План на год

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Суб’ектыўная выбарка з рэспубліканскай перспектывы тэматычнага 2016-га
Гэты год — нешараговы для нашага выдання: як вядома, 2016-ы абвешчаны Годам культуры. Для рэдакцыі гэта азначае тое, што на яе членаў кладзецца асаблівая адказнасць па асвятленні культурнага жыцця дзяржавы наогул, у тым ліку, натуральна, і знакавых мерапрыемстваў. Мы і раней імкнуліся не пакідаць па-за ўвагай ніводнай буйной падзеі ў сферы (і нават “малой”, але такой, што заслугоўвае ўвагі), распавядалі вам пра дасягненні, заўважалі недахопы і сумесна з вамі шукалі шляхі да іх выпраўлення, сілай друкаванага слова дапамагалі, маем спадзеў, у вырашэнні праблем. Для нас не было і няма “дробязяў” у тых працэсах, якімі з дня ў дзень жывуць работнікі культуры і ў сталіцы, і ў невялікай вёсачцы. І стратэгію змяняць не збіраемся!

/i/content/pi/cult/571/12526/7-1.jpgТакім чынам, 2016-ы будзе для беларускай культуры годам і звыкла працоўным, і багатым на дзействы і акцыі. 25 студзеня выйшла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая зацвярджае Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры і складаецца са 121 пункта.

Даты

Многія з падзей прымеркаваны да памятных дат, часам — журботных. Скажам, трыццатым угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвечаны творчы марафон “Адраджэнне”, які адбудзецца з лютага па верасень. Галоўная падзея чэрвеня — 75-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Цягам года — мерапрыемствы з нагоды юбілеяў знакамітых суайчыннікаў: Уладзіміра Мулявіна, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Іван Мележа і іншых. На 25-ы год план абяцае новую творчую канцэпцыю Міжнароднаму фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. (Мо без балявання шансону апоўначы?..)

Мова

Уважліва азнаёміўшыся з важкім Планам на мностве старонак, я хацеў бы завастрыць увагу чытачоў на асобных праектах і сёе-тое пракаментаваць. Цягам года Міністэрства культуры, іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, шэраг навуковых устаноў маюць намер праводзіць сацыялагічныя даследаванні па пытаннях культуры, мастацкай літаратуры і чытання. А да рэспубліканскіх акцый, накіраваных на папулярызацыю беларускай літаратуры і чытання ў сучасным грамадстве (“Беларускую кнiгу — у рэгіёны”, “Лета з добрай кнiгай”, “Сямейнае чытанне”), далучыцца і Саюз пiсьменнiкаў Беларусi. Адзначыў я гэтыя пункты вось з якой прычыны. Завітваючы падчас сваіх камандзіровак у бібліятэкі самага рознага профілю, амаль паўсюдна чуў ад іх кіраўнікоў: творы беларускіх аўтараў, кнігі на беларускай мове карыстаюцца не надта вялікім попытам у чытачоў. Бібліятэкары, як могуць, спрабуюць выправіць становішча (абсалютна ненармальнае, вядома), прыдумляючы ўсялякія “заманухі”. На шчасце, да замежнага досведу, што папраўдзе можа прывесці ў шок, пакуль не даходзіла (спробу яго абагульнення можна прачытаць у гэтым нумары “К” на старонках 1 і 13). Ды ўсё ж патрабуецца ўмяшальніцтва на іншым узроўні. І патрабавалася яно даўно (вельмі спадзяюся, што час яшчэ не прамінуў беззваротна). Папулярызаваць беларускую мову закліканы і рэспубліканская акцыя “Беларусь, я люблю цябе” (люты), і цыкл канцэртаў выхаднога дня на адкрытых пляцоўках “Беларуская песня” (май-верасень).

Узнагароды

Падтрымкай прафесійнага беларускага мастацтва, акрамя ўжо наяўных нацыянальных прэмій у некаторых яго сферах, паслужаць Нацыянальная прэмiя ў галiне выяўленчага мастацтва і конкурс “Бела-тон” на лепшую сучасную эстрадную песню пра нашу краіну. І ёсць рацыянальнае зерне ў апошняй прапанове! Але, знаходзячыся пэўны час у колах, блізкіх да Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва, баюся, аўтары песень цяпер могуць канчаткова забыцца пра нейкія межы для свайго крэатыву. Карацей, галоўнае, каб не атрымаць мноства ўзораў для пародый і прыкладаў таптання на месцы — у знаёмых нотах і рыфмах.

Рэгіёны

Сярод конкурсных праектаў адзначу тыя, што канкрэтна закранаюць рэгіёны, работнікаў сферы, на якіх шмат у чым арыентаваны змест нашай газеты, і звернуты да моладзі. Гэта творчыя спаборніцтвы на лепшую практыку дзейнасцi органаў мясцовай улады па рэалiзацыi дзяржаўнай культурнай палiтыкi, “Горад культуры ў Год культуры” (на найбольш паспяховы цэнтр культуры і турызму), “Чалавек Года культуры” сярод работнiкаў культуры. (Ох, як правільна было б адзначыць гэтай узнагародай не толькі тых, хто традыцыйна, а часам і штогадова фігуруе ў спісах на ўсемагчымыя прэміі ў сферы і вакол яе, але самую простую Марыю Іванаўну, на плячах якой у гэты няпросты час трымаецца вясковы музей, пасялковы клуб ці раённы цэнтр рамёстваў. Далібог!). З цікавых ідэй — рэспублiканскi конкурс праектаў i iнiцыятыў творчай моладзi “Генiй-стартап”.

