Змяніў рок на “Еўра…”

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

За Аляксандрам Івановым і гомельскiм гуртом “Brown Velvet”, у якiм ён выступаў лідар-вакалістам, да сораму, я пачаў адносна пільна сачыць нават толькі дзякуючы фронтмэну... пецярбургскага гурта “Pushking” Канстанціну “Коху” Шустарову. Зазіраючы на яго старонку ў адной з сацыяльных сетак і дазваляючы сабе ў сілу даўняга, збольшага завочнага, знаёмства з Кохам часам пакідаць там каментарыі, я быў збянтэжаны пытаннем ад яго: “А што скажаш за ваш “Brown Velvet”?”

/i/content/pi/cult/571/12540/4-17.jpgУражаны ў самае эга, я прыступіў да праслухоўвання апублікаваных у Інтэрнэце запісаў гамяльчан і літаральна праз пару трэкаў, дрэнна хаваючы захапленне, адказаў: “Крута!” Канстанцiн са мной пагадзіўся і паведаміў, што збіраецца перацягнуць каманду ў Пецярбург і ўзяць над ёй шэфства. Так і адбылося. У горадзе на Няве ансамбль, які выконваў класічны хард/блюз/рытм-энд-блюз-рок у яго сучасным выглядзе, змяніў назву на “Ivanov” і пачаў пры садзейнічанні Шустарова-прадзюсара скараць адпаведную мясцовую сцэну і сеціўныя абшары. Пра гурт загаварылі, пачалі яго хваліць, сталі запрашаць на імпрэзы. Не ведаю, ці стаў першапрычынай “дзіўны” ўдзел прапаленага рокера Кохi ў праекце “Голас” у 2012-м, але пасля таго, як па выніках сляпога праслухоўвання журы адправіла артыста ў “ігнор” (на развітанне Леанід Агуцін паціснуў Шустарову руку, сказаўшы, што робіць гэта з піетэтам), той стаў прасоўваць Іванова... у шоу-бізнес, які сам ненавідзіць. Прычым — разам з сабой. Аднак тэлепраект “Бітва хароў” (2013), падобна, стаўся кропкай незвароту ў іх супрацы. Коха, нагуляўшыся ў шоу-біз, зноў рок-н-ролiць, Аляксандр засяродзіўся на конкурсах.

А як жа “Ivanov”? На мой погляд, ён сёння ў чымсьці паўтарае лёс найцікавага гомельскага хард-рок-калектыву “VooDoo”, які перамог у канцы 1990-х на фестывалі “Рок-каранацыя” ў намінацыі “Дэбют года”. У пачатку нулявых гэты ансамбль... пад шыльдай “Deja_Вю” перабраўся ў... Санкт-Пецярбург, дзе, тасуючы музыкантаў, сышоў у нябыт. “Ivanov” анансаваны дэбютны альбом не выпусціў, склад змяніў. Ці працуе цяпер гурт як адзінае цэлае — незразумела: асобныя інструменталісты ўліліся ў рок-кам’юніці Шустарова, а Аляксандр Іваноў цяпер на ўсю моц займаецца сольнай кар’ерай. Пад кіраўніцтвам расійскага прадзюсара і аўтара песень Віктара Дробыша (экс-клавішніка гурта... “Pushking”). Ён быў настаўнікам рок-хору, дзе спяваў Іваноў, потым — у журы конкурсу “Пяць зорак” (2014), у якім перамог Аляксандр, і канчаткова ўзяў пад сваё крыло амаль 22-гадовага хлопца летась — па завяршэнні першага сезона праекта “Галоўная сцэна”. Вось так Іваноў выбраў Маскву, а паміж рок- і поп-музыкай, падобна, спыніўся на другім кірунку.

Што чакае спевака? Новыя конкурсы, сярод іх — “Еўрабачанне”, што пройдзе 10 — 14 мая ў Стакгольме, дзе ён будзе прадстаўляць нашу краіну. Калі выканаўца — таленавіты і харызматычны, якi валодае моцным, чыстым, прыгожым голасам, выйграе з песняй “Help You Fly” ў Швецыі, я з’ем гэты нумар газеты каля ўваходу ў будынак, у якім размяшчаецца “Белтэлерадыёкампанія”. (І не таму, што лаўры абяцанак-цацанак ад Ганны Бонд не даюць мне спакою!) Ёсць у мяне і аптымістычны прагноз на будучыню юнака. Мяркую, Дзмітрый Калдун (экс-падапечны таго ж Дробыша), Руслан Аляхно і іншыя прымуць яго ў сваю тусоўку, — народжаных у Беларусі артыстаў, якія пачыналі кар’еру у ёй, і трапілі ў тусоўку другога эшалону расійскай эстрады. (Пры наяўнасці Сяргея Лазарава і Дзімы Білана на большае разлічваць цяжка.) Постсавецкая ж рок-музыка (сапраўдная) заўважыць страту патэнцыйнага байца толькі на імгненне. Хацелася б памыліцца, аднак, падаецца, Аляксандр Іваноў з тых, хто па зразумелых прычынах змяніў стылістыку. Не, рокерскія ноткі ў яго голасе яшчэ чутныя. Але ж, напэўна, яму патлумачылі ўжо, якія песні насамрэч патрэбныя народу і каму патрэбен ён — некамерцыйны рок-н-рол.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"