Народны мастак Беларусі, былы партызан Віктар Грамыка ў сваім уступным артыкуле да гэтай кнігі напісаў: “Задача дадзенага альбома-каталога… дакрануцца да слаўнай героікі Вялікай Айчыннай, асэнсаваць подзвіг народа, абудзіць у сучасніках адказнасць за беражлівае захаванне памяці пра подзвігі старэйшых пакаленняў. Гэтае мастацкае выданне прысвечана памяці тых, хто здабыў Перамогу”. І ён мае рацыю. Альбом “Палітра памяці” менавіта пра тое, пра што пісаў Аляксандр Твардоўскі: “Я вам жить завещаю, — что я больше могу?” Жыццё і творчасць 39 мастакоў, прадстаўленыя на старонках кнігі, заўсёды былі накіраваныя да чалавека, у свет яго думак, перажыванняў, душэўных імкненняў. Нястрымная вера ў тое, што нічога на свеце няма вышэйшага за праўду, любоў і дабрыню, чырвонай ніткай праходзіць у іх лепшых жывапісных творах пра вайну і мір. Яны свой вайсковы абавязак перад Радзімай выканалі. І ў мірны час зрабілі ўсё магчымае, каб у створаных імі карцінах, пейзажах, партрэтах, натурных эцюдах з месцаў баявых дзеянняў сумленна данесці да нашчадкаў, да сённяшніх маладых людзей маральную сутнасць таго, што адбылося ў “сороковых, роковых, свинцовых и пороховых” гадах, і як ва ўсёй красе сваёй нятленнай адраджалася зраненая зямля беларуская.
Вось некаторыя імёны герояў альбома: капітан Віктар Вярсоцкі, старшы лейтэнант Ісак Давідовіч, лейтэнанты Сцяпан Андруховіч, Манас Манасзон і Уладзімір Мінейка, малодшы лейтэнант Уладзімір Сакалоў, гвардыі старшыя сяржанты Леанід Шчамялёў, Іосіф Белановіч і Іван Ціханаў, радавыя Міхаіл Савіцкі, Сяргей Каткоў, Іван Стасевіч, Яўген Ражкоў, Фёдар Бараноўскі, Абрам Кроль, партызаны Віктар Грамыка, Мікалай Гуціеў, Уладзімір Сухаверхаў, Соф’я Лі, Антон Бархаткоў, Сяргей Раманаў, Генрых Бржазоўскі і шмат іншых “кавалёў” Перамогі. Але час няўмольны: сярод імёнаў 39 удзельнікаў вайны, прадстаўленых у альбоме, з намі засталося толькі тры чалавекі — Віктар Грамыка, Леанід Шчамялёў і Мікалай Назарчук. Дай бог ім здароў’я!
На жаль, пра вайну пакаленне маладых ведае ўжо павярхоўна. Да таго ж, ігнаруючы аб’ектыўнасць фактаў, у некаторых краінах палітыкі перапісваюць гісторыю тых падзей. Як захаваць, не страціць Праўду? І вось тут на моладзь уся надзея: калі не яна, то хто панясе далей незгасальны факел Памяці? У гэтым выпадку альбом “Палітра Памяці” з’яўляецца цаглінкай у фундаменце нашага сённяшняга і заўтрашняга быцця.
І што мяне асабліва парадавала, дык гэта колькасць маладых людзей, якіх на прэзентацыі ў перапоўненай зале музея была большасць! Значыць, наша нацыянальная культура, у тым ліку і выяўленчая, з’яўляецца моцным духоўным акумулятарам челавечых арыентыраў на шляху ў Заўтра — без войн, гвалту, сацыяльных узрушэнняў…
Фота Аліны САЎЧАНКА і Юрыя ІВАНОВА