Кніга пра музей

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Не так даўно выйшла ў свет вялікім накладам выданне “Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”, падрыхтаванае калектывам музея пад кіраўніцтвам дырэктара, генерал-маёра запаса Мікалая Скобелева да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

/i/content/pi/cult/571/12537/3-1.jpgКаб унікальная кніга пабачыла свет, вялікую навуковую і даследчыцкую працу зрабіла рэдакцыйныя рада, у якую ўвайшлі вядучыя супрацоўнікі музея Ганна Галінская, Святлана Патупчык, Святлана Прыбыш, Наталля Яцкевіч, Валерый Надтачаеў і іншыя. Паўтара года прайшло з таго часу, як у Мінску напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у будынку на праспекце Пераможцаў з’явіліся новыя экспазіцыі “Мір і вайна”, “Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны”, “Дарога вайны”, “Беларусь пасля вызвалення. 1944 — 1950 гады. Памяць пра вайну”, “Спадкаемцы Вялікай Перамогі”. Колішнія экспазіцыі дапоўнены тэматычна-экспазіцыйнымі комплексамі “Франтавы быт”, “Франтавая медыцына”, “Партызанскі побыт”, “Жыццё гараджан і вяскоўцаў ва ўмовах акупацыі” і іншыя.

Тэкставы матэрыял кнігі на трох мовах (беларуская, руская, англійская) дапоўнены фотаздымкамі асобных раздзелаў экспазіцыі, а таксама выявамі музейных прадметаў з фондаў.

У гэтым выданні ўпершыню падрабязна, з ілюстрацыямі распавядаецца пра ўсе дзесяць залаў музея і ягоны філіял “Помнік воінам-інтэрнацыяналістам”. У кнізе выкладзена гісторыя музея, а таксама гісторыя фарміравання, камплектавання і развіцця калекцый. Гэты раздзел выдання асабліва дбайна рыхтавалі музейныя спеціялісты на чале з галоўным захавальнікам фондаў Святланай Патупчык: Галіна Скарынка, Наталля Філіповіч, Галіна Паплаўская, Валянціна Ліснеўская і іншыя. Зараз музейны збор налічвае звыш 144 тысяч музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў, якія складаюць 28 калекцый. Асаблівую значнасць уяўляюць калекцыі рукапісных партызанскіх часопісаў і самаробнай партызанскай зброі, якім у 2009 годзе прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі “1”.

Мабыць, асабліва цікавым для гледачоў будзе раздзел кнігі, прысвечаны агнястрэльнай і халоднай зброі. У стварэнні калекцыі зброі самы непасрэдны ўдзел браў першы сакратар ЦК КП(б)Б, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка. Ён перадаў музею ўнікальныя ўзоры айчыннай зброі — опытны ўзор пісталета канструкцыі Ваяводзіна, які так і не пайшоў у серыйную вытворчасць, і пісталет-кулямёт ППШ, выраблены ў дзень выпуску мільённага экзэмпляра на Маскоўскім аўтамабільным заводзе імя Сталіна ў верасні 1943 года.

У кнізе шырока прадстаўлена выстава баявой тэхнікі і цяжкога ўзбраення, што з’яўляецца складовай часткай ваенна-гістарычнай экспазіцыі музея. Яна змешчана ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці на тэрыторыі 63-га Мінскага ўмацаванага раёна. Экспазіцыя складаецца з доўгатэрміновай агнявой кропкі, артылерыйскага капаніру, палявых прыгранічных умацаванняў, больш як 30-ці адзінак баявой тэхнікі і ўзбраення часоў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага перыяду, двух паравозаў, ваенна-марскога ўзбраення.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, памочнік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны