"Азгурка" і музейнасць

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Пазаўрочнае жыццё ў брыкстайлавым асабняку
Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура даўно займае пачэснае месца на карце анамальных зон Мінска. Брыкстайлавы асабняк, ад падлогі да столі запоўнены гіпсавымі выявамі дзеячаў савецкай эпохі, стварае неварагодны антураж для размаітых культурных дзеяў. Як правіла, наўпрост да тэматыкі ўстановы не дапасаваных. Але наўрад ці хто запярэчыць, што менавіта дзякуючы гэтай сваёй вечаровай (а часам начной), пазаўрочнай ды няпрофільнай, дзейнасці музей, які знаходзіцца ўбаку ад маршрутаў турыстаў, стаў папраўдзе запатрабаваным. Пра музейнае і немузейнае з нагоды 20-годдзя ўстановы мы гутарым з яе дырэктарам музея Аксанай БАГДАНАВАЙ і маладымі супрацоўнікамі — Ганнай БАБІЧ, Дзмітрыем МІХЕЕВЫМ і Кацярынай РАЮНЕЦ.

/i/content/pi/cult/573/12593/6-1.jpg

А.Б.: — Біяграфія нашага музея мае тыя самыя перыяды, што і жыццё звычайнага чалавека. Нараджэнне, дзяцінства, сталенне… Заір Азгур пісьмовага запавету не пакінуў, але ў архіве ёсць дакумент, дзе ён выяўляе жаданне, каб яго майстэрня стала музеем. Пра гэтыя ягоныя намеры сведчыць і мноства ўскосных прыкметаў. Прыкладам, гаспадар будынка дбайна назапашваў тыя дакументы і матэрыялы, ад якіх звычайна пазбаўляюцца за непатрэбнасцю. І сёння мы маем папраўдзе вычарпальную калекцыю, якая дазваляе казаць пра Заіра Ісакавіча не толькі як пра мастака, але і як пра чалавека, пра адметнага прадстаўніка сваёй эпохі. Напрыклад, у нас захоўваюцца падарункі скульптару. Знаёмыя яму літаратары, зразумела ж, прэзентавалі ўласныя кнігі з аўтографамі, і ў музеі іх каля шасці соцень! Ёсць і святая святых — скульптурны інструмент. У тым ліку і знакамітая “азгурка” — уласная вынаходка Азгура. Але ж перадусім мы — менавіта мастацкі музей, і гэта прынцыповая пазіцыя. Са словаў удавы скульптара Галіны Гаўрылаўны, ён завяшчаў дзяржаве свае работы ў знак удзячнасці. Увогуле, менавіта сям’я Заіра Ісакавіча шмат у чым ініцыявала стварэнне музея.

— І яно стала адным з адказаў на балючае для грамадства пытанне: як ставіцца да культурнай спадчыны савецкага перыяду. Адказы на яго і сёння сустракаюцца дыяметральна супрацьлеглыя — ад ідэалізацыі да поўнага адпрэчвання.

К.Р.: — Я — за пераасэнсаванне. Не ведаю, як можна вось так узяць ды адпрэчыць тое, што стала важнай часткай жыцця многіх людзей, тое, у што яны шчыра верылі. Трэба ж, урэшце, проста быць гуманнымі… Таксама шкада, што многія падыходзяць да пытання з выключна ідэалагічнага пункту гледжання, не разумеючы, што гэта — мастацтва. Прычым мастацтва, якое можа быць вельмі цікавым для аналізу, чыё даследаванне дапамагае нам усвядоміць многія важныя для сённяшняга дня рэчы.

— А як прадстаўляць яго тым пакаленням, для якіх Ленін — ледзь не міфічны персанаж?

К.Р.: — Працуючы са школьнікамі і студэнтамі, мне было б цікава падымаць вострыя праблемы. Не запіхваць складаныя тэмы ў шафу і не навязваць пэўнае бачанне, але проста разам паразважаць.

