Канцэрт стаўся святочным, дзе прыгожае афармленне сцэны дапаўняла бездакорнае выкананне песень. Шыкоўна гучалі цымбалы Таццяны Моўлі, якая, бы чараўніца, панавала над імі, акружаная дзецьмі і “сэрцайкамі” дэкарацый. Хлопцы, удзельнікі вакальнай студыі пад кіраўніцтвам Наталлі Атрашкевіч (таксама салісткі філармоніі), падышлі да справы вельмі адказна, што заўсёды кранае сэрца гледача. Узрушылі таксама майстэрства Алены Граковай (сапрана) і Уладзіслава Міцэнкі (скрыпка), якія змаглі душэўна і бездакорна паднесці эстрадны рэпертуар, хаця, па сутнасці, з’яўляюцца прадстаўнікамі “цэха” класічнай музыкі. Маладыя салісткі Настасся Гардзіенка і Наталля Атрашкевіч запоўнілі асноўную частку праграмы песнямі, добра знаёмымі слухачу.
Ірына ШАГАЛАЕВА
Віцебск