Наўпрост тычацца рэгіёнаў (асабліва тых населеных пунктаў, па якіх аптымізацыя прайшлася старанна, наблізіўшыся да даведзеных лічбаў) і моладзі наступныя палажэнні: стварэнне аптымальнай сеткi ўстаноў культуры з улiкам забеспячэння максiмальнага ахопу насельнiцтва паслугамi культуры; павышэнне ўзроўню культурнага абслугоўвання жыхароў рэгiёнаў шляхам стварэння ўстаноў культуры змяшанага тыпу i развiцця нестацыянарных форм культурнага асблугоўвання; стварэння ўмоў для прыцягнення моладзi ва ўстановы культуры, у тым лiку: распрацоўка мер матэрыяльнага стымулявання i заахвочвання спецыялiстаў арганiзацый культуры з вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыяй; першчарговае забеспячэнне работнiкаў арганiзацый культуры арэндным жыллём i месцамi ў iнтэрнатах. (Як паслядоўнаму песімісту, мне прыгадаўся фрагмент з савецкага кіначасопіса “Фитиль”, калі кватэраздымшчык-гіпнатызёр запэўнівае сантэхніка: “У цябе ёсць пракладкі, у цябе ёсць пракладкі!..” А той абуджаецца ад сну і разводзіць рукамі: “Ну няма ў мяне пракладак, прафесар!..”)

Спадчына

Разам з Міністэрствам адукацыі будуць арганізаваны ранішнія і дзённыя мерапрыемствы для дзяцей і юнацтва ў рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная субота”, прымеркаванай да шостага школьнага дня. Сярод мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, вылучаны завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і рэканструкцыі з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя Свята-Пакроўскага манастыра ў Талачыне (тэрмін выканання — снежань). А ў верасні ў Беларусі пройдуць Дні еўрапейскай спадчыны на тэму “Спадчына і веды” ды семінар “Захаванне i выкарыстанне спадчыны малых гiстарычных гарадоў”. Дзяржаўная падтрымка будзе аказана міжнароднаму маладзёжнаму культуралагічнаму праекту “Беларусь — крынiца натхнення” і Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусi".

Эксклюзіў

Да сапраўды эксклюзіўных пунктаў рэспубліканскага плана я аднёс бы правядзенне мерапрыемстваў да 100-годдзя з дня стварэння мастацкага аб’яднання УНОВИС, якое нарадзілася ў 1920-х у Віцебску і развівала ідэі супрэматызму. Ад усёй душы хочацца паціснуць руку таму, хто ўключыў гэты пункт у Рэспубліканскі план! Вельмі цікава, у што гэтая ідэя матэрыялізуецца. Праўда, чамусьці запісаны ў якасці пункту лакацыі дадзенай падзеі выключна Мінск. А як жа родны УНОВИСу горад на Заходняй Дзвіне?

Яшчэ адно важнае пачынанне: мерапрыемствы, накіраваныя на ўшанаванне і дэманстрацыю творчых дасягненняў лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, які сёлета адзначае 20-годдзе плённай дзейнасці. А то, далібог, прачытаеш сухую інфармацыю, што такія і такія былі ўзнагароджаны за тое і тое, ды задаешся пытаннем: уласна, а дзе больш-менш у падрабязнасцях шырокім масам можна азнаёміцца з іх творчымі дасягненнямі? Добра, зараз ідзе выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі. А далей? Мо час задумацца пра галерэю адмысловую са сталай экспазіцыйнай прасторай і з залай для зменных экспазіцый?

За мяжой нашу культуру прадставяць, у ліку іншых, праекты “Іканапіс Беларусі XVII — XVIII стагоддзяў” (у Ватыкане) ды “Апосталы i прарокi ў iканапiсе Беларусi XVII — XVIII стагоддзяў” (у Іспаніі).

Культурны спорт

Як “рок-н-рольшчык ад канапы” са стажам, я паспрабую ў маі падняцца з яе, каб наведаць лёгкаатлетычнае спаборніцтва “Рок-н-рол-прабег”. Даўно час павыганяць легенд айчыннага рока з пiўных бараў: няхай яны растрасуць свае жываты на стометроўцы! А ў кастрычніку і наогул намячаецца рэспубліканскі рэтра-музычны прыгодніцкі (!) конкурс “Забег адважных”: напэўна, для тых, хто пасля спрынту выжыве.

Што ў выніку?..

Увогуле, шмат чаго запланавана цікавага, новага, амбіцыйнага. Пра вынікі распавядзе “К”, а яшчэ Інтэрнэт, тэлебачанне і радыё (ТБ, правадныя і FM-станцыі цягам года будуць песціць нас сюжэтамі і праграмамі, прысвечанымі Году культуры). І шмат усяго чакае беларускую культуру наперадзе: сёлета павінна быць прынята Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, а да снежня маюць быць распрацаваны Асновы дзяржаўнай культурнай палітыкі. Вынікі ж Года культуры падвядуць у тым жа месяцы на Форуме творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры. Асабіста я мару, каб у цэлым гэтыя дванаццаць месяцаў ацанілі адзнакай, прынамсі, “добра”…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"