Шэкспіравы вячоркі

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Гродзенскі тэатр лялек на пачатку года сумесна з Гродзенскім абласным аддзяленнем Беларускага саюза тэатральных дзеячаў адкрыў “Тэатральную гасцёўню”.

/i/content/pi/cult/571/12539/3-3.jpg

 

У закуліссі Гродзенскага абласнога тэатра лялек. / Фота прадастаўлена тэатрам

Першая сустрэча ў такім фармаце адбылася 23 студзеня. Вядучым вечара быў старшыня абласнога аддзялення БСТД Аляксандр Цебянькоў. Лялечнікі і акцёры тамтэйшай драмы прапанавалі палітру нетрывіяльных нумароў: публіка пабачыла спектакль-дуэт, эсэ-перфоманс, некалькі скетчаў. Новую ролю прымерыла на сябе і мастак-канструктар лялек Вікторыя Анціпіна, выступіўшы пад святлом сафітаў у якасці спявачкі. Па словах літаратурнага рэдактара тэатра Ганны Фартальновай, гасцёўня задумвалася для таго, каб стаць платформай для прадстаўлення нестандартных тэатральных форм. У яе межах магчымы сустрэчы з зоркамі сцэнічнага мастацтва, апрабацыя сучасных п’ес, перфомансаў, імправізацый. У тэатры спадзяюцца, што такія сустрэчы як для заўзятых аматараў, так і для самай шырокай публікі будуць праходзіць раз на два-тры месяцы.

— У сакавіку мы запускаем яшчэ адзін праект пад назвай “Вечары ў Шэкспіра”, — дадала спадарыня Ганна. — Мы бачым яго чымсьці накшталт невялічкіх капуснікаў у кампаніі акцёраў. Гледачы змогуць вольна размясціцца ў фае і пабачыць урыўкі са спектакляў, музычныя нумары (у тым ліку тэатральнай групы “No Band”).

Дзіўную на першы погляд назву імпрэзы лёгка расшыфруе кожны заўсёднік лялечнікаў: “Шэкспір” — гэта кавярня тэатра. Атмасфера патрабуе камернага фармату, таму акцёры будуць чакаць у госці раз на месяц не больш за 50 чалавек. Сама ж вечарына можа зацягнуцца на 2 — 3 гадзіны.

У Сеціве вялікай папулярнасцю карыстаюцца шматлікія майстар-класы па стварэнні лялек. У гродзенцаў, дзякуючы тутэйшаму тэатру, у хуткім часе можа з’явіцца офлайн-альтэрнатыва такіх урокаў: у планах на 2016 год віруе стварэнне “Тэатральнай майстэрні”, якая аб’яднае аматараў і прафесіяналаў лялечнага мастацтва.

У полі зроку калектыву асаблівыя даты календара. Як распавяла суразмоўца, зараз рыхтуецца вечар для “закаранелых” рамантыкаў “Саша+Маша”, прысвечаны дню Святога Валянціна. З новага сезона ідзе праект “Тэатральны выхадны”, у межах якога педагогі і артысты знаёмяць дзяцей з мастацтвам тэатра лялек. Таксама паступова набірае абароты прапанова на групавыя экскурсіі па тэатры. Дзяцей запрашаюць на інтэрактыўную вандроўку па самых таямнічых кутках тэатра, прапануюць пабачыць глядзельную залу вачыма артыста, пабываць у музеі і сховішчы лялек. Дарослым абяцаюць касцюмаваную экскурсію, падчас якой можна сфатаграфавацца з Антоніа Тызенгаўзам і Саламеей Дэшнер у архітэктурных дэкарацыях аднаго з найстарэйшых тэатральных будынкаў Беларусі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"