Сафія як сімвал

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Армэн САРДАРАЎ, доктар архітэктуры, дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта
Днямі ў Доме дружбы адбылася прэзентацыя маёй кнігі “Краса. Эстэтыка беларускай архітэктуры”. Гэта ў нейкім сэнсе падсумаванне ўласных роздумаў пра беларускае дойлідства як люстэрка гісторыі і візуальнае ўвасабленне нацыянальнай ментальнасці.

/i/content/pi/cult/571/12532/5-1.jpgЯ разглядаю архітэктуру праз асобныя чыннікі будынкаў і тыпы пабудоў, засяроджваю ўвагу на характэрныя для нашай зямлі будаўнічыя матэрыялы, на сувязь архітэктуры з ландшафтам. Візуальны і аналітычны матэрыял, змешчаны ў кнізе, мусіць служыць сцвярджэнню думкі, якую я не аднойчы выказваў: помнік дойлідства — гэта не тавар на вітрыне. Ён не можа быць лакалізаваны. Помнік успрымаецца ў асяроддзі.

Сёння праекціроўшчыкі нярэдка засяроджваюцца на аб’екце, не беручы да ўвагі ні асаблівасці прыроднага ландшафту, ні матэрыяльнае асяроддзе, якое фарміравалася дзесяцігоддзямі. Гэта заганная практыка. Мы рызыкуем страціць пачуццё ансамблевасці. У здымках, якімі аздоблена мая кніга, я якраз і імкнуся паказаць гарманічнае спалучэнне архітэктуры з асяроддзем. Пры фатаграфаванні пазбягаю эфектных ракурсаў, бо маю мэтай максімальна дакладна задакументаваць, занатаваць для гісторыі наяўны стан аб’ектаў і ландшафта. Да таго ж, мяркую, каб перадаць сціплую веліч нашай зямлі, не трэба спецыяльных эфектаў.

Каб мяне запыталі, які архітэктурны аб’ект можа сімвалізаваць Беларусь у той жа ступені, як Эйфелева вежа — Францыю, Біг Бэн — Вялікабрытанію, а сіднейская Опера — Аўстралію, я адказаў бы: полацкая Сафія. І, можа, не ў апошнюю чаргу таму, што гэты выключнай прыгажосці храм, які стаіць на пагорку на беразе ракі, нібыта парадніўся з наваколлем. Ён увасабляе гармонію. Ды і гісторыя храма, ягонага будаўніцтва і перабудоў, — гэта адбітак драматычнай гісторыі беларускай дзяржавы, беларускай нацыі.

Полацкая Сафія — адзін з першых хрысціянскіх храмаў Беларусі. Ён стаіць у горадзе, які з’яўляецца калыскай нашай дзяржаўнасці. Не лішне згадаць і тое, што Полацк знаходзіцца літаральна побач з геаграфічным цэнтрам Еўропы. Храм быў узведзены ў формах, уласцівых візантыйскай архітэктуры, з часам набыў рысы храма-крэпасці, быў разбураны ў час Паўночнай вайны, потым адроджаны ў формах віленскага (беларускага) барока. У розныя часы храм належаў да розных хрысціянскіх канфесій, але заставаўся агульнанацыянальнай святыняй. Так што гэта ў нейкай ступені яшчэ і сімвал нашай рэлігійнай талерантнасці. Архітэктура сабора ўвасабляе еўрапейскую традыцыю на беларускай глебе. Каштоўнасць гэтага помніка, яго рэпрэзентатыўнасць у якасці сімвала краіны яшчэ недастаткова ўсвядомлены беларускай грамадою.

Але, мяркую, гэта справа часу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"