Г.Б: — Калі мы захоўваем ды рэпрэзентуем мастацтва, гэта зусім не азначае, што мы папулярызуем і тую ідэалогію, якая яго атачала. Вядома, арт-з’явы заўсёды ў той ці іншай меры адлюстроўваюць не толькі асобу свайго аўтара, але і пэўны гістарычны перыяд. Аднак яго таксама можна ўспрымаць не праз прызму эмоцый, а з удумлівай цікавасцю.

А.Б.: — Увогуле, тут спрацоўвае вядомы прынцып: мы бачым тое, што хочам бачыць. Таму наведвальнік, які лічыць Азгура “прыдворным” мастаком, будзе ўглядацца толькі ў помнікі партыйным лідарам. А тую бліскучую галерэю партрэтаў беларускай творчай інтэлігенцыі, якая прадстаўлена ў нашай экспазіцыі, ён папросту не заўважыць.

Дарэчы, не лішне нагадаць, што мы знаходзімся менавіта ў мастацкай майстэрні. І зусім невыпадкова гэтае слова нават засталося ў афіцыйнай назве музея. А майстэрня — прастора, дзе з’яўляюцца нейкія новыя артэфакты, а зусім не тое месца, дзе бясконца згадваюць мінулае ды гэтым абмяжоўваюцца. Менавіта таму намі былі вызначаны адразу дзве стратэгічныя лініі, якія развіваюцца паралельна: сучаснае мастацтва ў традыцыйным музеі. У адваротным выпадку гэта была б або стагнацыя, месца памяці, або…

 — Або, напрыклад, шоу — як альтэрнатыва традыцыйнаму музею. Гэта трэці і самы папулярны сёння падыход да савецкай ідэйнай і культурнай спадчыны. Нядаўна вось нават гандлёвы цэнтр адкрываўся з падобнай буфанадай. А ў вас такога, па-мойму, ніколі не ладзілася...

Д.М.: — Гэта самы просты шлях, але ён павярхоўны і вядзе ў нікуды.

А.Б.: — Трэба памятаць, што мы прыйшлі ва ўжо сфармаваную прастору музея, і таму павінны ставіцца да яе з павагай. Можна балансаваць на мяжы, але нельга яе пераступаць, скатваючыся ў кітч. А мяжа гэтая — вельмі тонкая.

— Межы паняцця музейнай дзейнасці апошнім часам вельмі размыліся. Не без вашага, дарэчы, старання: опера на лядовай арэне, кінематаграфічны open air… А ці ёсць яны наогул, гэтыя межы?

А.Б.: — У тым і справа, што ні на якой карце гэтыя межы не правядзеш. Усё залежыць ад адукаванасці і густу супрацоўнікаў. Прыкладам, можна зрабіць нешта на паверку вельмі музейнае — скажам, касцюмаваную экскурсію, дзе абыгрываецца тая эпоха, якой прысвечана экспазіцыя. Але ў выніку атрымаецца поўная самадзейнасць і прафанацыя. Думаю, такі прадукт наўрад ці выпадае называць музейным. Бо “музейнасць”, на мой погляд, — гэта перадусім знак якасці: мы павінны адпавядаць таму ўзроўню, які быў зададзены самім скульптарам.

— Скажыце, а які праект вы ніколі не сталі б рабіць?

А.Б.: — Справа тут не ў самой ідэі, але ў яе комплекснай падачы ды асэнсаванні. Прыкладам, прапанавалі нам неяк адліць скульптуры Азгура ў шакаладзе. Першая рэакцыя была вядома якая — “жах-жах!” Але калі трохі падумаць ды суцішыць эмоцыі, прыходзіш да высновы, што нават такі праект, у прынцыпе, можна абмяркоўваць. Калі для аўтара гэта не пусты эпатаж, а глыбакадумная інсталяцыя, то… чаму б і не? Галоўнае тое, якія сэнсы ўкладаюцца. Таму я не адмаўлялася б рабіць нават выставы пчол альбо мёртвых матылькоў. Важны сам падыход: не толькі прадастаўляць пляцоўку пад тыя ці іншыя чужыя праекты, але глыбока занурвацца ў саму ідэю, працаваць над ёй, знаходзіць глыбока ўтоеныя сэнсы.

— Але тым, хто прыносіць прапановы (асабліва калі яны камерцыйныя), ад музеяў звычайна патрэбна менавіта пляцоўка…

 — Усё залежыць ад таго, як сябе паставіць. Прыкладам, нам неаднаразова прапаноўваў правесці сваю выставу Нікас Сафронаў. Мы выступілі з сустрэчнай прапановай: не проста паказаць ягоныя творы, але супаставіць іх з партрэтамі, зробленымі Азгурам. Думаю, атрымалася б вельмі цікава. Але на такое мастак не пайшоў.

Увогуле, музейшчыка можна смела паставіць у адзін шэраг з аўтарам. І самае важнае — каб ён быў асобай. А прыкметы асобы — гэта нестандартнасць мыслення і падыходу. Музей — зусім не тое месца, дзе павінны працаваць людзі, здатныя аўтаматычна выконваць чыесьці каманды. Тут трэба ўмець прасякацца і браць блізка да сэрца. І ў такім выпадку нават памылкі становяцца памылкамі творчымі.

— А па-мойму, музейшчыкам уласціва не эмацыйнасць, але менавіта рахманасць ды ўраўнаважанасць…

А.Б.: — І сапраўды, бываюць такія музеі, дзе нават муха не праляціць. Але наш — беспакойны, бурапенны, і вакол яго збіраецца такая самая публіка. Вельмі важна, каб была разнастайнасць, каб глядач мог выбраць музей, адпаведны свайму тэмпераменту. А ўвогуле, прынцып тут зразумелы: якая каманда працуе ў музеі, такі і сам музей.

— Пытанне да трох прысутных тут маладых супрацоўнікаў: чаму вы абралі гэтую не надта папулярную сёння прафесію?

Г.Б.: — Па адукацыі я не музейшчык, а архітэктар. Але ў пэўны момант зразумела, што праектаванне будынкаў — гэта не маё. Было два шляхі  — тэатр альбо музей. Выбрала музей, прычым менавіта гэты.

К.Р.: — Раней даводзілася працаваць у іншым музеі, дзе мне ніякія ўласныя ініцыятывы не дазвалялі. Тут жа ўсё інакш, і перадусім — цудоўны творчы калектыў. Тут я раблю тое, што мне падабаецца, у чым я бачу сэнс.

Д.М.: — Музейная атмасфера мяне прываблівала з самага дзяцінства. Мэтанакіравана ішоў вучыцца на гісторыка. А гадоў пяць таму ўпершыню патрапіў сюды ў якасці валанцёра на Ноч музеяў і з таго часу вызначыўся з месцам працы. Вельмі прыемна адчуваць сябе ўключаным у агульны бурлівы рух, быць часткай працэсу. Прыемна працаваць у музеі, які знаходзіцца на грэбні хвалі. Мне тут усё падабаецца, і ні ў якім іншым музеі я сябе проста не бачу. Таму калі раптам давядзецца пакінуць цяперашнюю працу, хутчэй за ўсё я развітаюся і з галіною наогул.

— А ці ёсць тут прывіды альбо ўвогуле нейкія анамальныя з’явы?

Г.Б.: — Зразумела, у белай прасціне ніхто не лётае, але… Рыхтуючы нейкі праект, я аднойчы засталася тут дапазна. І вось, спусціўшыся ў скульптурную залу, я раптам адчула нешта незвычайнае. Як быццам нейкая сіла мяне туды не пускала. Я не баязліўка па натуры, але… тады нават не змагла пераступіць парог.

А.Б.: — Нашы экспанаты жывуць сваім жыццём, і ты мусіш пад яго падладжвацца.

На здымку: імпрэза ў прыцемках да 20-годдзя музея.