Аўтарская выстава

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то бібліятэка, вядома, з кніжнай выставы, якая не толькі ўпрыгожвае яе, але і, перш за ўсё, цікавіць і радуе чытачоў. Год культуры ў Светлагорскім раёне пачаўся з падведзення вынікаў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Аўтарская выстава” сярод гарадскіх і сельскіх бібліятэк на лепшую кніжную экспазіцыю для моладзі.

/i/content/pi/cult/575/12644/6-2.jpg

Выстава бібліятэкара Таццяны Кавальковай. / Фота аўтара

Творчыя работы бібліятэкараў у чарговы раз пацвердзілі магчымасці інавацый у традыцыйнай, падавалася б, працы. На конкурс былі прадстаўлены 24 выставы рознай тэматыкі.

Бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі Маладзёжнага мікрараёна, Казлоўскай і Дуброўскай сельскіх бібліятэк, якія прысвяцілі выставы ваеннай тэматыцы, імкнуліся прывабіць маладых карыстальнікаў не толькі лепшымі ўзорамі беларускай і рускай мастацкай і дакументальнай прозы, але і артэфактамі накшталт баявых узнагарод, франтавых пісьмаў землякоў, планшэта афіцэра Чырвонай арміі...

А вось бібліятэкар Краснаўскай сельскай бібліятэкі Таццяна Канавалава нагадала маладым вяскоўцам пра адзін з традыцыйных мясцовых абрадаў, якому звыш за 100 гадоў. На выставе “Абрады і святы беларусаў” бібліятэкар размясціла інфармацыю па гісторыі абрада, фотаздымкі і кнігі па традыцынай культуры. Арыгінальнай ідэяй вызначалася выстава “Бібліябар “Карысная звычка” супрацоўніцы бібліятэкі Кастрычніцкага мікрараёна Юліі Нечыпарэнкі, якая прапанавала ў якасці фрэш-сокаў, фітаморсаў, кіслародных кактэйляў, кактэйляў-ф’южн цікавыя творы вядомых айчынных і замежных аўтараў.

Чытачоў рознага веку зацікавіла экспазіцыя “І прыйшло натхненне з кадра…” бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі Маладзёжнага мікрараёна Ірыны Яўланавай. Здымкі маладога светлагорскага майстра аздабляліся надзвычай цікавай калекцыяй фотаапаратаў розных часоў. Турыстычным цікавосткам краіны і Светлагоршчыны была прысвечана выстава “Беларусь. Перліна ў цэнтры Еўропы” бібліятэкара Надзеі Асадчай.

Бібліятэкар аграгарадка “Печышчы” Таццяна Лёганькая — пераможца конкурсу сярод сельскіх бібліятэкараў — парадавала даволі вялікай экспазіцыяй “Захапленні моладзі: будзь у трэндзе!”, дзе былі прадстаўлены амаль 100 рукачынных шэдэўраў маладых аграгарадкоўцаў у разнастайных тэхніках: дэкупаж, квілінг, насыпанне, канзашы, модульнае арыгамі, вышыўка стужкамі і іншае. Першае месца сярод аўтарскіх выстаў гарадскіх бібліятэкараў журы аддала выставе “Кніга + фільм = Каханне” бібліятэкара бібліятэкі сямейнага чытання Таццяны Кавальковай. У яе рамках тэма кахання была раскрыта праз кінафільмы, у падмурак якіх пакладзены кнігі.

Валянціна РАСОШАНКА, бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі