“Сэрцам і думамі...”

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Фаліянт “Уладзімір Мулявін. “Сэрцам і думамі...” уганараваны ў намінацыі “Трыумф” — гэта Гран-пры 55-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Падвядзенне вынікаў творчага спаборніцтва адбылося ў рамках XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Аўтар-складальнік кнігі — першы намеснік дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”, на працягу многіх гадоў — галоўны рэдактар газеты “Культура”, вядомы журналіст Людміла Крушынская.

/i/content/pi/cult/573/12587/2-5.jpgАдной з цэнтральных падзей форуму якраз і сталася прэзентацыя новай кнігі 10 лютага. У яе рамках міністр інфармацыі Лілія Ананіч назвала больш як 600-старонкавы том “гордасцю нацыянальнага кнігавыдання”. Міністр падкрэсліла: “Гэта кніга адбылася, таму што ў нас ёсць Уладзімір Мулявін. Выданне пачынае вялікае шэсце па Беларусі і тых рэгіёнах, дзе цэняць нашу краіну і беларускую кнігу”. Таксама яна зазначыла, што Мулявін — асоба, якая належыць усяму свету, і ў першую чаргу — беларусам.

На прэзентацыі выдання прысутнічалі і выступалі члены сям’і Мулявіна, яго калегі па ансамблі “Песняры” Леанід Барткевіч, Анатоль Кашапараў, Алег Молчан, Вадзім Касенка, спявак Пётр Ялфімаў, спявак, кампазітар і гітарыст-віртуоз Аляксей Скрыпнік, пастаноўшчыкі спектакля “Пясняр” у Горкаўскім тэатры Валянціна і Аляксей Ераньковы…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах