— Адметнасць хоць бы ў тым, што яны працуюць удвух. Адзін табе кажа адно, другі шэпча на вушка іншае. Гэтая роля свайго роду выпрабаванне і фізічных, і псіхічных магчымасцей, таму што супала з пэўнымі ператрусамі ў маім жыцці. Думала, не адолею, бо зашмат энергіі зла, гвалту ў гэтай п’есе і ролі. І тое бянтэжыла, я баялася, каб сябе не разбурыць знутры. А я ж іграла розных нячысцікаў — і бабу Ягу, і Кікімару, але надзяляла адмоўных персанажаў нейкімі добрымі рысамі. А тут — нельга! І тыя, хто памятаў Грыбовіч у ролях народнага альбо камедыйнага, побытавага плану, убачыў яе ў зусім іншым абліччы. Мне далі магчымасць сур’ёзнай унутранай працы па асэнсаванні жыцця і жорсткіх абставін, у якія трапляе чалавек, па ўмацаванні таго стрыжня, які не дае магчымасці разбурыць самога сябе. І зноў-такі адносіны з уласнымі дзецьмі давалі мне магчымасць больш глыбока зразумець гэты вобраз пры ўсёй нашай непадобнасці. Спярша рэжысёры хацелі зрабіць больш авангардны спектакль, і напачатку я так і рэпеціравала, даходзячы да такіх выбрыкаў, што трэба сябе стрымліваць, каб не дайсці да нейкай паталогіі. З цягам часу і з кожным новым спектаклем вобраз крыху змяняўся. І недзе там, дзе я была больш жорсткім суддзёй для свайго вобраза, цяпер знаходжу мякчэйшыя рысы для апраўдання гераіні — там, дзе я адкрываю ў ёй чалавека і яе страх, які нельга паказаць іншым. Некаторыя добра знаёмыя мне гледачы казалі: “Як можна так пераўвасабляцца, гэта ж зусім не ты”. І толькі вочы, пэўна, выдаюць мяне…

— Ведаю, што тваё творчае жыццё не замыкаецца на тэатры. Ты бярэш удзел у шматлікіх фестывалях, імпрэзах, адкрыцці выстаў мастакоў. Нездарма ж атрымала ў свой час ганаровы тытул “Чалавек года Віцебшчыны”.

— Энергіі пакуль што стае. Толькі за апошнія два месяцы правяла мо з дзясятак творчых сустрэч. Клічуць — і я іду! А колькі святаў у цэнтры “Задзвінне” праходзіць з маім удзелам! На працягу некалькіх гадоў была вядучай на фестывалях кавальскага майстэрства, які праводзіўся не толькі ў Віцебску, але і ў Кіеве. Вельмі хацелася б яшчэ раз зняцца ў кіно ў цікавых ролях, у таленавітых рэжысёраў. Засталіся вельмі прыемныя ўспаміны ад супольнай працы з Аляксандрам Мітой, Дзмітрыем Астраханам, Юрыем Марозам...

Фота з архіва тэатра

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа